Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валадарка». Камэра ў спэцкалідоры


Турма на вуліцы Валадарскага.

Турма на вуліцы Валадарскага.

Менавіта тут, як сказаў у інтэрвію «Свабодзе» колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў, можа знаходзіцца цяпер асуджаны на сьмерць Уладзіслаў Кавалёў. Камэры сьмяротнікаў знаходзяцца ў спэцкалідоры ў сутарэньнях старога будынку «Валадаркі»

Пра час сьмерці зьняволеныя даведваюцца ў самы апошні момант — літаральна за некалькі хвілін да расстрэлу, калі камісія абвяшчае ім пра рашэньне прэзыдэнта адносна іх прашэньня аб памілаваньні. Чаканьне гэтага часу «Ч» можа цягнуцца некалькі месяцаў, пакуль кіраўнік расстрэльнай групы не атрымае адпаведных дакумэнтаў ад прэзыдэнта.

Былы начальнік Валадаркі і кіраўнік расстрэльнай каманды Алег Алкаеў расказвае пра камэру сьмяротнікаў:

​«Звычайная камэра, толькі з дадатковымі замкамі — там яшчэ два дадатковыя замкі, таксама дадатковае абсталяваньне на вокнах, якое не дае наладжваць кантакт зь іншымі камэрамі. І камэры гэтыя паводле інструкцыі ня могуць адчыняцца адвольна. То бок паводле рашэньня аднаго супрацоўніка. А толькі ў прысутнасьці пэўнай групы пад кіраўніцтвам дзяжурнага. І яшчэ сьмяротнікам не дазваляецца прагулка».

Паводле Алега Алкаева, «сьмяротнікі» маюць узмоцненую ахову. Пасьля прысуду на вязьня апранаюць адмысловую робу, кайданкі з рук здымаюць толькі ў камэры. Камэры для сьмяротнікаў маленькія, разьлічаныя на два чалавекі. Хоць нярэдка вязень, які мае псыхалягічную несумяшчальнасьць зь іншым сьмяротнікам, просіцца ў адзіночку, і просьбу такую, як кажуць, задавальняюць.

Камэры сьмяротнікаў знаходзяцца ў старым корпусе «Валадаркі», у так званым спэцкалідоры. У свой час у тым спэцкалідоры перад накіраваньнем у Глыбоцкую калёнію апынуўся мянчук Зьміцер Каляда. Сёньня ў сваіх допісах на «Свабоду» ён актыўна дзеліцца ўспамінамі пра сваё турэмнае мінулае.
Парушальнікаў або тых, хто не даспадобы, пераводзілі на нейкі час са звычайных камэр у спэцкалідор, на ўчастак, дзе ўтрымліваліся сьмяротнікі і „пэзэшнікі“.

«Я сутыкаўся з пажыцьцёвымі зьняволенымі — іх яшчэ называюць „пэзэшнікамі“ — і са сьмяротнікамі ў 2002 годзе, калі сядзеў у СІЗА на „Валадарцы“, — піша Зьміцер. — Тады адміністрацыя практыкавала наступнае: парушальнікаў або тых, хто не даспадобы, пераводзілі на нейкі час са звычайных камэр у спэцкалідор, на ўчастак, дзе ўтрымліваліся сьмяротнікі і „пэзэшнікі“. Гэта сутарэньне, там, памятаю, здаецца, 13 камэр, з 5-й па 18-ю. Я быў у камэрах 5, 6 і 9. Мяне кідалі ў спэцкалідор двойчы. Адзін раз да прысуду, а другі раз пасьля. Якраз калі ў спэцкалідоры была галадоўка. Людзі галадавалі з-за так званых „наморднікаў“, тых шматлікіх сетак на вокнах, з-за якіх цяжка дыхаць, асабліва калі горача. Такія „наморднікі“ быццам бы не даюць наладжваць кантакт зь іншымі камэрамі.

Калі мяне пераводзілі ў спэцкалідор, я якраз атрымаў харчовую перадачу ад бацькоў. Міліцыянты нічога проста так ня робяць. Мабыць, вырашылі, што, убачыўшы ежу, людзі спыняць галадоўку. Але я, калі падышоў да камэры, пакінуў сваю торбу за дзьвярыма. А ў камэры далучыўся да астатніх».

Зьміцер адзначае, што, седзячы ў тым калідоры, кожны чалавек пачынае ўсьведамляць, наколькі тонкая мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю. Таму ён ды іншыя сядзельцы ў ягонай камэры знаходзілі магчымасьці, каб перадаваць сьмяротнікам і «пэзэшнікам» тытунь, гарбату, цукеркі. Калі не маглі перадаць праз свае каналы, дык прасілі дзяжурнага. Часам трапляліся чалавечныя турэмшчыкі — яны перадавалі.

«Мы чулі, калі каго зь іх выводзілі, — узгадвае Зьміцер. — Па начах, каб ніхто ня бачыў. Гэта мог быць апошні шлях чалавека. Такое практыкавалася па серадах. Адзін раз сьмяротнік перадаў нам ліст-споведзь, у якім апісаў сваё жыцьцё і паспрабаваў асэнсаваць яго. Самае жудаснае ў ім — усьведамленьне і пастаянныя думкі, што яго ў любую хвіліну ня будзе. Вось так я сутыкнуўся з гэтым бокам турэмнага жыцьця».

Сына жыхаркі Горадні Ніны Бурдыкі Андрэя ня стала мінулым летам. Пра тое, што яго расстралялі, жанчына даведалася далёка не адразу. Прынамсі празь месяц пасьля выкананьня прысуду, а можа нават і болей. Месца пахаваньня ня ведае дагэтуль — не дазволена паводле закону.
Ён увесь час баяўся, што яго закапаюць у чорным мяшку, без труны.

«Ён заслужыў пакараньне, але ж трэба пахаваць па хрысьціянскіх канонах, — кажа жанчына. — Ён увесь час баяўся, што яго закапаюць у чорным мяшку, без труны».

Сьмерці за забойства Андрэй Бурдыка таксама баяўся і пакутліва чакаў яе ў камэры ў спэцкалідоры на Валадарцы. Андрэя трымалі ў адзіноце, бо ён папрасіўся, каб яго адсялілі ад суседа. Абодва вельмі лёгка раздражняліся.

На адным з апошніх спатканьняў з маці распавёў, што разам зь ім у камэры жывуць «суседзі» — павук, муха і камар, якія разбаўляюць яго адзіноту

Маці кажа, што да самога канца яе сын у глыбіні душы спадзяваўся, што яго прашэньне на імя прэзыдэнта будзе задаволенае. Ён чакаў памілаваньня, бо, паводле маці, заступіўся за маленькага хлопчыка, калі падчас п’янкі ягоны прыяцель прыставіў нож да дзіцяці. Аднак прашэньне засталося не задаволеным, піша газэта «Вячэрні Гродна».

У апошнія дні свайго ўтрыманьня ў камэры на «Валадарцы» Андрэй нібыта адчуў набліжэньне сьмерці і напісаў доўгі, на некалькі старонак ліст.

Пасьля расстрэлу Андрэя Ніне Бурдыцы выдалі ў СІЗА некаторыя сынавы рэчы: мачалку, мыла і швэдар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG