Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 сакавіка Эўрапарлямэнт абмяркуе сытуацыю ў Беларусі


Кэтрын Эштан
Кэтрын Эштан

Эўрапарлямэнт правядзе дэбаты па сытуацыі ў Беларусі на пленарнай сэсіі ў Страсбургу. Прыкладны час дэбатаў: ад 17 да 23 гадзіны паводле менскага часу.

Чакаецца, што з заявай перад эўрапарлямэнтарамі выступіць вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Па выніках дэбатаў плянуецца прыняць рэзалюцыю, галасаваньне па якой заплянавана на 15 сакавіка.

«Свабода» будзе сачыць за разьвіцьцём падзеі.


На мінулым тыдні віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч сказаў, што на сэсіі, якая пачнецца 12 сакавіка ў Страсбургу, беларускае пытаньне абмяркоўвацца ня будзе.

«Мы адмыслова вырашылі рэзалюцыю па Беларусі ўхваліць праз два тыдні, падчас сэсіі ў Бруселі», — заявіў тады Пратасевіч «Свабодзе».

Пратасевіч адзначыў, што канфлікт паміж Беларусьсю і Эўразьвязам настолькі абвастрыўся, што «зараз застаецца толькі адзін крок да фактычнага разрыву дыпламатычных стасункаў — папрасіць беларускіх амбасадараў у краінах ЭЗ выехаць на кансультацыі і такім чынам абмежаваць дыпадносіны да такога ўзроўню, які зараз існуе паміж Менскам і Вашынгтонам ».

«Гэтага нельга выключаць, але мы вырашылі даць час на роздум, перш за ўсё Менску, бо гэта Менск усё пачаў. Можа, за гэтыя два тыдні наступіць працьверажэньне. Мы ня хочам ізаляваць Беларусь, але хочам дамагчыся ад Менску таго, што для нас мае асаблівае значэньне — на сёньня гэта перш за ўсё вызваленьне палітвязьняў», — сказаў Пратасевіч.

27 лютага Рада міністраў замежных спраў краін ЭЗ вырашыла пашырыць сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў. У сьпіс уключылі яшчэ 21 прозьвішча.

28 лютага беларускія ўлады параілі кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесьці свайму кіраўніцтву цьвёрдую пазыцыю беларускага боку пра непрымальнасьць ціску і санкцыяў». У адказ на гэта ўсе краіны ЭЗ адклікалі сваіх амбасадараў зь Менску.

Лідэры краінаў Эўразьвязу 2 сакавіка на саміце ў Брусэлі заклікалі Раду ЭЗ прыняць «далейшыя захады» ў дачыненьні да Беларусі. Удзельнікі саміту выказалі «сур’ёзную і глыбокую занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі» ў краіне.

Яны таксама віталі рашэньне Рады ЭЗ пашырыць сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з тым, што гэтыя асобы адказныя за парушэньні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама «падтрымліваюць ці зьяўляюцца бэнэфіцыярамі рэжыму Лукашэнкі».

У выніковым дакумэнце саміту ўтрымліваецца заклік да Рады ЭЗ працягнуць працу ў гэтым напрамку, нагадвае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG