Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік пагражае судом за цкаваньне пралетарыяў

абноўлена

Леанід Козік
Леанід Козік

Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі гатовая адстойваць у судах гонар і годнасьць тых, хто падаў пазовы супраць апазыцыянэраў за заклікі да санкцый.

З такой заявай выступіў лідэр афіцыйных прафсаюзаў Леанід Козік, перадае БЕЛТА.

Ён адзначыў, што ФПБ гатовы зьвярнуцца ў суд з пазовамі да людзей, якія «наладзілі ў прэсе сапраўдную траўлю работнікаў, якія адкрыта абараняюць правы сваёй краіны і свае правы на гарантаваную працу і заробак».

«На розных інтэрнэт-сайтах, у прэсе зьяўляюцца камэнтары, якія носяць, папросту скажам, абразьлівы характар у адносінах да сяброў прафсаюзаў ФПБ, якія выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю і падалі заявы ў суды для таго, каб заклікаць да адказу тых, хто патрабуе ўвесьці эканамічныя санкцыі», — адзначаюць у ФПБ.

Віктар Івашкевіч, якому абмежаваны выезд за мяжу на падставе таго, што на яго ў суд падала работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка за заклік да санкцыяў, так пракамэнтаваў заявы Козіка:

«Улады бачаць, што з гэтай ініцыятывай яны трапляюць у вельмі сумнеўную сытуацыю. Бо рэальная рэакцыя масы рабочых вельмі адрозьніваецца ад рэакцыі гэтых прафбосаў і тых некалькіх чалавек, якія выкарыстоўваюцца для гэтай ідэалягічнай кампаніі. Яны бачаць, як у сытуацыі з выбухам у мэтро, што меркаваньні людзей дыямэтральна супрацьлеглыя таму, што спрабуе навесіць дзяржаўная прапаганда. І, натуральна, бачаць у гэтым віну незалежных СМІ, пры дапамозе якіх людзі даведваюцца альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Таму ціск на прэсу — гэта крок даволі рэальны з боку ўлады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG