Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завербаваныя пад прымусам


Будынак КДБ
Будынак КДБ

Кампанія «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» выступіла з новай ініцыятывай пад назвай «Патрабуем адказаў!» Актывісты кампаніі хочуць аб’яднаць грамадзка-палітычных актывістаў, моладзевых і палітычных лідэраў, якіх з дапамогай шантажу і запалохваньняў завербаваў КДБ, і разам заклікаць вінаватых да адказнасьці.

Каардынатар ініцыятывы, стыпэндыят праграмы Каліноўскага Ўладзімер Кумец 17 лютага накіраваў скаргу ў пракуратуру Менску. 23 верасьня 2011 году яго разам з братам падманам завабілі ў Фрунзенскі РУУС, ноч пратрымалі ў камэры, здымалі допыт на відэакамэру, пагражалі, шантажавалі, што будуць праблемы ў брата. Пагадненьне аб супрацы з КДБ ён напісаў пад прымусам.

Былы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Максім Чарняўскі таксама хоча, каб прыцягнулі да адказнасьці людзей, якія супраць яго волі, пад пагрозамі, пад ціскам прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. 13 чэрвеня 2011 году Максіма выклікалі ў КДБ, прычым паведамілі, што гэта будзе прафіляктычная размова. Насамрэч гэта быў пяцігадзінны допыт, распавёў ён:
Шмат было пагрозаў, але ў асноўным гэта былі пагрозы маёй маці і сястры.

«Шмат было пагрозаў, але ў асноўным гэта былі пагрозы маёй маці і сястры. І я вымушаны быў падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве пад кансьпіратыўнай мянушкай „Хантар Томпсан“. У падпісцы проста было нібыта добраахвотнае супрацоўніцтва з КДБ, а яны ўжо самі мне давалі працу, пачынаючы ад „уступіць у Малады Фронт і зьліваць інфармацыю адтуль“ і да адпраўкі мяне ў Польшчу да Вячаслава Дзіянава, каб увайсьці да яго ў давер, усталяваць яму на ноўтбук вірус і любымі сродкамі вывезьці яго ва Ўкраіну, каб беларускі КДБ змог яго арыштаваць».

Праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч, што да пэрспэктываў гэтых скаргаў, кажа: тут узьнікае пытаньне, што ёсьць незаконная вярбоўка. Таму што органы дзяржаўнай бясьпекі маюць права супрацоўнічаць з грамадзянамі на добраахвотнай аснове.

«Калі яны матывуюць, што яны змушаныя былі да гэтага шэрагам незаконных дзеяньняў, як то — запалохваньні, катаваньні, пагрозы на адрас сваякоў. Бо фармальна, калі яны падпісвалі нейкія паперы, гэта будзе выглядаць так, што яны зрабілі гэта добраахвотна. Я думаю, што нашы органы і пракуратура наўрад ці будуць моцна разьбірацца ў акалічнасьцях, што маладых людзей сапраўды схілілі. Мне падаецца, што шанцы на паўнавартаснае незалежнае расьсьледаваньне, якое б правяла пракуратура, тут мінімальныя».

Максім Чарняўскі, які вымушаны быў зьехаць за мяжу, распавёў пра мэтады супрацоўнікаў КДБ:

«Калі адмаўляеш у вярбоўцы, табе пачынаюць пагражаць, цябе могуць пасадзіць на Акрэсьціна, выкарыстоўваюць нават фізычную сілу. І гэта мяне абурае, таму што гэта я на ўласнай скуры адчуў. І я хачу прыцягнуць да адказнасьці Зьмітра Каламійца і Рамана Сівухіна, якія мяне вербавалі».

Дарэчы, Чарняўскаму ўдалося даведацца прозьвішчы двух з чатырох супрацоўнікаў КДБ, якія яго прымусілі падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве.
Самае горшае — гэта пачаць гуляць па іх правілах.

Праваабаронца, юрыст Валянцін Стэфановіч, які сам ня раз пісаў рэкамэндацыі і артыкулы на тэму «што рабіць, калі вас схіляюць супрацоўнічаць з органамі», кажа: трэба заўсёды памятаць, што любое супрацоўніцтва будуецца на добраахвотнай аснове. Калі жаданьня няма — ня трэба падпісваць ніякія паперы.

«Ну, а калі такое здарылася, таму што зразумела, што выкарыстоўваюць самыя розныя мэтады супрацоўнікі КДБ, самае ідэальнае — калі ёсьць, скажам так, за што чапляцца. Выпадак з Зайцавым — проста надзвычай красамоўны: чалавек скончыў жыцьцё самагубствам у выніку такіх вось падыходаў Камітэту дзяржбясьпекі, і там былі падставы, чым яго шантажаваць. І тады, канечне, трэба агучваць гэта і рабіць усё публічна. Таму што самае горшае — гэта пачаць гуляць па іх правілах. Гэта шлях дакладна ў агенты Камітэта».

Кампанія «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ведае прынамсі пра 5 выпадкаў прымусовай вярбоўкі грамадзкіх актывістаў і будзе дамагацца прызнаць пагадненьні супрацы з КДБ нядобраахвотнымі і нікчэмнымі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG