Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС супакойвае сваякоў, якія шукаюць Каваленку


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

27 сакавіка адвакату Сяргея Каваленкі паведамілі ў віцебскай калёніі «Віцьба-3», што «такога асуджанага ў калёнію не прывозілі».

Пра гэта паведаміла «Свабодзе» жонка палітвязьня Алена Каваленка.

Сваякі Каваленкі спрабуюць высьветліць, дзе ён знаходзіцца. У калёніі «Віцьба-3» кажуць, што ў апошнім этапе, які прыбыў у калёнію, Сяргея Каваленкі не было.

Атрымаць інфармацыю ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС праз тэлефон сваякам не ўдаецца.

Паводле зьвестак зь менскага ізалятару на вуліцы Валадарскага, Каваленку вывезьлі адтуль этапам у ноч на 26 сакавіка і нібыта накіравалі ў «Віцьбу-3».

Дзяжурны дэпартамэнту МУС пра Каваленку: «Магчыма, яшчэ не даехаў»

Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Ярыга патлумачыў сытуацыю зь Сяргеем Каваленкам: «Вы ведаеце, што праз тэлефон мы зьвестак пра месца знаходжаньня ці пра маршрут транспарціроўкі вязьня не даем. Якраз сёньня прыёмны дзень ў Дэпарпамэнце, хай сваякі прыйдуць і атрымаюць ўсю інфармацыю, мы яе прадаставім».

Карэспандэнт: «Справа ў тым, што сваякі 26 сакавіка зь Менску зьехалі, яны вярнуліся ў Віцебск. А сёньня раніцай ім стала вядома, што ў калёніі „Віцьба-3“ Сяргея Каваленкі няма. Вось яны і непакояцца: дзе ён? Бо яны разьлічвалі, што яго прывязуць хутка, улічваючы ягоны стан.»

Дзяжурны: «Яго павезьлі, гэта дакладна, а шлях ня блізкі, магчыма, яшчэ не даехаў. Нічога жахлівага не адбываецца, супакойце сваякоў».


Сяргей Каваленка да этапаваньня трымаў галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, прысуду.

Актывіста КХП БНФ пакаралі зьняволеньнем на 2 гады і месяц за парушэньне адбыцьця хатняй «хіміі» пасьля таго, як ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на ёлцы ў Віцебску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG