Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю 29 красавіка віленскія беларусы запрашаюць беларусаў-менчукоў пабываць у Вільні і наведаць дзьве экскурсіі «Па беларускай Вільні».

Беларусаў на гэтых выходных у Вільні будзе багата як ніколі: аншляг чакаецца на забароненых у Менску канцэртах «Крамбамбулі», сотні людзей возьмуць удзел у выязным гарадзкім арыентаваньні «Адрыў», што ладзіцца супольна з ЭГУ.

На аглядную экскурсію па беларускіх мясьцінах цэнтру Вільні запрашае Валянцін Стэх. Ён правядзе ахвочых ад Вострай брамы да вежы Гедыміна, пакажа славутыя Базыльянскія муры, якія памятаюць 7 вякоў беларускай гісторыі, друкарню Францішка Скарыны, дзе амаль 500 гадоў таму сышлі з варштату першыя беларускі друкаваныя кнігі. Экскурсія распачнецца каля Вострай Брамы а 12:00.

А 16:00 каля галоўнага ўваходу ў чыгуначны вакзал сустракаюцца ахвочыя патрапіць на экскурсію ў вядомы нэкропаль — могілкі Роса — зь Людвікай Вітушкай. Разам зь ёй беларусы змогуць наведаць магілы, даведацца пра жыцьцёвы шлях ды ўшанаваць памяць знакамітых дзеячаў беларускай гісторыі — такіх, як браты Іван і Антон Луцкевічы, літаратары Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) і Ўладзіслаў Сыракомля, ксёндз-паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, археоляг і гісторык Яўстах Тышкевіч, гісторык Яўхім Лялевель ды многія іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG