Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Бяляцкага адмовіліся паведаміць, дзе яе муж


Івацэвіцкая калёнія
Івацэвіцкая калёнія

Натальля Пінчук зьбіраецца ў панядзелак ехаць у Жодзіна, каб даведацца, дзе яе муж, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Сваякі Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі ня вераць чуткам пра іх хуткае вызваленьне. Мікалаю Аўтуховічу ў гарадзенскай турме паабяцалі «не ствараць подласьцяў». Эдуард Лобаў у івацэвіцкай калёніі нарыхтоўвае дровы.

Жонка праваабронцы Алеся Бяляцкага дагэтуль не мае зьвестак пра тое, ці адправілі яе мужа з жодзінскага ізалятара ў калёнію для адбыцьця пакараньня.

Натальля Пінчук: «Званіла я ў турму адносна таго, дзе знаходзіцца зараз Алесь, але мне сказалі, што па тэлефоне такіх даведак не даюць. Таму давядзецца мне ў панядзелак сабрацца і паехаць туды, каб пры сустрэчы з начальствам высьветліць сытуацыю».

Пасьля таго як у студзені Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Алеся Бяляцкага, і прысуд праваабаронцу ўступіў у сілу, яго мусяць перавесьці ў калёнію. Паводле калегаў праваабаронцы, гэта павінны былі зрабіць да 10 лютага. Перавялі ці не і куды — пакуль не паведамілі ані пісьмова, ані праз тэлефон.


Чуткам пра хуткае вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і сябра ягонага штабу Зьмітра Бандарэнкі, якія напісалі прашэньні аб памілаваньні, ня вераць іх сваякі.

Ірына Халіп: «Тое, што напісалі ў інтэрнэце, што быццам бачылі Андрэя ў Віцебску на вакзале, падобна на наўмысную дэзінфармацыю спэцслужбаў».
Звычайна ў адмоўнай характарыстыцы пазначаюць, што вось вязень парушыў тое ці тое. Але ў яго парушэньняў няма.

Жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга кажа, што скептычна ставіцца да надзеі хутка ўбачыць мужа пасьля рашэньня адміністрацыі магілёўскай калёніі не лічыць яго вартым датэрміновага вызваленьня. «І гэта пры тым, што ў яго няма парушэньняў», — дзівіцца Вольга Бандарэнка.

«Звычайна ў адмоўнай характарыстыцы пазначаюць, што вось вязень парушыў тое ці тое. Але ў яго парушэньняў няма. Таму мне б вельмі хацелася паглядзець на тэкст рашэньня камісіі. Але ж гэта таямніца».


Грамадзкая актывістка Тацяна Кім, якая лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам, атрымала ад яго першы ліст, напісаны ўжо з гарадзенскай турмы. Тацяна прачытала вытрымкі зь ліста «Свабодзе»:

«23 студзеня я быў ужо тут. Даехаў вельмі хутка. Новага для мяне нічога няма, таму не перажывайце. Адчуваю сябе добра, здароўе для турмы на выдатна. Канечне, ёсьць пытаньні, але сьпішам гэта на гады. На волі будзем рамантавацца. У псыхалягічным пляне, спадзяюся, тут будзе лепш. Ва ўсякім разе, я ўжо размаўляў з прадстаўнікамі адміністрацыі, і мне сказалі, што тут ніхто подласьцяў чыніць ня будзе. Час пакажа. Я з асьцярогай стаўлюся да такіх абяцаньняў. Улічваючы некаторыя абставіны».

Вядома, што ў івацэвіцкай калёніі Мікалаю Аўтуховічу давялося рэзаць вены, каб абараніць свой гонар. Адміністрацыя калёніі гэта абвергла.


Там жа ў івацэвіцкай калёніі адбывае свае 4 гады маладафронтавец Эдуард Лобаў. Маці вязьня паведаміла, што пасьпела перадаць яму цёплыя рэчы. Яна спадзяецца, што Эдуарду, якому даводзіцца нарыхтоўваць у калёніі дровы, будзе лягчэй пераносіць маразы. Зь лютага пачало дзейнічаць новае правіла, паводле якога адзеньне вязьні беларускіх калёній змогуць набываць у турэмных крамах, а ў перадачах больш яго прымаць ня будуць. Марына Лобава кажа, што новаўвядзеньне ўдарыць па вязьнях, у якіх недастаткова сродкаў:

«Атрымліваецца, яны будуць даношваць старыя робы, а зімой гэтага мала. Між тым, новага цёплага аддзеньня для іх ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG