Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: «Усё роўна ня спыніш — усё роўна адмываюць»


Казначэйства ЗША падазрае два беларускія банкі ў адмываньні грошай. У сёньняшняй заяве амэрыканскага фінансавага ведамства «Трастбанк» і «Крэдэксбанк» былі ўключаныя ў сэкцыю 311 Патрыятычнага акту ЗША як установы, якія выклікаюць «першачарговую занепакоенасьць адносна адмываньня грошай». Уключэньне ў гэты сьпіс дае права міністру фінансаў ЗША запатрабаваць ад Белага дому ўвядзеньня санкцый супраць названых установаў. Як камэнтуюць гэта ў Менску?

Калі «Трастбанк» ужо трапляў у поле зроку амэрыканскага боку, то «Крэдэксбанк» тут названы ўпершыню. У Беларусі ён зьявіўся ў 2001 годзе пад назовам «Паўночны інвэстыцыйны банк». У 2007 годзе сюды прыйшоў новы акцыянэр і банк памяняў назву на «Крэдэксбанк». Яго гендырэктар Аляксандар Аксяневіч сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пададзеная інфармацыя з амэрыканскага боку вывучаецца:

«Мы якраз цяпер вывучаем, глядзім сайт ваш і міністэрства ЗША. Сёньня нічога не магу сказаць апроч таго, што гэта глупства. Адкуль такая інфармацыя, на чым яна грунтуецца? Гэта ўжо больш падрабязна трэба высьвятляць».

Раней амэрыканскі бок уводзіў санкцыі супраць іншых беларускіх банкаў. У сувязі з іранскай ядзернай праграмай міністэрства фінансаў ЗША ўводзіла санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал,— ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал» (кароткая назва — «ГК Банк»). У 2004 годзе санкцыі былі ўведзеныя супраць «Інфабанку», які ЗША абвінавацілі ў адмываньні грошай Садама Хусэйна. Пазьней «Інфабанк» вымушаны быў нават памяняць назву на «Трастбанк», бо пацярпеў істотныя іміджавыя страты. У 2011 годзе была распачатая крымінальная справа адносна старшыні рады дырэктароў ЗАТ «Белзамежбуд», кіраўніка назіральнай рады ЗАТ «Трастбанк» Віктара Шаўцова, якога падазравалі ў асабліва буйным крадзяжы. Цяпер «Трастбанк» і «Крэдэксбанк» уключаныя ў сэкцыю 311 Патрыятычнага акту ЗША.

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначае, што пакуль невядома на чым канкрэтна грунтуюцца падазрэньні ў адмываньні грошай. Ён разважае пра магчымыя наступствы:

«З гэтымі банкамі ня змогуць весьці справы амэрыканскія кампаніі, кампаніі амэрыканскага рэзыдэнцтва. Відаць, могуць узьнікнуць складанасьці з правядзеньнем міжнародных плацяжоў. Пэўныя цяжкасьці, канечне, будуць, хаця яны вырашальныя. Бо санкцыі толькі амэрыканскія».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што інфармацыя адносна банкаў у Беларусі закрытая, у тым ліку пра іх уладальнікаў. «Трастбанк» і «Крэдэксбанк» ён называе дробнымі нават па мерках Беларусі:

«Іншая справа, што, магчыма, праз іх праходзяць нейкія грашовыя патокі. Банк мае карэспандэнцкія рахункі і можа мець іх у ЗША, у Швайцарыі і гэтак далей. Банк мае статус, нават калі ён невялікі і празь яго могуць праходзіць нейкія апэрацыі».

Паводле Сяргея Чалага, тэарэтычна адмываньне грошай магчымае, але толькі па ўказаньні і з удзелам значна больш уплывовых структураў, чым самі банкі.

Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што палова банкіраў адмывае грошы:

«Нехта займаецца акуратна, нехта дрэнна. Беларускія банкі дрэнна займаліся, гэтыя два банкі, вось яны і пракалоліся. То бок усё нармальна: гэтыя рэчы былі, ёсьць і будуць. Зь іншага боку, тут аўтарытарная сыстэма, жорсткі ціск, жорсткія законы, усялякія асабістыя перасьцярогі прэзыдэнта, прэм’ераў, абсалютна чэсная старшыня Нацбанку — жанчына. Усё роўна ня спыніш — усё роўна адмываюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG