Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягам ціску на палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі структуры Эўразьвязу лічаць інфармаваньне Міжнароднай фэдэрацыі хакею пра сапраўдны стан рэчаў з правамі чалавека ў Беларусі.

З ініцыятывы эўрадэпутатаў ад Польшчы і Славаччыны — Марэка Мігальскага і Пэтэра Шцястнага — да канца сакавіка іншыя дэпутаты Эўрапарлямэнту могуць паставіць подпісы пад пэтыцыяй, у якой падкрэсьліваецца: правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі будзе зьдзекам з тых, хто змагаецца за дэмакратыю. Паралельна збор подпісаў наладжаны і ў інтэрнэце.

Міжнародную кампанію «Пакінем дыктатара на лёдзе» Марэк Мігальскі запачаткаваў у польскіх Катавіцах. Яе мэта — дабіцца пераносу хакейнага першынства 2014 году зь Беларусі ў іншае месца. Разам са славутым хакеістам, двойчы чэмпіёнам сьвету, а цяпер славацкім эўрадэпутатам Пэтэрам Шцястным яны спрабуюць пераканаць функцыянэраў Міжнароднай фэдэрацыі хакею: чэмпіянат ня можа ладзіцца ў краіне, прэзыдэнт якой ігнаруе фундамэнтальныя прынцыпы дэмакратыі, кідае сваіх апанэнтаў у турмы і заплюшчвае вочы на катаваньні:

«Найперш мы зьбіраем подпісы сярод дэпутатаў Эўрапарлямэнту і будзем іх зьбіраць яшчэ прыкладна месяц. Подпісы потым будуць перададзеныя ў Міжнародную фэдэрацыю хакею з патрабаваньнем пазбавіць Беларусь права правядзеньня чэмпіянату сьвету-2014. Створаная інтэрнэт-старонка www.dyktatornalodzie.pl, дзе подпіс пад пэтыцыяй можа паставіць кожны. Нас ужо падтрымалі больш за 3,5 тысячы чалавек, прычым большасьць — беларусы. Гэта азначае, што грамадзяне Беларусі разумеюць: акцыя накіраваная ня супраць іх, а супраць Лукашэнкі. Мы ведаем, наколькі моцна Лукашэнка любіць хакей, і калі чэмпіянат не адбудзецца, гэта будзе для яго ўдарам. Міжнародная фэдэрацыя пакуль ня выказала жаданьня пайсьці на гэты крок, але я спадзяюся, там зразумеюць: чэмпіянат у дыктатарскай краіне выставіць у непрыглядным сьвятле саму фэдэрацыю. Думаю, яны добра падумаюць і зьменяць сваё рашэньне, зразумеюць, што зрабілі памылку».

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка заўважае, як зьмяніўся настрой у беларускіх чыноўнікаў. Дагэтуль усе — ад прэзыдэнта да спартовых клеркаў — безапэляцыйна казалі, што ніхто ня можа забраць у Беларусі хакейнае першынства. Між тым тры дні таму Лукашэнка заявіў, што «не напружваецца» адносна магчымага пераносу спаборніцтваў. У прыватнасьці, сказаў, што беларусы «не акачурацца і не памруць», калі чэмпіянат раптам не адбудзецца. З аналягічнымі выказваньнямі выступілі і прадстаўнікі Менгарвыканкаму, якія запэўнілі, што горад ніяк не пацерпіць ад такога павароту падзеяў, паколькі інфраструктурныя пераўтварэньні плянаваліся і без прывязкі да чэмпіянату:

«Калі разглядаць адпачатку, як толькі ўпершыню тэма забароны пачала ўздымацца, то шанцаў на правядзеньне спаборніцтваў усё ж было больш. Але зараз вельмі сур’ёзна эўрапейская супольнасьць узялася за вырашэньне гэтага
Справа гэтая патрэбная, таму што з ваўкамі жыць — па-воўчы выць, вобразна кажучы ...

пытаньня. Як вядома, у траўні будзе праходзіць паседжаньне Міжнароднай фэдэрацыі хакею, і шанцаў на тое, каб перанесьці чэмпіянат, стала больш. Вядома, калі такое здарыцца, то яшчэ большую поўху атрымае аўтарытэт нашай краіны. Ён і так ужо падарваны апошнімі заявамі Лукашэнкі, дый сам па сабе ён, скажам так, падае ўсё ніжэй і ніжэй за плінтус, гэты аўтарытэт, і тут нічога ня зробіш. Справа гэтая патрэбная, таму што з ваўкамі жыць — па-воўчы выць, вобразна кажучы. Калі наш прэзыдэнт так беспардонна ставіцца да міжнароднай супольнасьці, то яго трэба ставіць на месца».

Паводле спадара Даўжэнкі, міжнародная супольнасьць абрала вельмі слушную тактыку, наступіўшы на найбольш адчувальны мазоль Лукашэнкі — ягоны ўлюбёны хакей. Ён кажа, што, прыкладам, ніхто не патрабаваў байкоту чэмпіянату сьвету па фігурным катаньні сярод юніёраў, які днямі незаўважна завяршыўся ў Менску:

«Так, гэта ягоны любімы мазоль, таптацца па якім ён ніколі ня даў бы. Але цяпер усё ня толькі ад яго залежыць... Тое ж фігурнае катаньне абсалютна нікога не цікавіць, хоць у „Менск-Арэну“ нібыта 17 тысяч чалавек прыйшло. Зразумела, дзейнічалі як заўсёды — разнарадкі па школах, ВНУ. Апроч спэцыялістаў, гэтае першынства нікому не патрэбнае. У нас няма фігурнага катаньня ў краіне, і таму гістарычна няма інтарэсу да гэтага віду. А заганяць школьнікаў — гэта справа звыклая. Зрэшты, як на той жа хакей ці іншыя дутыя спаборніцтвы. Дарэчы, хакею ў нас таксама няма, што яскрава прадэманстравала менскае „Дынама“. Пры нікчэмных выніках мінімум 120 мільёнаў даляраў на год абыходзіцца нашай краіне „Дынама“, вы ўяўляеце?»

Карэспандэнт: «Як лічыце, па самалюбстве хакеіста № 1 удар нанесены?»

«Безумоўна, нанесены, але гэта такі чалавек, што будзе ўпірацца да апошняга. Гэта непапраўны чалавек. А магчыма, у яго ўвогуле няма самалюбства ў дадзеным кантэксьце, бо ў дыктатараў, як правіла, увогуле адсутнічае шкала чалавечых якасьцяў, каштоўнасьцяў».

У выпадку, калі Міжнародная фэдэрацыя хакею ўсё ж ня пойдзе насустрач патрабаваньням дэмакратычнай грамадзкасьці, апанэнты Лукашэнкі будуць зьвяртацца наўпрост да нацыянальных хакейных фэдэрацыяў з заклікам байкатаваць спаборніцтвы ў Беларусі. Паводле аналітыкаў, калі афіцыйны Менск і надалей будзе праводзіць палітыку канфрантацыі з Захадам, верагоднасьць адмовы ад паездкі ў Беларусь вядучых хакейных зборных — ЗША, Канады, Чэхіі, Швэцыі, Фінляндыі і г.д. — надзвычай высокая. Апроч таго, усясьветныя першынствы ў алімпійскі год традыцыйна не выклікаюць вялікага глядацкага інтарэсу, таму заўсёды можна спаслацца на стомленасьць спартоўцаў ці ў лепшым выпадку даслаць на спаборніцтвы каманду дублёраў.

Дарэчы, запасной краінай, якая ў выпадку форс-мажору можа прыняць чэмпіянат сьвету 2014 году замест Беларусі, вызначаная Чэхія.
XS
SM
MD
LG