Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кобец: "Гэта ўсё адно як ты б апынуўся ў гестапа"


Уладзімер Кобец
Уладзімер Кобец
Былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец, які публічна заявіў пра тое, што ў "амэрыканцы" яго катавалі і фармальна завэрбавалі да супрацоўніцтва з КДБ, распавёў "Свабодзе" пра свой цяперашні статус і свае пляны.

Карэспандэнт: "Уладзя, ці можаш сказаць, у якой краіне ты знаходзісься?"

Кобец: "У адной з краінаў Эўразьвязу".

Карэспандэнт: "Як даўно зьехаў і ці прасіў прытулку?"

Кобец: "Не, прытулку не прасіў, ад'ехаў ужо больш чым паўтара месяца таму, у розных краінах знаходзіўся, у мяне былі свае асабістыя пэўныя справы".

Карэспандэнт: "Чым зьбіраесься займацца далей і ці мяркуеш працяг удзелу ў палітычным жыцьці Белаурсі?"

Кобец: "Гэтае пытаньне адкрытае для мяне, на дадзены момант я вымушаны знаходзіцца не ў Беларусі і ў зьвязку з гэтым абмежаваныя мае магчымасьці што да ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны. Але я не пляную спыніць свой удзел у палітычным жыцьці. Найбліжэйшая будучыня пакажа, што я магу рабіць для Беларусі і як".

Карэспандэнт: "Калі ты не зьвернесься па нейкі прытулак, то скончыцца твая віза і легальны статус за мяжой…"

Кобец: "Гэта пытаньне адкрытае, побытавыя праблемы ёсьць, і гэтым трэба будзе займацца найбліжэйшым часам".

Карэспандэнт: "Ці можна сказаць, што сваёй заявай паставіў кропку ў тым пагадненьні з КДБ, усё абрэзаў?"

Кобец: "Натуральна. Я ніколі і не рабіў таго, што яны хацелі ад мяне. Я адразу пра ўсё паведаміў у праваабарончы цэнтар "Вясна", яны ўсё ведалі, і жонка ведала ўвесь час, што адбываецца. Таму кропка была адразу пастаўленая. Адзінае, што я цяпер гэта агучыў. Гэта натуральна, што ні зь якім лукашэнкаўскім КДБ я працаваць не зьбіраўся і не працую".

Карэспандэнт: "Не асьцерагаесься помсты зь іх боку?"

Кобец: "Натуральна, я гэта добра разумею, і мне пра гэта наўпрост казалі. Гэта казалі яшчэ там, што агучваньне гэтага моманту можа, ня можа, а прывядзе да пэўных наступстваў, я іх чакаю натуральна. Але па-іншаму ўчыніць проста немагчыма. Таму тут пытаньне ня ў тым, што яны зробяць, а ў тым, што раблю я і што, напэўна, мусяць зрабіць яшчэ іншыя людзі".

Карэспандэнт: "Ты ўжо паўтара месяца як зьнік зь іхнага поля зроку, ці пасьпелі яны за гэты час тваім родным, блізкім нагадаць пра сябе, шукаючы цябе, ці неяк іх пакрыўдзіць?"

Кобец: "Доўгі час сям'я са мной знаходзілася, таму мы, натуральна, чакалі нейкіх дзеяньняў. Што да маіх знаёмых, то я ня ведаю, бо ў мяне няма кантакту са шмат якімі людзьмі. Што да сям'і, то на гэты момант ціску няма, і я спадзяюся, што хопіць розуму гэтага не рабіць. Таму што натуральна, тое, што я распавёў – гэта частка інфармацыі. Пабачым. Вельмі спадзяюся на гэта, але мы ведаем нашыя спэцслужбы, ведаем, на што гатовы Лукашэнка, тут чакаць нейкай ласкі – проста глупства".

Карэспандэнт: "Сям'я застаецца ў Менску?"

Кобец: "Я не зьбіраюся і ніколі не зьбіраўся эміграваць зь Беларусі, парываць са сваёй радзімай я ніколі не зьбіраўся. Я спадзяюся, што іншая асоба хутка зьнікне з палітычнага жыцьця Беларусі і нарэшце краіна зажыве нармальным жыцьцём. Я непарыўна зьвязаны зь Беларусьсю і ніколі аб іншым ня думаў і ня марыў".

Карэспандэнт: "Уладзя, калі ацэньваць усё тое, што там, за кратамі, сталася, што з гэтага было табе самым балючым?"

Кобец: "Самае балючае, што адчуваеш поўную бездапаможнасьць сваю ў тым, каб абараніць сваіх родных, блізкіх, сям'ю і сяброў. Там усё адкрыта казалася і рабілася, і я разумеў, што ніякі суд, ніякі пракурор ня здатны нічога зрабіць. Там проста бяспраўе... На фоне ўсіх гэтых зьдзекаў. Я ведаю, што зь іншых зьдзекаваліся значна больш, на кагосьці ціснулі фізычна, на кагосьці больш псыхалягічна. На мяне больш псыхалягічна. Хаця ўсё тое, пра што я напісаў і пра што казалі іншыя, яно ўсё адбывалася. Гэта ўсё адно як ты б апынуўся ў гестапа, гэта проста бездапаможнасьць чалавека перад бязьмежжам гэтай ахранкі Лукашэнкі.

Карэспандэнт: "Ты зрабіў такі намёк, што не адзін ты гэтак вымушана падпісаў дамову з КДБ. Наколькі ты лічыш рэальным, што сапраўды і іншыя падпісалі, і ці гатовы ты ім параіць выступіць з такімі ж заявамі, як ты?"

Кобец: "Па-першае, я магу казаць толькі за сябе. Ясна, што ніхто ня бачыў, як гэта рабілі ці не рабілі іншыя. Гэта пытаньне асабістага выбару для кожнага чалавека. Для мяне гэтае пытаньне не стаяла ніколі, і я зрабіў заяву. Я ня ведаю, што павінны рабіць ці не рабіць іншыя людзі… Зь Міхалевічам мы ў кантакце. Тое, што ён распавёў тады, – гэта быў мужны крок зь яго боку. Мая парада, калі людзі гэта зрабілі, бо я ведаю, што шмат якіх маладых актывістаў перад тым, як я ад'ехаў, спрабавалі вэрбаваць, то я б параіў ім распавесьці пра гэта як мага хутчэй, каб вырвацца з гэтага кола. Таму што ўсё астатняе жыцьцё пройдзе пад грыфам гэтага кампрамісу з сумленьнем і працы на злачынны рэжым. Як мага хутчэй людзям трэба пазбавіцца гэтага цяжару, гэтага зла. Гэта ня тая спэцслужба, якая павінна быць у нармальнай дэмакратычнай краіне. Гэта карны орган, інструмэнт Лукашэнкі, і тое, што яны робяць, — гэта злачынства".

Глядзіце таксама: Хроніка катаваньняў і пакутаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG