Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўская ПК-17 як «паказальная» калёнія для палітвязьняў


Шклоўская папраўчая калёнія № 17 была ўтвораная ў лютым 1980-га. Ад 1993-га на тэрыторыі калёніі дзейнічае шматпрофільнае прамысловае прадпрыемства РУН-17.

Вязьні занятыя ў абутковай прамысловасьці, вырабляюць тратуарную плітку, бардзюры, сетку-рабіцу, цьвікі, працуюць на дрэваапрацоўцы. На заказы насельніцтва робяць драўляныя зрубы для дамоў, дач, лазьняў і іншых дапаможных памяшканьняў.

Ад 2005 на тэрыторыі калёніі дзейнічае праваслаўная царква. Храм узводзілі тры гады за кошт ахвяраваньняў супрацоўнікаў установы, а таксама асуджаных ды іхніх сваякоў.

Адрас калёніі: 213004, Магілёўская вобласьць, г. Шклоў, пас. Маладзёжны

Тэлефоны: 8 (022 39) 3-10-34, 8 (022 39) 3-09-77

Начальнік ПК: палкоўнік Ермаліцкі Сяргей Уладзімеравіч. (У кастрычніку 2011 году яму адмоўлена ва ўезьдзе ў краіны ЭЗ за нялюдзкае абыходжаньне зь вязьнямі і перасьледаваньне Міколы Статкевіча. Рашэньнем кіраўніцтва ЭЗ ад 24 сакавіка 2012 году візавыя санкцыі за ціск на палітвязьняў, пазбаўленьне іх права на перапіску, пагрозы, каб атрымаць «прызнаньні» і г.д. пашыраныя таксама на Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава — гэта людзі з адміністрацыі калёніі.)

Паводле афіцыйных зьвестак, ва ўстанове ўтрымліваецца ў сярэднім каля 1,5 тысячы асуджаных. Як правіла, гэта першаходы.

Сярод знаных сядзельцаў — высокія дзяржчыноўнікі: экс-кіраўнік Беларускай нацыянальнай тэлекампаніі Ягор Рыбакоў ды экс-пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір.

Тут сядзелі і сядзяць палітвязьні — Зьміцер Дашкевіч (сядзеў у 2006–2007), кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Мікола Статкевіч (у лютым 2011-га пераведзены ў крытую Магілёўскую турму), удзельнікі падзеяў на Плошчы: Алег Гнедчык, Аляксандар Класкоўскі, Уладзімер Лобан, Дзьмітры Новік (іх вызвалілі ўвосень 2011-га пасьля прашэньняў аб памілаваньні), фігурант па справе замаху на будынак КДБ у Бабруйску Арцём Пракапенка (сёлета ў красавіку пераведзены ў Магілёўскую ПК-15), фігурант па справе замаху на маёмасьць расейскай амбасады ў Менску Мікола Дзядок (утрымліваецца ў Шклове з красавіка 2012-га, пераведзены з ПК-15).


Асуджаныя калёніі рыхтуюцца да спартакіяды( здымак: восень-2011). Фота з газэты «Ударны фронт».

ПК і «бацька»


Большасьць былых сядзельцаў называюць шклоўскую ПК «паказальнай калёніяй». Праўда, у горшым сэнсе гэтага слова. Некаторыя тлумачаць рэпутацыю надзвычайнай увагай кіраўніка дзяржавы менавіта да гэтай установы. Кажуць, што летась пасьля наведваньня Лукашэнкам Шклоўшчыны і ягонай прамовы пра асуджаных за Плошчу ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў ператварыліся ў невыносныя. Магчыма, для такой «паказальнасьці» ёсьць і іншыя прычыны.

Сьвятлана Калінкіна ў сваім блогу ў ЖЖ прыводзіць споведзь чалавека, які прыйшоў у «Народную волю». Падставай стала кніга Валера Карбалевіча пра прэзыдэнта Лукашэнку і пра невядомыя факты зь ягонай працоўнай біяграфіі, у тым ліку і пра турэмную дзейнасьць. Наведнік рэдакцыі сьведчыў, што сядзеў у Шклоўскай калёніі і «вось адтуль і запомніў Лукашэнку».

«Вы пішаце, што ён вешаўся, што з калёніі звольнены быў са скандалам. Але ня пішаце — зь якім? — адзначыў колішні асуджаны. — А я вам раскажу, я тады сядзеў, я яго памятаю. Яго злавілі на тым, што ён праносіў у калёнію і прадаваў зьняволеным гарбату. Пра чыфір і ўсякія такія справы, спадзяюся, чулі. Гэта ў тыя часы было падобна да гандлю наркатой. Вось яго і паперлі, хоць маглі і судзіць. У мяне і іншыя сьведкі ёсьць, якія яго запомнілі…»

Алег Гнедчык: «Пасьля паездкі прэзыдэнта ў Шклоў для палітычных стварылі невыносныя ўмовы»


Алег Гнедчык
Алег Гнедчык
Як кажа былы шклоўскі палітвязень Алег Гнедчык, да сярэдзіны лета ён, а таксама іншыя асуджаныя за Плошчу, зь якімі ён мог кантактаваць на зоне — Уладзімер Лобан ды Дзьмітры Новік адчувалі сябе гэтаксама, як і астатнія вязьні. Але пасьля прыезду ў Шклоў Аляксандра Лукашэнкі і ягонай палымянай прамовы пра «палітычных» ўсе яны заўважылі ўжо іншае стаўленьне да сябе з боку адміністрацыі. Пачаліся праблемы: што далей, то болей. Чапляліся літаральна да кожнай драбніцы.

«Ты не пагаліўся, гузікі ня ўсе зашпіліў». Пачаліся самыя розныя прычэпкі. Быў пэўны прэсінг, каб зрабіць з нас парушальнікаў, каб у нас было менш спатканьняў, кантактаў з воляй і г.д.».

Паводле Дзьмітрыя Новіка, які да прысуду за ўдзел у падзеях 19 сьнежня меў зусім іншы «турэмны досьвед» (праходзіў тэрміновую службу ў папраўчай установе ў Навасадах, займаўся аховай ПК і этапаваньнем вязьняў), да палітзьняволеных увага ўсё ж падвышаная:

«Яны — прадмет гандлю, а таму характар ды маштабы прэсінгу залежаць ад абставінаў. Усё нашмат горш, чым са звычайнымі вязьнямі, у дачыненьні да якіх кантралёры парушаюць усе інструкцыі, якія толькі ёсьць».
Кантралёры-кантрактнікі дазваляюць сабе рэчы, якія паводле інструкцыі не дазволеныя. Гэта няспынная лаянка матам, стаўленьне да асуджаных як да быдла..

«У шклоўскай калёніі, — працягвае Дзьмітры, — я зьвярнуў увагу, што кантралёры-кантрактнікі дазваляюць сабе рэчы, якія паводле інструкцыі не дазволеныя. Гэта няспынная лаянка матам, стаўленьне да асуджаных як да быдла. Гэта тое захапленьне ўладай над чалавекам, якое ўласьцівае глыбока неадукаваным людзям і тым, хто ня мае аніякага права голасу ў сваёй сям’і. Пасьля вызваленьня я ў гэтай сувязі зьвярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне ўнутраных войскаў. Мяне выклікалі туды на інтэрвію, і я адзначыў нізкую культуру ахоўнікаў, іхнія недапушчальныя паводзіны, тое, што менавіта кантралёры на зоне найчасьцей робяцца генэратарамі канфліктаў. Са мной пагадзіліся».

Дзьмітры кажа, што нягледзячы на ўсе выгоды — добрыя заробкі, добрую пэнсію ў 45 гадоў — ён ніколі б не пайшоў працаваць у пэнітэнцыярную сыстэму. «Нармальны чалавек у тых умовах доўга не пратрымаецца. Гэта ўсё адбіваецца на псыхіцы. Нават ня мае значэньня, у якой канкрэтна сфэры чалавек працуе».

Дзьмітры Новік пра выпраўленьне працай і клетку


З артыкула ў шклоўскай райгазэце «Ударный фронт», прысьвечанага 30-годзьдзю шклоўскай ПК, люты 2010.

Падпалкоўнік унутранай службы Аляксандар Галынец піша:

«Асаблівая роля ў станаўленьні ўстановы сёньня належыць выхаваўчаму працэсу, людзям, якія знаходзяцца на перадавым фронце па перавыхаваньні тых, хто спатыкнуўся. У калёніі створаныя ўсе неабходныя ўмовы для працоўнай занятасьці асуджаных».

Паводле былых асуджаных, працоўная занятасьць у калёніі ў лепшым выпадку разьлічаная на палову сядзельцаў, шмат на якіх участках яе часта не было ўвогуле. Аднак для палітвязьняў працу заўсёды знаходзілі.

Дзьмітры Новік
Дзьмітры Новік
Дзьмітры Новік: «Дакладна ведаю: афіцэры ўнутранай службы выклікалі да сябе і брыгадзіраў, і начальнікаў цэхаў, і казалі ім: гэтым палітычным трэба пастаянна даваць працу. Самі ж афіцэры сядзелі ля відэакамэраў і кантралявалі працэс. Калі не было канкрэтнай працы, нам падкідалі заданьні іншых. Хто адмаўляўся, таго саджалі ў клетку (дзесьці на 10 кв. мэтраў) пад адкрытым небам. Клетка ля аднаго з КПП. Чалавека маглі пасадзіць туды на цэлы дзень пры любым надвор’і: у дождж, сьнег, у сьпякоту. Ніякай ежы-піцьця. Людзей забіралі адтуль толькі ўвечары. Усё ў выхаваўчых мэтах. Хоць у крымінальна-выканаўчым кодэксе РБ мне так і не ўдалося знайсьці палажэньня адносна такіх мераў. Мне здаецца, гэта выключна шклоўская вынаходка. І выкарыстоўвацца яна будзе, на жаль, доўга. Паколькі органам, якія павінны займацца кантролем, па вялікім рахунку ўсё роўна. Я і іншыя хлопцы зьвярталіся са скаргамі ў пракуратуру і атрымалі з гэтай нагоды адпіскі».

«Усё, што здарылася са Статкевічам, — гэта частка нейкай гульні»



Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
І Дзьмітры, і Алег, і іншыя палітвязьні згаджаюцца, што найцяжэй у Шклове было Міколу Статкевічу. Тое, што адбылося зь ім потым — дысцыплінарныя ізалятары, крытая турма ў выніку надуманых парушэньняў — гэта ўсяго толькі частка нейкай гульні, лічаць хлопцы.

У ПК-17 яго ставілі на самую цяжкую працу ў калёніі — на пілараму. Гэта было зроблена невыпадкова. Усе кантакты паміж Статкевічам ды іншымі палітвязьнямі жорстка спыняліся.
Статкевіч быў старэйшы сярод палітвязьняў, аднак менавіта яго кінулі на самую цяжкую працу.

Гнедчык: «Нам забаранілі ўсялякія кантакты зь ім. Даходзіла да маразму. З таго, чым кармілі ў калёніі, есьці можна было толькі хлеб. Аднойчы хтосьці зь сядзельцаў вырашыў пачаставаць Статкевіча і перадаў яму кавалак кавуна. Кантралёры ж прыбеглі да нас і пачалі дапытвацца: хто перадаў яму кавун?»

Новік: «Нам пэрыядычна нагадвалі пра гэта. Таксама рабілася ўсё, каб не адбылося выпадковых кантактаў. Мы ў розны час хадзілі ў лазьню. Жорстка кантралявалася тое, каб мы не перасякаліся на прамысловай зоне, у сталоўцы і г.д. Статкевіч быў старэйшы сярод палітвязьняў, аднак менавіта яго кінулі на самую цяжкую працу».

Зь лістоў Міколы Статкевіча са шклоўскай ПК


Зь ліставаньня з Гаравым

На прэсінг, які ўжываўся ў дачыненьні да Статкевіча ў Шклоўскай калёніі, сам палітвязень ускосна намякае ў тых нешматлікіх лістах, якія дайшлі з калёніі на волю. Так, у лісьце да грамадзкага актывіста Леаніда Гаравога ён напісаў пра ўмовы ўтрыманьня ў дысцыплінарным ізалятары: «Адмысловая камэра ПКТ — з мокрымі сьценамі, без прытоку сьвежага паветра і ў паўзмроку». Статкевіч адзначаў, што апошнія месяцы ў ПК-17 яго вельмі моцна «круцілі», каб «папрасіўся», што пакаяньне ў яго моцна «выціскалі» любым магчымым шляхам — хіба што «толькі дустам не спрабавалі».

Падчас працы на пілараме — дарэчы, згодна з працоўным заканадаўствам на такой вытворчасьці могуць быць занятыя маладыя, фізычна здаровыя мужчыны, — Мікалай Статкевіч атрымаў цяжкую траўму левай рукі. Рука доўга ня дзейнічала. Аднак пасьля лячэньня ў мэдсанчастцы адміністрацыя ПК палічыла, што асуджаны можа працягваць займацца той жа працай, адно што зь меншай нагрузкай на левую руку.

Зь ліставаньня з дачкой Кацярынай, лістапад 2011.

«У мяне ўсё нармальна. З пачатку лістапада прызнаны цалкам працаздольным і працягваю працаваць на пілараме. Рука трохі пабольвае, але да канца месяца, спадзяюся, будзе ў норме. На працы цягаю дошкі і брусы, а таксама пілую дошкі нажоўкай».
Ліст Міколы Статкевіча да дачкі Кацярыны
Ліст Міколы Статкевіча да дачкі Кацярыны


Марына Адамовіч: «Мікола працаваў у сланцах, тэхніка бясьпекі ўвесь час парушалася»

«Тое, што там парушалася тэхніка бясьпекі — гэта відавочна», — кажа жонка Статкевіча Марына Адамовіч:

«Мяркуйце самі, чалавек, які мае траўму рабрыны, мусіць працаваць зь вялізнымі бярвёнамі. На нагах у яго гумовыя сланцы. Пра ўсё астатняе я магу толькі гадаць, бо гэта старанна хавалася».

Марына расказвае, што атрад, дзе ўтрымліваўся Статкевіч, складаўся пераважна з маладых хлопцаў дзесьці гадоў да 30-ці. Гэта тыя, хто паводле сваіх фізычных паказчыкаў мог працаваць на пілараме.

«Траціна тых маладых, здаровых, працаздольных бугаёў, аднак, увогуле не працавала. Для Міколы ж праца была заўсёды. Адпаведна выбіралі для яго і бытавыя ўмовы ўтрыманьня. У тым атрадзе, дзе ён знаходзіўся, былі розныя сэкцыі. Напрыклад, лепшая — на 30 ложкаў. Мікола знаходзіўся там, дзе было 100 ложкаў. Увесь час побач зь ім былі ахоўнікі. Каб аніякіх непрадбачаных залішніх кантактаў. Перад імі стаяла задача зламаць Статкевіча, і яны рабілі ўсё, што маглі».

Жонка Статкевіча Марына кажа, што ня ведае дэталяў прэсінгу, які чыніўся ў Шклове над яе мужам — настолькі абмежаваныя былі іх кантакты. У Шклове яны бачыліся ўсяго 20 гадзін. Працяглае спатканьне, якое адміністрацыя скараціла амаль утрая, далі з прычыны доўгачаканага дазволу на шлюб.

Сёлета Марына мае шанец убачыць свайго мужа ўжо ў Магілёўскай калёніі. Другі раз за час яго зьняволеньня. Спатканьне, на якое яна паедзе разам з бацькам Статкевіча — Віктарам, працягнецца ўсяго пару гадзін. Гаварыць будуць праз шкло. Па чарзе ў адну слухаўку.

Як вынікае зь лістоў Статкевіча, ён не разьлічвае на амністыю.Прасіць памілаваньня ў прэзыдэнта не зьбіраецца.

Год пасьля выбараў: турма Міколы Статкевіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк

Як вымагаюцца прашэньні аб памілаваньні


Алег Гнедчык быў вызвалены з калёніі 1 верасьня. Дзьмітры Новік, Аляксандар Класкоўскі, Уладзімер Лобан — 14-га. Вызваленьне адбылося пасьля таго, як большасьць напісала прэзыдэнту прашэньне аб памілаваньні. Паводле Класкоўскага, ён такога прашэньня не пісаў.

Гнедчык: «Дзесьці пры канцы лета ў Шклоў прыехала абласное начальства — сілавікі з Магілёва — і правялі з намі гутарку, каб мы прасілі аб памілаваньні. Мы ўсе напісалі. Сэнс напісанага намі быў такі: мы незаконна асуджаныя і просім нас выпусьціць. Гэта прапаноўвалася ўсім, акрамя Статкевіча».

У адным з інтэрвію адразу пасьля вызваленьня Аляксандар Класкоўскі расказваў, што, вымагаючы прашэньне, адміністрацыя абяцала ім крайнія меры, аж да сэксуальнага гвалту.
Некаторым „блатным“ даручаць пастаянна зьдзекавацца зь цябе, што ты „пятух“, што ты недатыкальны, што ты ня можаш сядзець разам зь іншымі за агульным сталом, што тваё месца ля парашы.

Пра гэта сьведчыць і Дзьмітры Новік: «Мы ўсе сутыкнуліся з гэтым 10 верасьня. Перад тым як нас выпусцілі. Гэта была для нас апошняя, па-мойму пятая, з боку адміністрацыі прапанова напісаць прашэньне аб памілаваньні. Са мной гэта было так: мяне выклікалі ў штаб — там я ўбачыў Класкоўскага, а ў адным з кабінэтаў у той момант знаходзіўся і Лобан. Нам сказалі, што сытуацыя сур’ёзная, а таму ёсьць карт-блянш на свабоду дзеяньняў у гэтым пляне. Было відавочна, што афіцэры не жартавалі. А потым ужо асуджаныя, якія там сядзелі, пацьвердзілі, што сытуацыя вельмі сур’ёзная. Тое, што мы падпісалі прашэньне, гэта быў правільны выбар… На самой справе, вельмі лёгка трапіць у статус „пакрыўджаных“ ды „апушчаных“. А выбрацца назад — ужо немагчыма. Гэта сур’ёзная псыхалягічная траўма. Гэта не абавязкова зьвязана з сэксуальным гвалтам. Але некаторым „блатным“ даручаць пастаянна зьдзекавацца зь цябе, што ты „пятух“, што ты недатыкальны, што ты ня можаш сядзець разам зь іншымі за агульным сталом, што тваё месца ля парашы. Прыкладна тое ж стаўленьне, што і да тых злачынцаў, якія зьдзейсьнілі жорсткі сэксуальны гвалт. Як вынікала з рэпартажу на БТ, зьдзекавацца падобным чынам загадалі зь Дзімы Дашкевіча і Андрэя Саньнікава».

«Цяпер прашэньне аб памілаваньні ўсяляк „выбіваюць у майго сына“, — распавёў Свабодзе» бацька нядаўна пераведзенага з Магілёва ў Шклоў палітвязьня Міколы Дзядка — Аляксандар Дзядок. У мінулым судзьдзя Аляксандар даведаўся пра гэта ад самога Міколы, калі той патэлефанаваў дадому. У кароткім спатканьні з бацькамі ўжо ў ПК-17 палітвязьню адмовілі.

Дзякуй, «Свабода»!


Падчас нашай размовы Дзьмітры Новік просіць перадаць праз «Свабоду» прывітаньне тым хлопцам, якія знаходзяцца за кратамі, прычым незаконна.

«Хацеў бы перадаць прывітаньне тым, хто мяне памятае і ўсё яшчэ ўтрымліваецца ў няволі. Удачы ім, здароўя і цярпеньня! Таксама хачу сказаць, што Радыё Свабода — гэта такі глыток паветра ў калёніі. Вельмі важная інфармацыя для асуджаных і іх родных».

Алег Гнедчык таксама распавядае, як у свой час дапамагло яму наша радыё:

«Нейкі час лісты да мяне не даходзілі, і падчас тэлефоннага званка я сказаў пра гэта маці. Яна патэлефанавала на Радыё Свабода. Пасьля таго як там пра гэта паведамілі, лісты пайшлі. З Украіны, Эўропы, Штатаў. Ад родных і ад зусім незнаёмых. Усюды словы падтрымкі: трымайцеся, хлопцы, мы з вамі. Яшчэ дасылалі лекі, яшчэ грошы. На рахунку глядзіш — грошы, зусім ад незнаёмых людзей прыйшлі».

З прычыны закрытасьці беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы нашы зьвесткі пра папраўчую ўстанову, на жаль, ня могуць быць поўнымі. Вельмі разьлічваем на інфармацыю наведнікаў сайту, якія або самі адбывалі пакараньне, або маюць сваякоў ды блізкіх сярод асуджаных. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны. Вы можаце дадаць сваю інфармацыю ў камэнтарах да гэтага артыкулу.

НАВАПОЛАЦКАЯ «ДЗЯСЯТКА». АЛІНЕВІЧ І СУСЕДЗІ

МАГІЛЁЎСКАЯ ПК-15. ВЯЗЬНІЦА БАНДАРЭНКІ І ДЗЯДКА

БАБРУЙСКАЯ "ДВОЙКА". ПРЫСТАНАК БЯЛЯЦКАГА

ГЛЫБОЦКАЯ КАЛЁНІЯ №13. ВЯЗЬНІЦА ДАШКЕВІЧА

ВІЦЬБА-3

МАГІЛЁЎСКАЯ ЧАЦЬВЁРКА

ГАРАДЗЕНСКАЯ ТУРМА. ЧАСТКА 1

ГАРАДЗЕНСКАЯ ТУРМА. ЧАСТКА 2
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG