Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цыбліенка: «Нам таксама трэба абараняцца. Нам таксама трэба жыць»


«Справа ў тым, што нам таксама трэба абараняцца. Нам таксама трэба жыць. Мы простыя людзі, і мы хочам працаваць. І мы хочам нармальна жыць, спакойна. Я лічу, што гэта ня мэтад — абвясьціць байкот нашым нафтапрадуктам», — заявіла Цыбліенка ў інтэрвію.

4 красавіка афіцыйны тэлеканал «Беларусь-1» паведаміў, што работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала ў суд на менскага палітыка Віктара Івашкевіча. Спадар Івашкевіч заклікаў эўрапейскія кампаніі ўвесьці эмбарга на беларускія нафтапрадукты. Цяпер Цыбліенка патрабуе ад Віктара Івашкевіча 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні Івашкевіча.

Марына Цыбліенка працуе ў цэху № 12 Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, які займаецца парапаветраным забесьпячэньнем вытворчасьці. Працуе апэратарам — з кампутарамі, прафсаюзная актывістка.

Спадарыня Марына тлумачыць, чаму зьвярнулася ў суд з пазовам да Віктара Івашкевіча:

«Справа ў тым, што нам таксама трэба абараняцца. Нам таксама трэба жыць. Мы простыя людзі, і мы хочам працаваць. І мы хочам нармальна жыць, спакойна. Я лічу, што гэта ня мэтад — абвясьціць байкот нашым нафтапрадуктам».

Пра выказваньне Івашкевіча адносна санкцыяў Цыбліенка даведалася з калектыўнай заявы наваполацкага прадпрыемства «Нафтан»:

«У нас была справаздачная (прафсаюзная) канфэрэнцыя, на якой была зачытана заява наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу „Нафтан“ пра тое, што гэты чалавек прад’яўляе, выказвае, дакладней, зьвярнуўся да Эўразьвязу, да ўрадаў эўрапейскіх краінаў, зьвярнуўся з заклікам увесьці забарону на пакупку й транспартыроўку нашых нафтапрадуктаў на сваёй тэрыторыі. Для нас гэта рэальная пагроза. Вы самі разумееце, што для нас гэта будзе скарачэньне вытворчасьці, скарачэньне працоўных. Гэта спыненьне заводаў, заводаў, якія ня толькі горадаўтваральнымі зьяўляюцца. Ад іх залежыць і вобласьць, і краіна — менавіта ад рэалізацыі нашых нафтапрадуктаў. А калі завод спыніцца, на што мы будзем жыць?»
Думаю, што будуць яшчэ людзі, якія таксама прад’явяць прэтэнзіі гэтаму чалавеку.

Марына Цыбліенка наўпрост не адказала, ці выратуюць у такім разе яе асабіста 500 тысяч рублёў, якія яна зьбіраецца спагнаць праз суд з палітыка Івашкевіча. Мяркуе, аднак, што пазоўнікам яна будзе не адна: «Думаю, што я не адна такая. Думаю, што будуць яшчэ людзі, якія таксама прад’явяць прэтэнзіі гэтаму чалавеку».

Працаўніца НПЗ кажа, што яна не палітык, і зьдзіўляецца, чаму палітыкі заклікаюць да санкцыяў:

«Чаму менавіта так? Чаму не зьвярнуцца… ну, я ня ведаю… ня выбраць свайго прадстаўніка дэпутатам, каб ён прасоўваў якіясьці прапановы, чаму мірным шляхам не вырашаць? Чаму трэба нас падкасіць? Усю краіну падкасіць».

Цыбліенка не пагаджаецца, што грамадзкі актывіст і палітык Івашкевіч, які ня мае свайго дэпутата, выказаў сваё меркаваньне:

«Сустаршыня рады Народных сходаў асабістае меркаваньне выказаў? Гэта проста асабістае меркаваньне? Я думаю, што чалавек такога ўзроўню, калі што й выказвае — ён жа выказаў не ў якой-кольвечы сваёй кампаніі блізкіх сяброў, а ён зьвярнуўся публічна. І я думаю, што гэта ня проста ягонае асабістае меркаваньне».

Тым часам некаторыя нафтаперапрацоўшчыкі, якія ведаюць Марыну Цыбліенку, таксама лічаць, што ёй, так бы мовіць, параілі зьвярнуцца ў суд.
Тут нас чалавек восем стаяла, калі гэтую навіну прынесьлі. І мы проста сьмяяліся.

Адзін з рабочых НПЗ так адгукаецца на судовы пазоў: «Тут нас чалавек восем стаяла, калі гэтую навіну прынесьлі. І мы проста сьмяяліся. Лічу, што гэта проста глупства. Думаю, што гэта ня ўласная яе ініцыятыва. Што вышэй сказалі, тое яны спусьцілі сюды і сказалі нашым рабацягам. І тое яны й будуць рабіць».

Спадар Уладзімер выказваецца яшчэ больш катэгарычна: «Калі б хацелі падаваць у суд, то ёсьць у нас дырэктар, старшыня прафсаюзу — прымала ж рашэньне пярвічная арганізацыя. Чыйсьці заказ выконвае — і ўсё тут. Пешку падставілі».

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу на НПЗ Юры Швец кажа, што пазоў Цыбліенкі выклікае іронію:

«Усё гэта выклікае іронію. Лічу, што таварыш Цыбліенка не з уласнай ініцыятывы гэта робіць. Мінулы год на 300 адсоткаў зьнізіў усе нашы даходы, і ня толькі на НПЗ, але й па ўсёй краіне. Нас, груба кажучы, „апусьцілі“ без усялякіх санкцыяў. Чамусьці Цыбліенка пра маральную шкоду ня згадвала. Складана ж было ўсім. І на сёньня пакуль сытуацыя застаецца зусім не маляўнічая. Непрыемнасьцяў у фінансавым пляне хапала — і калектыўныя дамовы спыняліся, і абмежаваньняў хапала, і прыбытак забіралі ў велізарнай колькасьці ад прадпрыемства. Аднак Цыбліенка, прадстаўніца афіцыйнага прафсаюзу хімікаў, ніякіх санкцыяў і прэтэнзіяў нікому не выстаўляла — ні праз суд, ні нават нейкім сваім абурэньнем».


14 сакавіка Віктар Івашкевіч зьвярнуўся да ўрадаў эўрапейскіх краін з заклікам неадкладна ўвесьці эмбарга на набыцьцё і транспартаваньне беларускіх нафтапрадуктаў да вызваленьня асуджанага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі, які трымае працяглую галадоўку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG