Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу нацбола Яўгена Контуша накіравалі на дапрацоўку


Яўген Контуш
Яўген Контуш

У судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд адміністратыўнай справы лідэра беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена Контуша.

Яго абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 16 сакавіка каля амбасады КНР у Менску. Судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы і прагляду фатаздымкаў з акцыі накіраваў справу на дапрацоўку ў Савецкае РУУС.

16 сакавіка каля амбасады Кітаю адбылася акцыя нацыянал-бальшавікоў супраць кітайскай эканамічнай экспансіі ў Беларусі. 5 чалавек выйшлі з расьцяжкай, дзе надпіс «Made in China» быў перакрэсьлены, раскідалі ўлёткі, у якіх заклікалі спыніць крэдытаваньне Беларусі, спыніць высечку парку імя 40-годзьдзя Кастрычніка, спыніць будаўніцтва індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне і наагул выкарыстаньне кітайскім бокам Беларусі ў сваіх палітычных і эканамічных мэтах. Пасьля акцыі быў затрыманы Яўген Контуш. Паколькі быў вечар пятніцы, яго да панядзелка зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Перад пачаткам суду Яўген распавёў:

«Я знаходзіўся там як назіральнік і проста фатаграфаваў. У мяне забралі фотаапарат, здымкі зьнішчылі, і я амаль трое сутак знаходжуся пад адміністрацыйным арыштам».

Карэспандэнтка: «А хто вас затрымліваў»

«Ахоўнік амбасады КНР пабег за мной, калі затрымаў, дастаў пісталет, пагражаў, надзеў кайданкі. Потым прыехала некалькі машын з міліцыянтамі, у тым ліку і АМАП — дзеля мяне аднаго».

Дарэчы, у міліцыянта Аляксандра Шымчэні гэта быў першы працоўны дзень на аб’екце амбасады КНР. Ён пакінуў пост і пабег за Контушам. Яны кружлялі па дварах, а калі Шымчэня дагнаў Контуша, нават ня змог зарыентавацца, дзе знаходзіцца амбасада, пытаўся дарогі ў мінакоў.

Фактычна судовага паседжаньня не было. Яўгена Контуша прывезьлі ў Савецкі суд з Акрэсьціна ў 10:30, і больш за дзьве гадзіны давялося чакаць. Судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка ў кабінэце вывучаў матэрыялы справы, а ў залі судовага паседжаньня толькі зачытаў пастанову, зь якой вынікае, што пратакол і рапарты накіраваныя на дапрацоўку ў Савецкае РУУС. У пратаколах і рапартах міліцыянтаў шмат супярэчнасьцяў і нестыковак, кажа абаронца Яўгена Контуша:
Сьведка — ахоўнік амбасады Шымчэня чамусьці ў пратакол ня ўключаны, хоць ён там абавязкова павінен быць.

«Сьведка — ахоўнік амбасады Шымчэня чамусьці ў пратакол ня ўключаны, хоць ён там абавязкова павінен быць. Затое ўключылі двух сьведкаў, якіх наагул у пратаколах допыту няма. Больш за тое, ягоныя дзеяньні кваліфікавалі як парушэньне парадку правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, зьдзейсьненае арганізатарам. Доказаў, што Яўген быў арганізатарам, зноў жа няма. Ніводнага дакумэнту, які пацьвярджаў бы, што чалавек стаяў з плякатам, дзе напісана „Made in Chіna“ і перакрэсьлена, няма. З чаго яны гэта ўзялі?»

Пасьля вынясеньня пастановы Яўгена Контуша вызвалілі. Рашэньне было для яго нечаканым:

«Шчыра кажучы, я не чакаў. Калі мяне забіралі, я чуў, як начальства казала: „Афармляйце па артыкуле 23.34 як несанкцыянаваны мітынг“. Я быў перакананы, што мяне асудзяць, тым больш што цягам году за гэта ж самае мяне ўжо судзілі. Таму я быў упэўнены, што працягнуць маё ўтрыманьне пад вартай, дадуць больш сутак, чым я адседзеў. Але ўсё адно маем несправядлівасьць. Трое сутак я ўжо адседзеў. Усё яшчэ незразумела, мяне ніхто не апраўдваў, таму спаць спакойна рана».

Адзін з актывістаў нацболаў Дзьмітрый Сіняк, які ў судзе хацеў выступіць як сьведка, таксама такім паваротам справы зьдзіўлены:

«Абсалютна не чакаў. Быў перакананы, што судзьдзя дасьць Яўгену максымум сутак, і ён вернецца на Акрэсьціна».

Наступнае судовае паседжаньне па справе Яўгена Контуша прызначанае на 10 гадзін раніцы 23 сакавіка. Да гэтага часу міліцыянты павінны прывесьці ў належны выгляд пратакол і рапарты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG