Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Любоў Кавалёва: «Спадзяюся, што яны яшчэ жывыя»


Маці Ўладзіслава Кавалёва ня лічыць, што яе актыўная пазыцыя і дзеяньні праваабаронцаў паўплывалі на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адмовіць у памілаваньні асуджаных на сьмерць Канавалава і Кавалёва.

Адвакат і маці асуджанага на сьмерць Уладзіслава Кавалёва, якому адмоўлена ў памілаваньні, ня ведаюць, дзе ён цяпер знаходзіцца. Ці маглі так хутка выканаць прысуд? Як праваабаронцы адрэагавалі на абвінавачваньні іх у тым, што яны быццам бы ўцягнулі маці Кавалёва ў палітычныя гульні і тым самым нашкодзілі?

Два дні адвакату Станіславу Абразею не ўдаецца сустрэцца са сваім падабаронным Уладзіславам Кавалёвым. Кавалёва няма ні ў сьледчым ізалятары КДБ, дзе ён 11 сакавіка меў спатканьне з маці і сястрой, ні ў СІЗА на Валадарскага, кажа маці Ўлада:

«Учора нам наагул не давалі ніякай інфармацыі, сёньня сказалі, што яго этапавалі зь СІЗА КДБ на „Валадарку“, але на „Валадарцы“ сказалі, што зьняволенага з такім прозьвішчам там няма».

Літаральна пазаўчора маці і сястра мелі працяглае — больш за 3 гадзіны — спатканьне з Уладзіславам Кавалёвым у «амэрыканцы». Маці кажа: ёй падаецца, што сын нешта ведаў ужо тады:

«Глядзеў так, мне падалося, што ён хоча нешта важнае сказаць... Ён увесь час то на мяне паглядзіць, то за маё плячо, дзе ахоўнік. Яму ж нельга нічога казаць. Але мне падаецца, што сын нешта ведаў».

Мацярынскія пачуцьці, інтуіцыя падказваюць Любові Кавалёвай, што сын жывы:

«Ой... Спадзяюся, што яшчэ жывыя. Але ўсё магчыма. Пасьля адмовы прэзыдэнта ў памілаваньні прысуд могуць вельмі хутка прывесьці ў выкананьне. Прычым яны не даводзяць да ведама ні адваката, а бацькоў — тым больш...»

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч кажа, што ў практыцы ўжо былі прэцэдэнты, калі ўлады выконвалі сьмяротныя прысуды вельмі хутка, адразу ж пасьля адхіленьня памілаваньня:

«Я не хацеў бы нічога напружваць і выказваць нейкія меркаваньні. Я вельмі спадзяюся, што ўлады ня будуць сьпяшацца з выкананьнем, што ўлады ці скарыстаюць магчымасьць перагледзець пытаньне аб памілаваньні, ці ўвесьці тэрмінова мараторый на ажыцьцяўленьне сьмяротнага пакараньня».

Алег Воўчак

Алег Воўчак

Праваабаронца Алег Воўчак выказаў такое меркаваньне:

«Я баюся, што магло самае сумнае ўжо і адбыцца ў гэтай сытуацыі... То бок такога прамежкавага законнага права, калі прысуд прыводзіць у выкананьне, няма. То бок, калі памілаваньне не прайшло, з гэтай хвіліны прысуд могуць выканаць. Але я спадзяюся — 5–10% надзеі ёсьць, што яшчэ не расстраляныя. Пакуль...»

Пасьля паведамленьня, што Канавалаву і Кавалёву адмоўлена ў памілаваньні, у электронных СМІ зьявіліся меркаваньні, што вінаватыя нібыта праваабаронцы: маўляў, уцягнулі маці Кавалёва ў палітычныя гульні, накіроўвалі яе выступаць з трыбунаў уплывовых эўрапейскіх структураў, і гэта раздражняла ўладу.

Маці Ўладзіслава Кавалёва ня лічыць, што яе актыўная пазыцыя і дзеяньні праваабаронцаў паўплывалі на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адмовіць у памілаваньні асуджаных на сьмерць Канавалава і Кавалёва.

«Па-першае, мяне запрасіла Рада Эўропы. ...Вы ведаеце, я ўжо думала пра гэта. Літаральна пазаўчора я пераглядала відэазапіс першага допыту Ўлада. Уладу ўжо тады яны тэрарызм паставілі. Дзіма маўчаў. Яны запалохалі Ўлада вышэйшай мерай. Яны разьлічвалі на тое, што Ўлад спалохаецца і прамаўчыць. Я мяркую, маўчы — не маўчы, канец справы быў бы адзін і той жа. Адзіная розьніца — тое, што паднесьлі сьледчыя органы: так, яны вінаватыя. Але калі выйшла праўда з залі суду і людзі сталі ў гэтым сумнявацца — сьледзтва пайшло не па пляне. Я думаю, гэта проста помста».

15 сакавіка адвакат Станіслаў Абразей падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. Старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц зьвярнуўся з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі пакінуць Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава ў жывых.




Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва

Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва



Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва

Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG