Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў затрыманыя ў Воршы


Аршанскі суд.

Аршанскі суд.

18:00 У аршанскім гарадзкім судзе вывесілі расклад разгляду справаў 29 сакавіка, але прозьвішчаў Лябедзькі, Калякіна і Атрошчанкава там няма. Дагэтуль невядома, калі пачнецца працэс.

17:29 У міліцыі не тлумачаць прычыны затрыманьня Лябедзькі, Калякіна і Атрошчанкава

17:10 Бацька Атрошчанкава адвёз перадачу ў ізалятар часовага ўтрыманьня. І яе прынялі. Ніякіх акалічнасьцяў па затрыманьні сына яму ніхто не паведаміў. Ён зьбіраецца яшчэ наведаць адзьдзел міліцыі на транспарце.

16:25 Суд перанесены на 29 сакавіка. Пра гэта паведамілі бацьку Аляксандра Атрошчанкава ў аддзяленьні міліцыі на транспарце.

Лідэра партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку і былога палітвязьня, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава уначы на 28 сакавіка ў Воршы зьнялі зь цягніка Менск-Масква.

«Супрацоўнікі мытні заявілі, што яны падазраюцца ў транспартыроўцы наркатычных сродкаў. Іх даставілі ў Аршанскі РАУС, дзе яны знаходзяцца і зараз. Хутка над імі можа адбыцца суд. Цяпер іх абвінавачваюць ужо ў тым, што яны хуліганілі ў цягніку», — распавяла Дар’я Корсак, жонка Атрошчанкава.

Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў накіроўваліся ў Маскву, адкуль плянавалі вылецець у Брусэль для ўдзелу ў сустрэчы з прадстаўнікамі Эўракамісіі. Аляксандар Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрвію для «Рускай службы навін» у Маскве.

29 сакавіка 2012 года камісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле павінен афіцыйна абвясьціць пачатак дыялёгу па рэформам і мадэрнізацыі Беларусі, па разьвіцьцю стасункаў з Эўразьвязам. У гэтым дыялёгу плянуецца ўдзел грамадзянскай супольнасьці і беларускай дэмакратычнай апазыцыі.

13:00 Дар’я Корсак праз Фэйсбук паведамляе: Атрошчанкаў напісаў, што ўсе затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, што будуць там да 16.00. «Магчыма, канешне, яго дэзінфармавалі», — напісала Корсак.

12:30 Сяргей Атрошчанкаў патэлефанаваў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Яму паведамілі, што затрыманых ў суд яшчэ не вывозілі.

Сяргей Атрошчанкаў

Сяргей Атрошчанкаў

12:28 Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава ўсё яшчэ не прывезьлі. Бацька Аляксандра Атрошчанкава, спадар Сяргей, паспрабаваў патэлефанаваць сыну. Той усё яшчэ недаступны. Праваабаронцы выказваюць меркаваньне, што на затрыманых усё яшчэ афармляюць нейкія дакуманты, таму пачатак суду затрымліваецца.

11:50 Арцём Агафонаў у Фэйсбуку: Народ каля суду зьбіраецца. Стаяць 5-6 чалавек ад АГП, двое камуністаў, 1 ад БНФ і некалькі беспартыйных. Калі прывязуць — ніхто ня кажа, відавочна, чакаюць, пакуль разыдуцца.

11:30 Уладзімер Чудзянцоў у Фэйсбуку: Цудам датэлефанаваўся да затрыманага ў Воршы Сашы Атрошчанкава (тэлефон у яго пакуль не адабралі, проста ўсю ноч не давалі адказваць). У гэтыя хвіліны іх усіх вязуць у мясцовы суд, пратаколы складзеныя па арт 17.1 («лаянка ў грамадскім месцы», як звычайна). «Сьвеціць» да 15 сутак.

11:10 Бацьку Атрошчанкава паведамілі, што пасяджэньне будзе праходзіць у кабінэце № 13. Кабінэт маленькі, а ахвотных трапіць на пасяджэньне каля дзесятка. Таму яны спадзяюцца, што пад працэс дадуць судовую залю. Затрыманых пакуль не прывезьлі.

10:50 Дар’я Корсак піша ў сваім Фэйсбуку, што паседжаньне суду пачнецца неўзабаве. Справу будзе разглядаць судзьдзя Серафімовіч.

Бацька Аляксандра Атрошчанкава, які цяпер знаходзіцца ў Воршы, паведаміў: бліжэйшым часам затрыманых павінны даставіць у суд.

«Я толькі ведаю, што іх вінавацяць у дробным хуліганстве. Мне сказалі, што суд пачнецца ў 10:45», — сказаў Сяргей Атрошчанкаў БелаПАН.

10:00 Пакуль затрыманыя знаходзяцца ў аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня, што ў будынку міліцыі на вуліцы Энгельса ў Воршы.

Сяргей Атрошчанкаў

Сяргей Атрошчанкаў

Каля суду зьбіраюцца аршанскія дэмакратычныя актывісты. Прыехаў бацька Аляксандра Атрошчанкава Сяргей і некалькі ягоных знаёмых.

У пераліку судовых справаў, прызначаных да разгляду на сёньня, прозьвішчаў затрыманых у цягніку Менск-Масква палітыкаў няма, хто іх будзе судзіць — таксама невядома.

Зь Беларусі не змаглі апошнім часам выехаць: палітыкі — Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Валеры Ўхналёў, Леў Марголін; праваабаронцы — Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Алег Воўчак; журналісты — Жана Літвіна, Міхаіл Янчук, Андрэй Дынько.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG