Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапаўцы высякалі дрэвы ва Ўруччы?


У менскім мікрараёне Ўручча-2 траўня зноў працягвалася высечка сквэру, супраць чаго выступаюць мясцовыя жыхары. Яны цьвердзяць, што зь сякерамі на высечку дрэваў выйшлі спэцназаўцы.

Пляцоўку вызваляюць, каб збудаваць два дамы для супрацоўнікаў палку міліцыі спэцпрызначэньня. Мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта, куды даслалі дакумэнты пра незаконнае будаўніцтва на скрыжаваньні вуліц Шугаева і Русіянава.

Жыхарка мікрараёну Валянціна Малюціна распавяла:

«Нам учора стала вядома, што будуць зносіць і высякаць дрэвы. І сёньня нашы людзі ўжо пільнавалі і сабраліся а 6-й гадзіне. У 6:25 прыбылі нібыта зелянбудаўцы. Мы патрабавалі, каб яны прадставіліся, хто яны такія. Яны адмовіліся. Тады падышоў аўтобус і прывезьлі амапаўцаў з рыдлёўкамі і сякерай. Яны пачалі выкарчоўваць усё, і цяпер гэты кут выглядае як пустыня. Усё спрэс жывое секлі».

Карэспандэнт: «А што, немагчыма пратэставаць і спыніць гэта ўсё?

Малюціна: «Ну, калі б у нас былі кулямёты, то можна было б. А то як? Яны ж ідуць натоўпам такім, 20 амапаўцаў, яны здаровыя, з рыдлёўкамі. Мы ж ня можам на іх кінуцца. Там стаіць міліцыянт і пагражаў, маўляў, калі будзеце перашкаджаць, то мы вас арыштуем. Наш раён ужо вельмі шчыльна забудаваны. І ёсьць жа нейкія нарматывы. Нельга ўвесь час піхаць і піхаць. Нам патрэбны і нейкія зялёныя куткі тут, дзе адпачыць. А тут, выходзіць, нейкую рэзэрвацыю рыхтуюць. Як бяльмо на воку рыхтуюць 19-павярховы дом. Толькі таму, што нейкім там супрацоўнікам райвыканкаму захацелася тут жыць. Тое, што сёньня прыбылі амапаўцы на рог Русіянава і Шугаева і нішчылі ўсе дрэвы, усю зеляніну, кажа пра тое, што дамы амапаўцы рыхтуюць пад сябе. Чаму мы супраць? Таму што мы ведаем, што нарматывы парушаныя. Але народ траціць надзею, усё роўна бандыцкае фармаваньне. Мы былі на прыёме ў Міністэрстве архітэктуры, і нам паабяцалі, што будуць пераглядаць усе дадзеныя».

Актывіста «Эўрапейскай пэрспэктывы» Дзяніса Кобрусева, які для інтэрнэт-сайту рабіў фатаздымкі таго, як высякаюць сквэр, затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў пастарунак. Ён кажа, што хацеў зафіксаваць факт вандалізму:

«Калі я зрабіў ладны дзясятак фота, намаляваўся афіцэр міліцыі, якому падалося, што я фатаграфаваў і яго. Я паказаў яму фота і тое, што яго на гэтым фота няма. Ён вырашыў, што гэтага недастаткова, і мяне правялі ў міліцэйскі бусік і адвезьлі ў аддзел Першамайскага РУУС. Там перапісалі мае зьвесткі і склалі пратакол апытаньня сьведкі, што я там рабіў, што там здымаў і так далей. Пасьля гэтага, пратрымаўшы больш за гадзіну, адпусьцілі. Умовай хуткага адпусканьня было тое, што трэба было зьнішчыць усе фатаздымкі, нават з паваленымі дрэвамі, дзе няма ніводнага чалавека. Такі шырокі розгалас. А там яшчэ былі і пераапранутыя ў цывільным супрацоўнікі спэцназу, гэта нават даволі камічна. Дзеля гэтага і не хацелі распаўсюджваньня інфармацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG