Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жарсьці вакол «спэцназаўскіх» дамоў


Увечары 15 лютага ў актавай залі 177-й школы адбылася сустрэча прадстаўнікоў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску з жыхарамі мікрараёну Ўручча-2. Нечакана для апошніх у залі апынуліся і спартыўнага целаскладу маладзёны, якія не адмаўлялі таго, што належаць да органаў унутраных справаў. Як высьветлілася, менавіта для іх улады плянуюць пабудаваць некалькі шматкватэрных дамоў, супраць чаго пратэстуюць уруччане.

Гісторыя процістаяньня пачынаецца з 2005 году, паводле іншых зьвестак — ажно з 2001-га. Жыхары з вуліцы Шугаева катэгарычна супраць пабудовы новых дамоў і без таго звышнаселенай частцы Менску. Кажуць, што мясцовая паліклініка і дзіцячы садок перапоўненыя, машыну няма дзе паставіць, і пляцоўкі ў мікрараёне для новай будоўлі папросту няма.

На сустрэчы прысутнічаў адзін з кіраўнікоў палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Аляксандар Кашталанаў, які заявіў, што ён проста прыйшоў «з сябрамі», а сам жыве ў Шабанах. Паводле словаў Кашталанава, яго таварышы ўжо заплацілі грошы і на будаўніцтва атрымалі 5-адсоткавы ільготны крэдыт.

Амаль двухгадзінная сустрэча нейкіх заўважных вынікаў не дала і скончылася агульным гармідарам. Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Вера Богдан завершыла мерапрыемства словамі: «Дзьверы адміністрацыі адчыненыя, прыходзьце ў кабінэт, будзем спакойна размаўляць. Дзякуй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG