Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвяточныя турэмныя «буцікі», смажаны гусак і падарункі беларускай царквы


Наша праграма віншуе з Калядамі ды Новым годам усіх тых, хто цяпер знаходзіцца ў няволі, а таксама сваякоў і блізкіх гэтых людзей! Жадаем, каб у наступным 2012 вы сустрэлі гэтыя сьвяты разам!

«Калі зьдзекуюцца з палітвязьняў, то як жа абыходзяцца з астатнімі зьняволенымі?!»

Агляд пошты: Грамадзянскія жонкі, змаганьне з распустай і шлюб за кратамі

А таксама: Як сьвяткуюць каляды ў турмах ЭЗ і Беларусі:

Зваротная сувязь


​Агляд допісаў ў праграму пачнём зь віншаваньня. Яго аўтар — Андрэй, які нядаўна вызваліўся з адной зь беларускіх калёній. Дзякуючы падпольнаму мабільніку, ён, паводле ягоных словаў, нярэдка заходзіў на сайт «Свабоды» яшчэ седзячы ў зоне.



«Зэк, які хоча справакаваць палітвязьня укаранёны памочнік сілавікоў»


«Хачу падзякаваць вам за тое, што вы неабыякавыя ня толькі да лёсу палітвязьняў, але і іншых кінутых за краты нікому не вядомых людзей, якія штодня адваёўваюць сабе права быць свабоднымі ў вязьніцах, — піша Андрэй. — Бяз вашай інфармацыйнай падтрымкі, а таксама без інфармацыйнай падтрымкі выданьняў „Народная воля“, „Наша ніва“, „Новы час“, якія прыходзяць да людзей за кратамі, гэтая сыстэма яшчэ б доўга працягвала патаемна катаваць людзей у бэтонных казэматах.


І яшчэ... У шэрагу СМІ была інфармацыя пра тое, што ў асобных калёніях існуюць напружаныя ўзаеміны між палітычнымі і асобнымі крымінальнікамі, што з боку гэтых крымінальнікаў зыходзіць небясьпека ў дачыненьні да палітычных. Такое можа быць. Аднак у большасьці асуджаных палітвязьні карыстаюцца сапраўднай падтрымкай — ад маўклівага разуменьня да канкрэтнай дапамогі. Тыя, якія хочуць справакаваць палітвязьняў, зьяўляюцца ўкаранёнымі ў нашыя шэрагі памочнікамі сілавых органаў, салдатамі рэжыму Лукашэнкі. І калі яны паспрабуюць нанесьці хоць нейкую шкоду палітзьняволеным, паверце мне, іх разарвуць тут жа на зоне самі зэкі. Жыве Беларусь!».

Яшчэ адно віншаваньне, адрасаванае жонцы і дачцэ Міколы Аўтуховіча ад землякоў палітвязьня.


«Мілыя Алена і Каця! Я ў захапленьні ад вашай мужнасьці. Трымайцеся! Дай Бог вам моцы! Жадаю, каб у Новым годзе ваша сям’я была разам, і каб месца Мікалая занялі тыя, з-за каго ён сёньня так моцна пакутуе. Верым, што імем вашага мужа і бацькі назавуць вуліцы ў Ваўкавыску. На такіх людзях, як Мікалай, трымаецца наша зямля!»


Часьцей зьмяшчайце фота Аўтуховіча пры баявых узнагародах


Аўтары іншых допісаў выказваюць занепакоенасьць што да стану здароўя Мікалая Аўтуховіча. Адзін зь іх, сам сядзелец Івацэвіцкай калёніі, мяркуе, што асаблівы прэсінг адміністрацыі ў дачыненьні да палітвязьня стаў чыніцца пасьля таго, як з калёніі на сайт «Свабоды» трапіў ліст да Аўтуховіча ад амэрыканскага кангрэсмэна Шымкуса:


«Цягам апошніх двух месяцаў адміністрацыя калёніі двойчы карала асуджанага ўтрыманьнем у штрафным ізалятары, а цяпер засадзіла на месяц у памяшканьне камэрнага тыпу. Тое, што 11 сьнежня Аўтуховіч «ускрыўся», а перад гэтым таксама правёў галадоўку ў ШЫЗА, азначае, што ў яго не было іншага выбару. Калі ў няволі хочаш захаваць годнасьць, мусіш быць гатовым да ўчынкаў у экстрэмальных умовах. А прэсінг, які апошнім часам чыніцца ў дачыненьні да яго адміністрацыяй калёніі занадта вялікі. Мянты выкарыстоўваюць пры гэтым самыя розныя сродкі.


Адзін з прыкладаў. Ведаючы шчырасьць і абвостранае пачуцьцё справядлівасьці гэтага чалавека, за парадамі да Аўтуховіча зьвяртаюцца самыя розныя асуджаныя. Потым самі ж яго і падстаўляюць... Жорстка зьбіты мянтамі Т. папрасіў Мікалая дапамагчы скласьці скаргу ў ДВП, пракуратуру, СМІ.

Ведаючы шчырасьць і абвостранае пачуцьцё справядлівасьці гэтага чалавека, за парадамі да Аўтуховіча зьвяртаюцца самыя розныя асуджаныя. Потым самі ж яго і падстаўляюць...

Калі да справы падключыліся праваабаронцы „Плятформы“, выкліканы на размову да начальства калёніі Т. адмовіўся ад сваіх словаў. Маўляў, гэта Мікалай навучыў яго лжэсьведчыць. Гэта і стала падставай для пакараньня Мікалая штрафным ізалятарам. У мяне прапанова, каб незалежныя сайты часьцей зьмяшчалі фота Аўтуховіча, дзе ён пры баявых узнагародах. Каб яшчэ раз нагадаць катам, з кім яны маюць справу».


Асуджаны Івацэвіцкай калёніі ўзгадвае таксама і іншыя эпізоды. Яго нататкі будуць апублікаваныя пазьней на нашым сайце.


Яшчэ адзін допіс:


«На жаль, усе гэтыя паведамленьні, якія з такой цяжкасьцю трапляюць на волю, сустракаюць куды менш камэнтароў ды водгукаў, чым артыкулы пра ўкраінскіх фэміністак, піша Юры. Мы ўсе абураемся самаўпраўствам беларускіх уладаў над гэтымі жанчынамі, але куды менш рэагуем на тое, што робіць гэты рэжым у месцах пазбаўленьня волі. Калі зьдзекі чыняцца з палітвязьняў, то што ж адбываецца з астатнімі зьняволенымі. Асабіста мне становіцца жудасна, калі я ўяўляю гэтыя зьдзекі».








Грамадзянскія жонкі, змаганьне з распустай і шлюб за кратамі


«Чаму наведваць каханага чалавека можна толькі са штампам у пашпарце?»


Пра гэта пытаецца жыхарка Менску Святлана. У бабруйскай калёніі адбывае пакараньне яе каханы Сяргей. Святлана не разумее, на чым заснаваныя маральныя прынцыпы беларускай дзяржавы.


«Адзін з супрацоўнікаў турэмнай адміністрацыі патлумачыў мне, што гэткім чынам у папраўчых установах нібыта змагаюцца з распустай. Маўляў, раней нярэдка здаралася такое, калі мужык замест таго, каб здавольвацца адной жанчынай, якая езьдзіць да яго ды чакае, пачынаў шукаць разнастайнасьці. У выніку яго магла наведваць як законная жонка, так і пара-тройка каханак. А што ж тады вартаўнікі маральнасьці ня ўбачаць паралеляў на волі? Сам кіраўнік дзяржавы адкрыта дэманструе ня толькі суайчыньнікам, але і ўсяму сьвету сваё імкненьне да разнастайнасьці.


Ці ня думаюць вартаўнікі маральнасьці і пра тое, што пры забароне маладым мужчынам кантактаў з супрацьлеглым полам можа ўзьнікнуць іншая распуста. Маю на ўвазе такія мужчынскія турэмныя гульні як „апушчэньне“, сэксуальны гвалт.


У мяне толькі два спосабы ўбачыць каханага: выходзіць за яго замуж або рэгулярна кідацца ў ногі начальніку папраўчай калёніі, каб папрасіцца на кароткае спатканьне. А што такое кароткае спатканьне праз шкло і тэлефонную слухаўку ў параўнаньні з магчымасьцю трое сутак пабыць удваіх з дарагім табе чалавекам. Чула, што ў турмах цывілізаваных краінаў для таго, каб атрымаць спатканьне, блізкім людзям зусім не патрэбныя штампы ў пашпартах. Можа, там мараль горшая за беларускую?»


Марына Адамовіч: «Мы шчасьлівыя, што пабачылі адзін аднаго»


Марына Адамовіч ля калёніі.

Марына Адамовіч ля калёніі.

Рэгістрацыя шлюбу палітзьняволенага Міколы Статкевіча зь яго нявестай Марынай Адамовіч 20 сьнежня стала сёлета другой па ліку рэгістрацыяй шлюбу сярод асуджаных за Плошчу. Летам падобнае вясельле ладзілі палітвязень Павал Вінаградаў і яго нявеста Сьвятлана Гарахавік.

Зразумела, што падобнае вясельле праходзіць бяз воклічаў: «горка», на ім не прысутнічаюць ані сьведкі з боку жаніха ды нявесты, ані блізкія маладых.

Сама ж працэдура рэгістрацыі шлюбу ў калёніі звычайна доўжыцца хвіліну-другую. І ўжо пасьля гэтай фармальнасьці маладым, як у выпадку з Адамовіч і Статкевічам, дазволяюць пабыць разам за кратамі ажно суткі.


Карэспандэнт: «Як доўга вы змагаліся за рэгістрацыю і ці бачыце вы нейкі знак у тым, што сталі мужам і жонкай напярэдадні калядаў, навагодзьдзя, гадавіны Плошчы?».


Марына Адамовіч: «За гэтую так званую працэдуру мы змагаліся амаль год. Дакумэнты мне прыйшлі з калёніі, заява з завераным подпісам Мікалая Віктаравіча прыйшла 29 лістапада. На заўтра ж я завезла ўсё гэта назад у Шклоў. Рэгістрацыя шлюбаў у калёніі адбываецца адзін раз на месяц — гэта трэці аўторак месяца. Ну, ён якраз прыпаў на дваццатае чысло. Калі там нехта й выгадваў гэта, толькі ня я. Для мяне галоўнае было як мага хутчэй, абы была магчымасьць яго пабачыць».


Карэспандэнт: «Ці адчувалася ў калёніі, што надыходзяць сьвяты?».


Адамовіч: «Нават намёку на сьвята ў гэтых памяшканьнях не было. Нягледзячы на тое, што гэта пакоі для доўгатэрміновых спатканьняў. Мажліва, нехта ствараў сабе настрой там сам, прывозячы навагоднія ўпрыгожваньні. Там не было ўласна кажучы вялікіх памяшканьняў. Там былі толькі „рамка“, нешта накшталт кантрольна-прапускнога пункту. Ды невялікі пакой для агляду рэчаў з двума сталамі, на якім раскладаюцца гэтыя рэчы».


Карэспандэнт: «Супрацоўнікі калёніі ці павіншавалі вас з рэгістрацыяй шлюбу, з надыходзячымі сьвятамі?»


Адамовіч: «Ня буду казаць, бо ў галаве быў вэрхал, таму казаць не магу, але рэчы прынамсі мне дапамаглі вынесьці».


Карэспандэнт: «Ці шчасьлівая вы, што сталі жонкай палітвязьня Статкевіча?»

Адчуваньне шчасьлівасьці, як вы кажыце, мяне ніколі не пакідала. Нават нягледзячы на вось гэтыя мярзотныя ўмовы гэтага году.

Адамовіч: «Адчуваньне шчасьлівасьці, як вы кажыце, мяне ніколі не пакідала. Нават нягледзячы на вось гэтыя мярзотныя ўмовы гэтага году. У дадзеным выпадку ішло змаганьне за права бачыць яго, за права дапамагаць яму, якое ў мяне ўвесь час спрабавалі забраць. Гэты штамп у пашпарце патрэбны быў, каб дапамагчы Мікалаю Віктаравічу».


Карэспандэнт: «А Мікалай Віктаравіч, ці шчасьлівы ён, як лічыце?»


Адамовіч: «У яго і ў мяне было адно адчуваньне. Мы шчасьлівыя, што пабачылі адзін аднаго. Пабачылі адзін аднаго ўпершыню за год, калі не лічыць адзінага спатканьня, якое мы мелі праз шкло ў сьледчым ізалятары КДБ. Мы нібыта працягваем зь ім старую размову. Нібыта нічога гэтага не адбылося й гэтага году не было. Мы вярнулася да нашага дыялёгу. Нібыта вярнуліся да нашага заўсёднага жыцьця».


Пасьля рэгістрацыі шлюбу адміністрацыя першапачаткова дазволіла маладым пабыць разам меней за суткі. Аднак потым усё ж накінула сужэнцам некалькі гадзінаў. Пад брамай калёніі Марыну Адамовіч сустракалі ня толькі журналісты, праваабаронцы «Плятформы», якія дапамаглі ёй зладзіць гэтую паездку, тыя, хто прыехаў павіншаваць яе, але й два дзясяткі міліцыянтаў, супрацоўнікаў калёніі ды людзей у цывільным. Яны, відаць, баранілі турму ад штурму з боку «чужынцаў».


Ці варта людзям з волі наведваць турмы?


Ці варта нашым «вольным» грамадзянам наведваць турмы з экскурсіямі ці дабрачыннымі мэтамі, як гэта робіцца асабліва ў гэтыя перадсьвяточныя дні ў многіх краінах ЭЗ. З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Магілёва.


У турмах іншых краінаў


Калі ўзяць турмы краінаў ЭЗ, то тут Каляды — сьвята, да якога рыхтуецца вялікая колькасьць людзей. Зразумела, самі вязьні, іх сваякі, блізкія, сябры, Таксама сьвятары, турэмны пэрсанал: ахоўнікі, псыхолягі, сацыяльныя пэдагогі, кухары, прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў.

Турэмныя «буцікі» або раздача абутку італьянскім вязьням


Гэтак, у італьянскіх вязьніцах, дзе з-за перапоўненасьці і агульнага скарачэньня фінансаваньня, зьняволеныя сёлета жывуць у больш складаных умовах, чым раней, каталіцкія суполкі гэтымі днямі раздавалі гуманітарную дапамогу арыштантам. У турэмных памяшканьнях уладкоўвалі свайго роду «буцікі». У іх зьняволеныя маглі выбраць сабе абутак, знайсьці неабходнага памеру адзеньне. Людзі за кратамі адчувалі, што яны не забытыя. Асабліва тыя, хто пазбаўлены якой бы то ні было падтрымкі і адчуваюць патрэбу ў рэчах першай неабходнасьці: прадметах гігіены, коўдрах, піжамах, неабходных у гэты зімовы час.


У вязьніцах Нямеччыны — у сьвяточным убраньні капліцы, дзе каталіцкія ды эвангеліскія сьвятары праводзяць літургіі ды спавядаюць арыштантаў, а таксама й розныя турэмныя памяшканьні. Галоўная прыкмета сьвята — упрыгожаныя ялінкі ці ёлачныя галінкі.


Смажаны гусак на стале ў бэрлінскіх вязьняў


Паводле адказнага супрацоўніка Ўпраўленьня юстыцыі ў бэрлінскім сэнаце Міхаэля Канэрта (у мужчынскіх ды жаночых турмах нямецкай сталіцы ўтрымліваецца больш як 4,5 тысячы вязьняў) сёлета, згодна з нацыянальнай каляднай традыцыяй, у мэню турэмных установаў будзе смажаны гусак ці ножка качкі, а таксама калядны пірог «штоле» зь пясочнага цеста з мноствам разынак.


У жаночай турме Ліхтэнбэрг арыштанткам дазволілі самім упрыгожваць плястыкавыя елкі. У большасьці ўстановаў гэта забаронена дзеля вымогаў бясьпекі.

Павіншаваць зьняволеных прыйшлі ня толькі іх сваякі, але таксама і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый. Паводле нямецкіх законаў, за добрыя паводзіны вязьні зь няцяжкімі правапарушэньнямі, як жанчыны, так і мужчыны, могуць увогуле разьлічваць на калядныя вакацыі, каб сустрэць гэтае сьвята дома. Усім іншым дазволеныя спатканьні са сваякамі ў вязьніцах. Звычайна разам зь сямейнікамі яны сумесна рыхтуюць сьвяточную вячэру на турэмнай кухні. Зразумела, пад наглядам супрацоўнікаў папраўчай установы.


Ёсьць і такія вязьні, якія сустракаюць Каляды бяз родных. Тым ня менш, подых гэтага сьветлага сямейнага сьвята яны адчуваюць усё адно. Найперш, дзякуючы калядным пакетам. Гэта прадуктовыя пасылкі вагой да 7,5 кг ад родных, знаёмых ці царквы.


Адзіная катэгорыя, якім забаронена дасылаць запакаваныя перадачы — гэта непаўналетнія злачынцы ці наркаманы. Але і яны таксама ў гэтыя дні не застаюцца без падарункаў.


«У гэтыя сьвяточныя дні ўсім нам важна калі не прыйсьці з хрысьціянскай місіяй да арыштантаў, то хаця б даслаць ім падарункі ў вязьніцы ці проста памаліцца за іх. Каб падтрымаць тых, хто аднойчы аступіўся і чакае нашай падтрымкі», — кажа бэрлінскі пастар Хэльга Кругер.


Каляды ў беларускі турмах


У гэтыя дні ў месцах пазбаўленьня волі дазволены сустрэчы са сьвятарамі, у эпархіях прызначаны тыя, хто ажыцяўляе гэтую місію. Божае нараджэньне, Раство, Каляды — у гэты сьвяточны час вернікі з асаблівым пачуцьцём наведваюць храмы. За кратамі таксама чакаюць сьвятара, каб паспавядацца ці проста пагутарыць з чалавекам з волі.


Што дорыць на Каляды вязьням беларуская царква?


Гарадзенскую турму N1 наведвае ксёндз Валеры Быкоўскі. На пытаньне пра сьвяточныя падарункі для вязьняў, зь якімі ён будзе сустракацца, сьвятар адказаў:


Гарадзенская турма

Гарадзенская турма

«Мы так добра не задумваліся, як там будуць выглядаць нашы падарункі.


У нашай каталіцкай традыцыі гэта, напэўна, аплатка, сымбаль Божага нараджэньня, дзяленьне хлебам, любоўю. Ёсьць такая песьня: трэба дзяліцца верай, як хлебам. Гэта знак, які прыгадвае вігілію, нашу хату, нашых бацькоў. Я думаю, што такая аплатка стане найлепшым падарункам для вязьняў, бо хто нарадзіўся ў каталіцкай традыцыі, ён ведае, што гэта такое. З аплаткай чалавек успамінае самыя мілыя хвіліны свайго жыцьця: дом, сьвечкі, сям’я, пастэрка, набажэнства апоўначы. Мне здаецца, праз гэтую аплатку пяройдзе духоўная атмасфэра гэтых сьвятаў. А з падарункамі трэба яшчэ думаць».


Аплатка зьяўляецца сымбалем Божага нараджэньня, зазначае айцец Валеры. Падкрэсьлім, што сапраўды ствараецца своеасаблівая атмасфэра, калі на Каляды вернікі адламваюць па кавалачку аплаткі, якая сымбалізуе хлеб, і гавораць адзін аднаму пажаданьні на наступны год.


Айцец Валеры: «Я цешуся, што не ва ўсім сьвеце каталіцкім аплаткі ўжываюцца, гэта больш наша ўсходняя традыцыя: Польшча, Літва, Беларусь, можа, Україна. Далей на Захадзе — Італія, Нямеччына, я думаю, так ня разьвіта гэтая традыцыя, а для нас гэта важны сымбаль. Менавіта ў турме чалавек хоча спаткацца з Богам, бо ён надае сілы, напэўна, і ратунак, і дапамогу, каб выйсьці зь цяжкіх хвілінаў свайго лёсу».


Духоўная падтрымка ў калёніях, турмах і на «хіміях»


У Гарадзенска-ваўкавыскай праваслаўнай эпархіі існуе «аддзел па турэмным служэньні». У ім некалькі сьвятароў, яны аказваюць духоўную падтрымку ў калёніях, турмах і пасяленьнях, так званых «хіміях». Старшым турэмным сьвятаром эпархіі зьяўляецца айцец Віктар Каласоўскі, ён жыве ў Ваўкавыску, дзе знаходзіцца калёнія. Якія жаданьні ў тых зьняволеных, што зьвяртаюцца да сьвятара?


Айцец Віктар: «Наведваць праваслаўны храм, спавядацца, прычашчацца, словам, быць паўнацэнным праваслаўным хрысьціянінам. Адбываецца таемства вянчаньня. У нас сьвятары ёсьць у Горадні і Ваўкавыску — у калёніі ПК-11. Прыяжджае нявеста, і мы вянчаем іх. У калёніі ёсьць царква Серафіма Сароўскага, яна раней была дамавой. А цяпер нам аддалі бэтонна-растворны вузел, і яго перарабілі ў царкву. Праўда, пакуль няма купала і крыжа. Але ўсё роўна гэта афіцыйна ўжо царква: унутры прастол стаіць, абсталявана як царква, адбываецца літургія. Кожны дзень там прысутнічае сьвятар».


На літургіі зьбіраецца нават па трыццаць пяць-сорак чалавек, кажа айцец Віктар Каласоўскі:


«Ня ўсе могуць прыйсьці, бо многія працуюць, там тры зьмены. Карацей: па магчымасьці. Яны прыходзяць у царкву для пакаяньня і стараюцца весьці хрысьціянскі лад жыцьця. Словам, яны не сышлі ў нікуды».


Як паведаміў прадстаўнік Гарадзенскай каталіцкай эпархіі айцец Валеры Быкоўскі, у канцы восені ксяндзы таксама пачалі наведваць зьняволеных у Ваўкавыскай калёніі.


​Адказны за візыты ў Гарадзенскую турму ў праваслаўнай эпархіі айцец Ігар Паляшчук:

Зроблены асобны пакой у турме, там абразы ёсьць, і гэты пакой нам на дваіх з ксяндзом.

«У нас установа называецца СТ-1 — турма строгага рэжыму, гэта не калёнія, не пасяленьне і ня „хімія“. Мы падладжваемся таксама пад строгі рэжым: усе знаходзяцца ў камэрах і кантакту паміж зьняволенымі быць не павінна. Для гэтага зроблены асобны пакой у турме, там абразы ёсьць, і гэты пакой нам на дваіх з ксяндзом. У розныя дні тыдня мы наведваем. Агульнага набажэнства, як у калёніі, у нас такога няма і ня будзе, таму што рэжым строгі. Але кожны са зьняволеных, хто мае жаданьне і ў пісьмовай форме гэта выклаў начальніку атраду, раней ці пазьней дапускаецца на гутарку са сьвятаром. А па выніках гутаркі — хто спавядаецца, хто прычашчаецца, хто хрысьціцца. Бар’ераў ніякіх няма».



«Магчымасьць сустрэцца са сьвятаром вязьняў радуе»


«Галоўнае — жаданьне самога зьняволенага», — гаворыць айцец Ігар Паляшчук. Калі ёсьць жаданьне, усе пытаньні мы вырашаем, кажа ён і распавядае пра ўмовы спатканьняў зь вязьнямі ў турэмных сьценах:


«У «строгім рэжыме нічога асаблівага быць ня можа, на тое ён і строгі рэжым. Там усе ходзяць па адным. Мне на суразмову прыводзяць аднаго чалавека, я зь ім размаўляю, спавядаю, прычашчаю ці хрышчу — хоць гадзіну ці дзьве. І пакуль гэты чалавек ад мяне не адышоў, яго не завялі ў камэру, датуль не прыводзяць іншага. Гэта называецца строгі рэжым, гэта не калёнія, дзе сабраліся ў царкву дваццаць пяць, трыццаць ці сорак чалавек і разам моляцца.



Пра свае ўражаньні ад сустрэчаў з турэмнымі зьняволенымі распавядае грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот:


«Часта цяжка разабрацца — ці чалавек вінаваты, ці заслугоўвае таго пакараньня, якое ў яго ёсьць ці пагражае яму. Таму я малюся за гэтых людзей, за ўсіх вязьняў, якія знаходзяцца ў турмах, у месцах пазбаўленьня волі, за тое, каб для іх было як найлепей. Бо часта бачыш, што гэта людзі, якія патрабуюць хвіліны на разважаньне. Бог ім дае такую магчымасьць задумацца над сваім жыцьцём і зрабіць высновы — што, як у будучым рабіць, каб не паўтараць гэтых памылак».


Уладзімір Асіпенка

Уладзімір Асіпенка

Былы палітвязень Уладзімір Асіпенка з Ваўкавыску на пытаньне аб тым, «што было найбольш складаным у зьняволеньні і што часьцей успамінаецца сёньня?» адказаў: «З турэмнага жыцьця ўспамінаецца іншае — першы дзень нараджэньня за кратамі і сьвяткаваньне Новага году. Дзякуючы перадачам, сьвяточны стол атрымаўся ня горш за дамашні. 2010 год сустракалі з сапраўднай елачкай і сьвечкамі».


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Журналіст Андрэй Пачобут, які працуе для польскай «Газэты выборчай», тры месяцы правёў у сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Ён кажа, што вязьняў радуе магчымасьць сустрэцца са сьвятаром, хаця ня ўсе выказваюць такое жаданьне. Ксяндзы стараюцца дапамагчы, напрыклад, адзеньнем, калі хто мае ў гэтым патрэбу. Што датычыць Новага году, яго чакаюць і за кратамі:


«Безумоўна, у турме таксама чакаюць сьвятаў. Хаця гэта сумна і прыкра знаходзіцца ў сьвяточны час у зьняволеньні. Я размаўляў зь людзьмі, якія адзначалі Новы год ва ўмовах турмы, — гэта сумная падзея. У мінулы Новы год начальнік турмы Аліеў, мне казалі людзі, якія сядзелі, ён 31-га асабіста абышоў усе камэры, сьціпла, але павіншаваў усіх з Новым годам. Зычыў, каб ніхто зь іх больш у такіх умовах Новы год не сустракаў. Так сустракалі 2011 год у гарадзенскай турме».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG