Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарняўскі: «Перадайце для КДБ песьню «Вне зоны доступа»


Былы студэнт факультэта журналістыкі БДУ Максім Чарняўскі зьехаў зь Беларусі, пасьля чаго паведаміў праз інтэрнэт пра тое, як яго завербавалі супрацоўнікі КДБ і далі заданьне ўвайсьці ў давер да арганізатараў «маўклівай рэвалюцыі».



Максім Чарняўскі, які цяпер знаходзіцца ў Вільні, у інтэрвію «Свабодзе» пацьвердзіў інфармацыю з інтэрнэту пра вярбоўку яго супрацоўнікамі КДБ ды пра іхнія сакрэтныя заданьні. У прыватнасьці, ад маладога чалавека патрабавалі ўвайсьці ў давер да арганізатара акцыяў «маўклівай рэвалюцыі» Вячаслава Дзіянава ды запусьціць яму ў кампутар вірус, які дазваляе кантраляваць перапіску. Таксама Максім Чарняўскі сказаў, што ў аўторак, 8 лістапада, надрукуе ў мэдыях дадатковую інфармацыю пра дзеяньні спэцслужбаў супраць моладзевых актывістаў Беларусі.

Чарняўскі: «За гэтыя дні я напрацаваў шмат матэрыялаў, якія будуць абвешчаныя ў Варшаве на прэсавай канфэрэнцыі „Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“. Гэта будзе ў аўторак».

Карэспандэнт: «А калі б вы ведалі, што будзе ў КДБ, вы б пайшлі туды на размову?»

Чарняўскі: «Мяркую, калі б я не пайшоў, мяне б выцягнулі гвалтам. У нас усіх адміністратараў цягалі ў КДБ. Хто не хадзіў, як я, тых проста выцягвалі з працы, кідалі на Акрэсьціна на 15 сутак і рабілі допыты ўжо там».
У нас усіх адміністратараў цягалі ў КДБ. Хто не хадзіў, як я, тых проста выцягвалі з працы, кідалі на Акрэсьціна на 15 сутак і рабілі допыты ўжо там.

Карэспандэнт: «А вы ведалі пра іншыя спробы вярбоўкі актывістаў з боку КДБ?»

Чарняўскі: «Амаль нічога ня ведаў, толькі чытаў пра апошні выпадак з Паўлікевічам».

Пра свой далейшы лёс былы студэнт журфаку сказаў, што спадзяецца працягнуць вучобу ў ЭГУ ці ў Польшчы ды будзе супрацоўнічаць з беларускімі мэдыямі, якія працуюць за мяжой. Максім паведаміў пра асабістае жаданьне: «Хацеў бы паставіць для КДБ песьню «Вне зоны доступа».

У КДБ Беларусі адмовіліся камэнтаваць факт вярбоўкі, пра які паведаміў Максім Чарняўскі. Адносна крыніцы, празь якую гэтыя зьвесткі зьявіліся ў інтэрнэце, супрацоўнік КДБ сказаў: «Ім верыць — сябе не паважаць».

Цягам 2011 году ў мэдыі некалькі разоў траплялі зьвесткі пра вярбоўку актывістаў апазыцыі. Назіральнікі адзначаюць, што цяпер асаблівую ўвагу КДБ надае актывістам, якія дзейнічаюць праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Як мяркуе студэнт журфаку Антон, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча, менавіта таму КДБ зацікавіўся Максімам Чарняўскім, бо іншыя «нядобранадзейныя» студэнты, паводле яго, асаблівых праблемаў пакуль ня маюць:

«У нас было некалькі хлопцаў, якіх затрымалі 19 сьнежня і яны хто суткі адседзеў, хто штрафы заплаціў. Яны ўсе адседзелі нармальна, здалі сэсію і працягваюць вучыцца нармальна».

Часьцей пра вярбоўку паведамляюць пасьля таго, як перасякаюць мяжу. Гэтак у верасьні зрабіў былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец.

Былы палітвязень Алесь Атрошчанкаў тлумачыць, чаму людзі прызнаюцца ў такіх справах, толькі калі вырвуцца з-пад кантролю спэцслужбаў:

«Бо там сапраўды такі фэадальны сьветапогляд, што калі рабы пачынаюць казаць, што яны не рабы і што яны больш ня будуць выконваць іх загады, то гэтыя людзі нэрвуюцца, яны ня хочуць, каб нешта мянялася. Яны самі баяцца, бо добра разумеюць, што нават па беларускіх законах яны парушаюць закон».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG