Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Казулін: Адукацыя — гэта ня толькі вучоба, але і свабода думкі


Здымак Belarusian News Photos, http://www.bnp.by

Здымак Belarusian News Photos, http://www.bnp.by

З Інстытуту журналістыкі БДУ адлічылі моладзевую актывістку Насту Шулейку, якая брала ўдзел у акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі і сядзела за гэта на Акрэсьціна.

Ці стане адлічэньне Насты Шулейкі яшчэ адным аргумэнтам у дыскусіі пра тое, ці выключаць са сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў кіраўнікоў беларускіх унівэрсытэтаў, якія датычныя да рэпрэсій?

Наста Шулейка вучылася на 2-м курсе Інстытуту журналістыкі на дзённым аддзяленьні, за навучаньне плаціла. Сёньня ў дэканаце пацьвердзілі, што Насту Шулейку адлічылі. Паводле афіцыйнай вэрсіі — за непасьпяховасьць: у дзяўчыны ня здадзеныя залікі і іспыты.

Ці матывавана адлічэньне тым, што Наста Шулейка — актывістка моладзевага руху? Сама Наста бачыць гэтую сувязь:

«У мінулым годзе ў мяне было падобнае становішча, але не з палітычных прычын, і тады мне проста пераносілі дні залікаў, калі я нешта не пасьпявала здаць. А ў гэтым годзе — адмовіліся. Перад затрыманьнем 31-га студзеня я хадзіла на іспыты, але выкладчыкі ня ставілі залікаў. Ня буду наракаць на выкладчыкаў, але... ня ставілі. А потым ні пра што не папярэджвалі і не казалі, ніякай паперы з унівэрсытэту не было. 14 лютага я сама пазваніла, і мне сказалі, што паперы на мяне падпісаныя. Прычым у тых паперах я адлічаная яшчэ з 24 студзеня».

Толькі ў канцы мінулага году Насту Шулейку затрымлівалі тройчы, у тым ліку на акцыі салідарнасьці 19 сьнежня каля Чырвонага касьцёла і 31 сьнежня каля ізалятара на Акрэсьціна падчас сустрэчы палітвязьняў. Пасьля гэтага затрыманьня дзяўчыне давялося сустрэць на Акрэсьціна Новы год — яе вызвалілі толькі 2 студзеня, пакараўшы штрафам за дробнае хуліганства.

Наста Шулейка працягнула сьпіс адлічаных у апошнія месяцы менскіх студэнтаў. У гэтым жа сьпісе — і былыя студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Мікіта Каваленка, Аляксандар Вялітчанка і Аляксандар Салдаценка. Іх таксама адлічылі пасьля таго, як юнакі адбылі адміністрацыйныя арышты за акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і не змаглі своечасова здаць іспыты і залікі. Аляксандар Вялітчанка згадвае размову ў рэктараце ін’язу:

«У інтэрнаце мы вывесілі сьцягі бел-чырвона-белыя, і нас пасьля гэтага выклікалі ў рэктарат, сталі там казаць пра тое, якія мы фашысты. І каб падумалі, ці патрэбна нам такая прафэсія з такімі поглядамі на жыцьцё і з такімі ідэямі. Бо вы, маўляў, можаце тут не давучыцца, а калі давучыцеся, то добрага разьмеркаваньня вы не атрымаеце».

Аляксандар Вялітчанка, як і Наста Шулейка, не хаваюць, што былі расчараваныя ўзроўнем адукацыі ў ВНУ, дзе вучыліся. Ці будзе вучыцца далей, Вялітчанка ня ўпэўнены. Кажа, што варта ўсё ўзважыць. Наста ж Шулейка марыць пра навучаньне ў ЭГУ, зноў-ткі на журналіста. Наста перакананая, што беларускія ВНУ не даюць эўрапейскага ўзроўню адукацыі, бо не арыентаваныя на сучасныя мэтады выкладаньня і рэальны палітычны плюралізм.

Ці варта выключаць са сьпісу неўязных у Эўропу рэктараў беларускіх ВНУ, дзе працягваюцца выключэньні студэнтаў з апазыцыйнымі настроямі? Былы рэктар БДУ, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін гэтак адказаў на пытаньне:

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«Калі мы гаворым пра эўрапейскую сыстэму адукацыі, трэба разумець, што гэта ня толькі сыстэма навучаньня, але яшчэ і тая хартыя, якая падпісаная ўсімі ўнівэрсытэтамі. І ў гэтай хартыі вельмі моцна прапісаная свабода для студэнтаў і для выкладчыкаў. А калі няма свабоды думак, свабоды творчасьці, то пра якую адукацыю можа ісьці гаворка?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG