Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віцьба-3»


Паказальная папраўчая калёнія № 3 для «першаходаў», або самая «чырвоная» калёнія ў Беларусі, дзе цяпер сядзіць палітвязень і кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, знаходзіцца за тры кілямэтры ад Віцебску ў пасёлку Віцьба (кірунак у бок Воршы). Цяпер у «Віцьбе-3» — прыкладна 1100 вязьняў на агульным ды ўзмоцненым рэжыме.

На ўзмоцненым рэжыме дазваляецца: да чатырох пасылак або перадачаў у год, да трох кароткіх спатканьняў зь сямейнікамі праз шкло і да дзьвюх працяглых (максымум трое сутак). Што да агульнага рэжыму, то тут афіцыйна дазваляецца на адно працяглае спатканьне ў год болей плюс дадатковыя спатканьні так званым «актывістам. Для працяглых сустрэчаў на тэрыторыі калёніі ёсьць сьціплая гасьцініца зь недарагімі нумарамі.



У калёніі ўсяго два таксафоны, таму патэлефанаваць дадому можна ў лепшым выпадку два разы на месяц. Паштовая сувязь марудная з-за цэнзараў.

Ад мінулага году на тэрыторыю «Віцьбы» з старога рэспубліканскага турэмнага шпіталя пераехала псыхіятрычнае аддзяленьне.

Акрамя палітвязьня Саньнікава, раней у калёніі адбывалі пакараньне такія «палітычныя», як Сяргей Скрабец, Аляксандар Казулін, Аляксандар Атрошчанкаў...

Адрас: ПК-3, пасёлак Віцьба, 211300 Віцебскі раён, Віцебская вобласьць.

Тэлефон:
(8-0212) 201174 (прыёмная начальніка).

Начальнік: палкоўнік Віталь Агнісьцікаў.

Гісторыя і сучаснасьць










Папраўчая ўстанова «Віцьба-3» была пабудаваная ў 1985 годзе пасьля славутага гарбачоўскага ўказу аб барацьбе з п’янствам. Спачатку дзейнічала як лячэбна-працоўны прафілякторый, у 1992-м яе ператварылі ў выхаваўча-працоўную калёнію для непаўналетніх. У лютым 2005 году стала калёніяй агульнага рэжыму для дарослых. Кшталту той, што да 2007-га была ў Менску на Кальварыйскай (ПК-1), і тых, што сёньня дзейнічаюць у Магілёве, Шклове, Бабруйску.

Пасьля таго як менскую ПК-1 закрылі, «Віцьбу-3» пастанавілі пераўтварыць у паказальную «чырвоную зону» для «першаходаў».

На нашу просьбу пра тое, у чым сутнасьць пераўтварэньня ўстановы ў так званую «чырвоную зону», у сваім лісьце напісаў былы вязень калёніі А.:

«Вонкава гэта праявілася ў тым, што сталі будаваць новыя сэктары, баракі, хоць некаторыя старыя, якія нагадваюць лядашчыя пабудовы піянэрскіх лягераў, засталіся. Тут па-ранейшаму ўтрымліваюцца асуджаныя, хоць знаходзіцца зімой у памяшканьні немагчыма, бо вокны бяз шкла. Шмат дзе зрабілі неблагі рамонт. Але ж галоўнае — зьмяніўся сам дух калёніі. „Братву“, якая была да 2007-га, вывезьлі ў іншыя ўстановы, а ў „Віцьбу“ перавялі сядзельцаў з Кальварыйскай з былых мянтоў і „актывістаў“, тых, хто актыўна супрацоўнічае адміністрацыяй (тут іх называюць стукачамі). Нярэдка першая і другая катэгорыя спалучаюцца ў адной асобе. Задача адміністрацыі, каб такіх вернападданых інфарматараў было як мага больш. У нашым атрадзе сядзеў за разбой адзін хлопец, чыйго бацьку-рэцыдывіста забілі мянты. Напачатку ён, так бы мовіць, гнуў пальцы, а потым яму далі ўтульную пасаду „заўгаса“ (той жа інфарматар), і ён пачаў добра выконваць абавязкі».



Былы асуджаны А. перадаў некаторыя фоты зь «Віцьбы». На іх «актывісты», а таксама супрацоўнікі калёніі.
















Апошні здымак зроблены падчас шыхтваньня. «Фоткаць» на тэрыторыі калёніі забаронена, як і карыстацца мабільнікамі. Але ў «актывістаў» былі і тэлефоны, і магчымасьць фатаграфавацца«, піша А. і працягвае:

«Да калёніі, куды я сеў за бойку, як і пасьля яе, я ніколі не належаў, як і не зьбіраюся належаць, да так званых „блатных“, сьвядомых крымінальнікаў. Але лічу: пакуль у пэнітэнцыярнай сыстэме не праведзеныя кардынальныя рэформы, нельга зьнішчаць „паняцьці“ (ва ўсякім разе, большасьць іх), якія існуюць у асяродку зьняволеных. Гэта свайго роду кодэкс правілаў ЗК, каб ніхто нікому не перашкаджаў жыць у адной клетцы. Напрыклад, калі ты ня мыесься, калі ты смуроднік, то, калі ласка, жыві ня разам з усімі ў бараку, а на ўваходзе. Ня лезь у спальню, дзе людзі будуць пакутаваць з-за тваёй прысутнасьці. Тое ж самае — ня крадзь у іншых сядзельцаў з прычыны ўласнага кішкаблудзтва. Інакш за гэта будзеш строга пакараны. Паводзь сябе прыстойна, як належыць ва ўмовах мікрасоцыюму, паважай іншых... Мянты стварылі такую сытуацыю, калі амаль кожны плюе на другога ды „стукае“. Асабліва гэта пачало вітацца пасьля таго, як у калёніі зьявіліся палітвязьні».

Першыя палітвязьні ў «Віцьбе-3» зьявіліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году: грамадзкі актывіст Сяргей Скрабец і тагачасны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Пасьля выбараў 2010 году на пакараньне ў «Віцьбе-3» быў асуджаны сябар каманды Андрэя Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў. У лістападзе 2011 году ў ПК-3 быў накіраваны з Бабруйску і сам кандыдат на прэзыдэнта.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Дарэчы, Андрэй Саньнікаў — адзін з тых у «Віцьбе», хто мае вялікі этапны досьвед.. За восем месяцаў пасьля таго, як у траўні яму вынесьлі прысуд, яго шэсьць разоў пераводзілі ў розныя турмы і калёніі. Да суду Саньнікаў утрымліваўся спачатку ў СІЗА КДБ — «амэрыканцы», потым кароткі час на «Валадарцы», потым ізноў у КДБ. Больш за два месяцы (лістапад — сьнежань — студзень) пра яго лёс практычна нічога ня ведалі ані яго сямейнікі, ані адвакат.

Пасьля кароткага спатканьня з мужам пры канцы студзеня ягоная жонка Ірына Халіп выказала глыбокую занепакоенасьць станам Андрэя Саньнікава. Той, хто апошнім разам бачыў яго ў залі суду, а тым больш да арышту, наўрад ці пазнае Саньнікава — да арышту ён меў 54 памер адзеньня, цяпер — 46. У яго выгляд змучанага чалавека:

«Ён выглядае так, як быццам за час, што мы ня бачыліся, прайшоў гадоў дзесяць сталінскіх лягераў», сказала Ірына.

Нядаўна стала вядома, што пасьля працяглай ізаляцыі ў ШЫЗА Саньнікава перавялі ў сёмы атрад. Ён працуе на швачцы — шые рукавіцы.

«Атрад, дзе сядзіць палітвязень»


У гэтым жа сёмым атрадзе летась да вызваленьня сядзеў і Аляксандар Атрошчанкаў.

«Мне цяжка параўноўваць гэты атрад зь іншымі, бо ў іншых ня быў», — кажа паплечнік Саньнікава. — «Аднак ведаю, што сёмы атрад мае рэпутацыю такога ўзорна-паказальнага атраду. Там шмат былых сілавікоў, судзьдзяў, а таксама асуджаных паводле 107 артыкула, якім прызначанае прымусовае лячэньне ад наркаманіі ці алькагалізму...Пераважна гэта людзі, якія збольшага далёкія ад крымінальных традыцыяў, але пры гэтым заўжды гатовыя знаходзіць агульную мову з адміністрацыяй».



Паводле Аляксандра, былі ў атрадзе, зразумела і годныя людзі. Напрыклад, былыя сілавікі, якія паводзілі сябе вельмі прыстойна. Таксама былі і тыя, хто мог бы прэтэндаваць на добрую пазыцыю ў крымінальнай герархіі, то бок не супрацоўнічаць з адміністрацыяй, але ж яны абралі амаральны шлях. Усё залежыць ад чалавека, ад ціску на яго адміністрацыі і яго пазыцыі. Звычайная экзыстэнцыяльная сытуацыя.

«Зразумела, становішча, у якім цяпер знаходзяцца кандыдаты на прэзыдэнта ці тыя прадстаўнікі апазыцыі, якія ўсё яшчэ сядзяць, значна больш жорсткае за тое, у якім быў я, — працягвае Атрошчанкаў. Магчымасьці для ціску на чалавека, які недаспадобы, — і маральнага, і фізычнага — у „Віцьбе“ неабмежаваныя. Зразумела, калі адміністрацыя пачне ціснуць на вязьня, ніхто ня будзе за яго заступацца, калі ж чалавек зробіць памылку, то ніхто ня будзе яго бараніць. Крымінальных традыцыяў салідарнасьці там не засталося».

Як чалавек далёкі ад крымінальнага жыцьця Аляксандар Атрошчанкаў не бароніць тое, што называецца «паняцьцямі». Тым ня менш лічыць, што ў «чырвонай зоне», дзе «пануе ўсёдазволенасьць адміністрацыі, шмат у каго раскрываюцца самыя цёмныя бакі характару, душы і гэтак далей. Асабліва калі ад самога пачатку бракуе маральных якасьцяў і межаў. Зразумела, Віцьба — адна з самых „чырвоных“, калі ня самая „чырвоная“ зона ў Беларусі. Шмат сядзельцаў адкрыта супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і не хаваюць гэтага».



Колішні вязень «Віцьбы» Алег, якому летась утрыманьне ў калёніі замянілі на «хатнюю хімію» (гэтаксама, як і на звычайнай, працуеш поўны дзень на прадпрыемстве, але жывеш не ў паселішчы для ЗК, а дома), лічыць, што адміністрацыя будзе ўсяляк ускладняць Саньнікаву жыцьцё ў калёніі. З усяго выглядае, што загад на гэта атрыманы ад самога галоўнакамандуючага:

«Чапляцца будуць да кожнай дробязі. Фізычна нічога ня зробяць, але здароўе істотна сапсуюць».

«На зоне гэта называецца расстрэлам»


Паводле Алега, на зоне гэта называюць «расстрэлам». У «Віцьбе» так і кажуць: яго пачалі расстрэльваць. «Расстрэльваюць» мэтадычна, з-за самай рознай драбязы. Паколькі чалавек годны і на яго быў загад зьверху. Напрыклад, абутак не турэмнага ўзору. Хадзіць у тым абутку, які нам выдавалі, вельмі нязручна. Розныя «актывісты» могуць атрымаць з волі нармальны чорны абутак і выдаваць за турэмны. Хто не «актывіст», можа атрымаць зручныя чаравікі толькі праз санчастку ў выпадку, калі тая пацьвердзіць, што
Зьбіваць, катаваць — не. Гэтая практыка на Віцьбе спынілася ў 2007-м

ты маеш пэўныя хваробы і табе патрэбны артапэдычны абутак. Яшчэ будуць «страляць» за тое, што ня так паголены. Яшчэ — паводле вопісу асабістых рэчаў. Ты мусіш мець пэўную колькасьць рэчаў, Калі штосьці лішняе, складаецца акт. Гэта тое парушэньне, за якое могуць пазбавіць права на пасылку, бандэролю, спатканьне. А могуць палічыць гэта ўвогуле сур’ёзным парушэньнем і даць 10 сутак ШЫЗА. Можна атрымаць тры «дзясяткі» запар. Потым ты абавязаны выйсьці з ШЫЗА. І дзеля таго каб вярнуць цябе ў гэты дысцыплінарны ізалятар, кантралёры могуць закамандаваць: «Ты, быдла, бяры мяцёлку і мяці!» Адмаўляесься і зноў трапляеш на «дзясятку». Некаторыя так па паўгода не вылазілі з ізалятара. Пасьля яго — ПКТ.

«Яшчэ, — працягвае Алег, — ёсьць такія рэчы, як шмон, калі прыходзяць абшукваць. Са мной гэта часта адбывалася. Я думаю, у Саньнікава будуць такія ж праблемы. Да цябе прыходзяць і пастаянна калупаюцца. Сэкцыя на 70 чалавек, а ў мяне пастаянна раскідалі рэчы, што ручнік знаходзіш у адным баку памяшканьня, шкарпэтку ў іншым, майка ўвогуле невядома дзе. Яшчэ спэцыяльна патопчацца ботамі па чыстых рэчах. Вось такімі дробнымі паскудзтвамі і „расстрэльваюць“. Зьбіваць, катаваць — не. Гэтая практыка на Віцьбе спынілася ў 2007-м».

Пра сустрэчу кандыдата і выбарца


Алег прыбыў у лягер у 2007-м, калі там ужо сядзеў Аляксандар Казулін, за якога ён галасаваў на выбарах-2006 і ўсяляк сымпатызаваў яму як палітыку. Ледзь ня ў першы дзень пасьля карантыну Алег падышоў да свайго абраньніка, павітаўся і спытаўся, як справы.

— Мы знаёмыя? — пачуў ён у адказ.

— Не. Толькі на Плошчы разам былі, я побач стаяў на прыступках ДК у 2006-м, калі выбары былі.

— Добры дзень.

— Як вам тут? Нармальна? Ці ня крыўдзяць?

— Усё ў норме.

«Вось і ўся размова», кажа Алег.

Потым яны перасекліся ў санчастцы. Ён бачыў таксама Казуліна, калі той гуляў на стадыёне і карміў чаек. Экс-кандыдат на прэзыдэнта не імкнуўся да кантактаў з ЗК.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
Потым Алег даведаўся, што Казулін, трапіўшы на Віцьбу, напэўна, у мэтах бясьпекі адразу папрасіўся ў першы атрад. У першым атрадзе былі так званыя баландзёры, тыя, хто працаваў у гаспадарчай частцы. Казулін сядзеў там у так званай кашарцы або кладоўцы, дзе захоўваюцца рэчы асуджаных. Туды яму з дому прывезьлі кнігі. Бібліятэка Казуліна была лепшая за лягерную. Кнігамі палітык дзяліўся.

«Як да яго ставіліся?» — паўтарае пытаньне Алег. Асноўная маса, якая ня любіць думаць, «калгасныя галовы» ўвесь час гаварылі: так яму і трэба. Ня трэба было лезьці ў прэзыдэнты. Іншым, тым больш тым, хто, як я, галасаваў за яго, ён падаўся ціхім і ніякім. Усё ж як палітык, лідэр, былы дэсантнік мог бы сябе неяк і пазначыць, а не хавацца ад ЗК. Але ж тут я не судзьдзя... "

У жніўні 2008 году Алег трапіў у ШЫЗА. У гэты ж час Казуліна вызвалілі. Распавядалі, што праводзілі яго і начальнік калёніі, і намесьнік.

Некаторыя высновы з досьведу вязьняў


Аляксандар Атрошчанкаў:

«Скажу так, турэмная гаспадарка ў Беларусі квітнее. У той жа Віцьбе будуюцца новыя карпусы, рамантуюцца старыя, будуецца новы прамысловы цэнтар. Усё робіцца для таго, каб было больш месцаў... Таму, калі нехта спадзяецца, што па яго ня прыйдуць, скажу: не спадзявайцеся! Пакуль ня возьмем у свае рукі сваю будучыню і пакуль нашы лёсы будуць вырашаць марыянэткавыя суды».

Алег:

«Турэмны тэрмін мае адзін істотны плюс: ён няўмольна ідзе да фінішу і заканчваецца. Што б ты ні рабіў — ціха сядзіш, танцуеш, сьпяваеш, нават задам наперад ходзіш. Так я і сказаў кантралёрам. Галоўнае — з галавой сябраваць і ня быць сволаччу. Гэта я і казаў міліцыянтам, якія спрабавалі мне там сапсаваць жыцьцё».

Праз тыдзень чытайце пра Глыбоцкую калёнію № 13, дзе сядзіць палітвязень Зьміцер Дашкевіч

***

З прычыны закрытасьці беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы нашы зьвесткі пра папраўчую ўстанову, на жаль, ня могуць быць поўнымі. Вельмі разьлічваем на інфармацыю наведнікаў сайту, якія або самі адбывалі пакараньне, або маюць сваякоў ды блізкіх сярод асуджаных. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны. Вы можаце дадаць сваю інфармацыю ў камэнтарах да гэтага артыкулу.

МАГІЛЁЎСКАЯ ЧАЦЬВЁРКА

ГАРАДЗЕНСКАЯ ТУРМА. ЧАСТКА 1

ГАРАДЗЕНСКАЯ ТУРМА. ЧАСТКА 2
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG