Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хакейная: бяз вынікаў, але з амбіцыямі


Напярэдадні вырашальнага для хакейнай зборнай Беларусі матчу з камандай Казахстану на чэмпіянаце сьвету ў Фінляндыі адмыслоўцы не без трывогі казалі: калі не перамагаць самага слабога суперніка ў групе, то што тады ўвогуле рабіць у эліце ўсясьветнага хакею?

Да вочнай сустрэчы беларусы і казахі заставаліся адзінымі калектывамі, якія так і не разжыліся выніковымі пунктамі, маючы ў пасіве па дзьве паразы. Аднак пачалася сустрэча не з традыцыйнага выкананьня дзяржаўных гімнаў, а палітычнай акцыі.

Он-лайн трансьляцыю матчу Беларусь-Казахстан вялі многія спартовыя парталы, а таксама Беларускае тэлебачаньне. Калі тэлекамэнтатар нечаканую затрымку пачатку сустрэчы патлумачыў тэхнічнай прычынай — маўляў, сапсавалася сырэна і ўзьніклі праблемы з табло — то журналісты незалежных рэсурсаў аказаліся больш абазнанымі.

Так, спэцыялізаваны фінскі сайт Sportti. com апавёў, што амаль 15 хвілінаў, цягам якіх тэхнікі спрабавалі наладзіць гукавое абсталяваньне, напоўніцу скарысталі беларускія заўзятары. Некалькі чалавек пачалі размахваць бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандаваць лёзунгі супраць рэжыму Лукашэнкі. Неўзабаве на інтэрнэт-старонцы зьявілася інфармацыя пра сутнасьць аўтарытарнай улады ў Беларусі і пералічваліся шматлікія факты парушэньня правоў і свабодаў грамадзянаў краіны. Адміністрацыя «Хартвал-Арэны», занятая ліквідацыяй аварыі, на маніфэстантаў увагі не зьвяртала.

«Беларускі дзень» працягнуўся і на пляцоўцы. Пасьля надзвычай няўдалага старту, калі на адрамантаваным табло засьвяцілася 2:0 на карысьць зборнай Казахстану, беларускія выхаванцаў фінскага спэцыяліста Кары Хейкіля ўсё ж здолелі мабілізавацца і да канца другога пэрыяду закінулі тры шайбы ў адказ.

Такім чынам, толькі пяты дзень 76-га чэмпіянату сьвету ў хакеі дадаў аптымізму і спартоўцам, і заўзятарам. Пасьля дзьвюх стартавых паразаў ад гаспадароў спаборніцтваў — каманды Фінляндыі — і ня самай моцнай зборнай Швэйцарыі беларусы пакідалі хіба што тэарэтычныя шанцы на выхад з групы. Аднак, калі б гульня ня склалася і з Казахстанам, то да месца было б разважаць не пра выхад у чвэрцьфінал, пра што перад ад’ездам у Хэльсынкі марылі спартовыя функцыянэры, а ўвогуле пра захаваньне месца ў вышэйшай лізе ўсясьветнага хакею.

Хакейны трэнэр Валеры Еўдачэнка наракае на слабую падрыхтоўку зборнай Беларусі і завышаныя чаканьні ад яе гульні:

«Увогуле, калі шчыра, то пра якія тут пэрспэктывы асабліва казаць? Ну так, прыехалі на чэмпіянат, дык вы што, думаеце, нашы фінаў перагуляюць? Ці яшчэ каго з грандаў? Я таксама так ня думаю, бо вельмі ўсё сумнеўна. Па сутнасьці справы, у нас адно зьвяно баяздольнае. Коваль другі матч праваліў, хоць на яго спадзяваліся. Мезіна паставілі з Казахстанам — можна сказаць, і нас з вамі пастаў, дык і мы прыблізна гэтак жа згулялі б. Таму спадзявацца на нейкі пазытыўны вынік не выпадае. Трэба было вырашаць задачы адразу, свае пункты браць. А так усё нейкае хісткае, недасканалае. І ўсе спадзяваньні, што гэтым разам нарэшце здарыцца цуд, збольшага беспадстаўныя. Усё трэба задоўга пачынаць аналізаваць, лічыць, глядзець статыстыку. А так дэманструюць жахлівыя вынікі, шчыра кажучы».

Спартовы аглядальнік Сяргей Аляхновіч гэтаксама слаба верыць, што каманда Беларусі здолее трапіць у чвэрцьфінал спаборніцтваў. Наперадзе — матчы з такімі грандамі як ЗША, Канада, Славаччына; у лепшым выпадку можна разьлічваць на станоўчы вынік з французамі. Як лічыць суразмоўца, занадта легкадумна беларусы паставіліся да прынцыповай гульні са швэйцарцамі, якая вельмі шмат вырашала:

«Калі паглядзець па выніках першых пэрыядаў матчаў зь Фінляндыяй, Швэйцарыяй, тым самым Казахстанам, то, на жаль, беларусы амаль не турбавалі галкіпэраў ніводнай з камандаў. У першай сустрэчы зрабілі два ці тры кідкі па брамцы, у другой — увогуле адзін. Пра шайбу ў бальшыні ад казахаў нават згадваць ня хочацца. Паўтару, я маю на ўвазе толькі першыя перыяды. Хоць у першым матчы супраць гаспадароў чэмпіянату яшчэ пашанцавала: Віталь Коваль зрабіў пяць ці шэсьць выдатных сэйваў, у іншым выпадку прайгралі б з куды больш буйным лікам. Што тычыцца швэйцарцаў, то, магчыма, калі б Грабоўскі рэалізаваў буліт, дык зачапілі б, як кажуць, адзін пункт, перавялі б гульню ў овэртайм, а ўжо там невядома, як бы ўсё склалася. З Казахстанам таксама падфарціла, бо магло скончыцца зусім ня так. Таму маем, што маем».

Праз два гады Беларусь рыхтуецца прыняць хакейны чэмпіянат сьвету на сваёй тэрыторыі. Аднак супраціў гэтым плянам, разгорнуты міжнароднай супольнасьцю, беспрэцэдэнтны для навейшай гісторыі спорту. Асобныя палітыкі і цэлыя ўрады выступаюць супраць таго, каб мерапрыемства такога маштабу праходзіла ў краіне, кіраўніцтва якой шырока ужывае рэпрэсіі супраць сваіх апанэнтаў. Асабліва абуральна, што ўсё гэта адбываецца ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы.

Напярэдадні ў пасланьні да беларускага народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка агучыў уласную пазыцыю што да спробы пазбавіць Беларусь права на правядзеньне хакейных спаборніцтваў у 2014 годзе:

«Гавораць: мы Лукашэнку ўколем моцна, калі чэмпіянату па хакеі ня будзе ў Беларусі. Ну, і чым яны мяне ўжо так уколюць? Які ўжо тут твар, імідж страцім? Што, беларусы мяне за гэта ўзьненавідзяць? Ды пераб’ёмся. Мы ж нічога ня робім да чэмпіянату, тое, што нам ня трэба будзе пасьля гэтага чэмпіянату. Лукашэнка гуляе ў хакей, таму вось для яго гэта будзе іміджавая страта. Дый не я адзін ужо гуляю, мой калега Пуцін у дзень інаўгурацыі выйшаў на лёд, два галы забіў. Малайчына. Цяпер, можа, на яго будуць каціць бочкі, а не на мяне. Я яму часта гавару, калі ў Маскву прыяжджаю: дзякуй богу, вы тут кагосьці паганялі, дык можа за вас возьмуцца, пра мяне забудуцца. І Януковічу нядаўна гэта жартам сказаў. Але не забываюцца, вось ім Лукашэнка — як костка ў горле».

Галоўным абаронцам беларускай заяўкі на правядзеньне чэмпіянату сьвету-2014 застаецца прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, які ігнаруе ўсе заклікі і наўпрост заяўляе, што зробіць усё, каб Беларусь прыняла ўсясьветнае першынства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG