Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхайлаў: ЭГУ спрыяе інтэграцыі Беларусі ў Эўропу


Сёньня ў Вільні – першы вечар Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту (ЭГУ), на які зьбяруцца выпускнікі менскага і віленскага пэрыядаў, якіх налічваецца амаль 2 000 чалавек. З нагоды 20-гадовага юбілею ўнівэрсытэту на сёньняшнім вечаровым прыёме у віленскай Ратушы (пачатак а 19.00 беларускага часу) разам са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі будзе прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс, а таксама навукоўцы і дыпляматы з розных краін.

Напярэдадні міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс адзнычыў, што ЭГУ рыхтуе будучае пакаленьне Беларусі і дае надзею на стварэньне ў гэтай краіне адкрытага грамадзтва, якое будзе грунтавацца на лібэральных і дэмакратычных каштоўнасьцях.

Анатоль Міхайлаў
Анатоль Міхайлаў
​«Я адчуваю гонар за тое, што наш унівэрсытэт, створаны ў далёка ня самым спрыяльным асяродзьдзі, які перажыў няпростыя складаныя часы, у тым ліку і драматычныя падзеі ў часе закрыцьця, па-ранейшаму працягвае сваю працу, здолеў аднавіць сябе ў Вільні, разьвівае свае міжнародныя кантакты і спрыяе таму, дзеля чаго ён быў створаны некалі ў Беларусі: інтэграцыі нашай краіны, Беларусі, у эўрапейскую прастору», – сказаў рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў сёньня ў інтэрвію радыё Свабода.

«Думаю, што гэта найгалоўнейшае па вялікім рахунку дасягненьне ЭГУ. Было вельмі шмат цяжкасьцяў, але гэта паказьнік жыцьцяздольнасьці калектыву ўнівэрсытэту, яго студэнтаў, супрацоўнікаў, адміністрацыі, і гэта насамрэч тое, чым я ганаруся», – дадаў рэктар ЭГУ.

Цягам юбілейных імпрэзаў, якія не абмяжоўваюцца адным днём, – сустрэчы, конкурсы, прэзэнтацыі новых ініцыятываў для выпускнікоў ЭГУ, такіх, да прыкладу, як клюбы выпускнікоў.

Маглі б рабіць і лепш, але галоўнае, што ЭГУ жыве і разьвіваецца


«Я не пераацэньваю тое, што мы робім, мы маглі б рабіць і лепш, – адзначыў рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў. – ЭГУ пастаянна разьвіваецца, жыве новымі ініцыятывамі, шукае і спрабуе новыя шляхі і шмат у чым зьяўляецца першапраходцам для беларускай вышэйшай адукацыі і акадэмічнага жыцьця. Вось цяпер толькі ў часе сустрэчы і размовы з выпускнікамі была створаная Асацыяцыя выпускнікоў ЭГУ. Гэта прыклад нараджэньня не зусім звыклай для Беларусі салідарнасьці выпускнікоў адной alma mater, узаемнай падтрымкі, абмену інфармацыі, гэта традыцыя, якой так не ставала для беларусаў. Цяпер гэта нарадзілася і аформілася у нешта накшталт клюбу выпускнікоў».

Андрусь Храпавіцкі
Андрусь Храпавіцкі
«Традыцыя клюбаў выпускнікоў у постсавецкіх краінах, і ў Беларусі, фактычна адсутнічае. ЭГУ будзе разьвіваць гэтую традыцыю, – сказаў адзін з ініцыятараў, Андрусь Храпавіцкі. – Цяпер была першая такая вялікая сустрэча выпускнікоў у Вільні, першы «home coming», як гэта называюць звычайна ў Штатах, калі выпускнікі наведваюць сваю alma mater. Спадзяемся, такія сустрэчы будуць рэгулярнымі. Паўгода таму такая сустрэча была ў Менску. Спадзяемся, што выпускнікі будуць надалей кантактаваць, сустракацца, рэалізоўваць разам новыя ініцыятывы і таксама падтрымліваць свой унівэрсытэт».

Выпускнікі ЭГУ: салідарнасьць і дапамога


«Мы ініцыявалі ня так даўно стыпэндыю для пасьпяховых студэнтаў ЭГУ і сродкі на яе зьбіраюцца сярод выпускнікоў ЭГУ. Я думаю, гэта вельмі істотна, каб такія ініцыятывы, такая дзейнасьць разьвівалася і працуем у гэтым кірунку», – распавеў Андрусь Храпавіцкі, які скончыў магістратуру ў амэрыканскім Унівэрсытэце Паўночнай Караліны, а пасьля вяртаньня на радзіму пачаў рэалізоўваць розныя праекты ў галіне мэдыя і палітыкі і грамадзянскай актыўнасьці (у іх ліку vestki.info, elect.by, credit.by) і цяпер стаў каардынатарам сувязяў з выпускнікамі ў ЭГУ.

Сёньня у 19 гадзін у віленскай Ратушы адбудзецца ўрачысты прыём, які адкрые прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс – кульмінацыйны момант першага вечару сустрэчы выпускнікоў ЭГУ ў Вільні, на якую запрошаныя ўсе выпускнікі.

ЭГУ быў заснаваны ў 1992 годзе ў Беларусі. У 2005 годзе, пад ціскам уладаў унівэрсытэт быў закрыты і пачаў дзейнічаць як унівэрсытэт у выгнаньні ў Вільні. У цяперашні час ў ЭГУ навучаюцца 1800 студэнтаў, бальшыня зь іх – грамадзяне Беларусі. Колькасьць студэнтаў унівэрсытэту з моманту выгнаньня павялічылася ў 10 разоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG