Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Асіпенка: «Аўтуховіча мусяць вызваліць адным зь першых»


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Споўнілася тры гады, як другім разам трапіў за краты ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. У якіх умовах ён сустрэў трохгодзьдзе турэмнага зьняволеньня? Якія навіны пра палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Зьмітра Дашкевіча, якія, як і Аўтуховіч, зьмешчаныя ў турэмныя ўмовы?

Былы вайсковец Уладзімер Асіпенка ніколі не забудзе, як тры гады таму ў ягоную кватэру ўварваліся супрацоўнікі «Алмазу», натрэніраваныя на барацьбу з тэрарыстамі:

«Першым уварваўся чалавек у шлеме такім, як вадалаз, са шчытом. Мяне схапілі за рукі, павалілі, сказалі „ціха-ціха“ і разьбегліся па кватэры».

Як потым даведаўся Ўладзімер Асіпенка, такая ж апэрацыя прайшла 8 лютага 2009 году ў доме Мікалая Аўтуховіча. Спачатку іх падазравалі нават у тэракце 2008 году на менскім праспэкце Пераможцаў, але потым пакінулі спробу замаху на тагачаснага кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Саўчанку. Хоць і гэтае абвінавачаньне ў судзе не пацьвердзілася, Асіпенку далі 3 гады за незаконныя дзеяньні са зброяй, а Аўтуховіча асудзілі на 5 з паловай гадоў за захоўваньне боепрыпасаў,— між тым, як знайшлі ў яго ўсяго некалькі патронаў да стрэльбы. Уладзімер Асіпенка сёньня як ніколі перакананы, што паквіталіся зь імі за іх палітычную пазыцыю:

«21 ці 22 студзеня Аўтуховіч падпісаў з аўганцамі ліст да Лукашэнкі, у якім яны адмовіліся прымаць ад яго ўзнагароды, і тады я зразумеў, што нешта будзе».

Асіпенка, які выйшаў на волю ў лістападзе 2010 году, кажа, што разьлічваў на вызваленьне Аўтуховіча да канца году, але «вызваленьне спынілі сьнежаньскія падзеі». І зноў Уладзімер разьлічвае, што хутка ўбачыць Аўтуховіча на волі: «Яго мусяць вызваліць адным зь першых цяперашніх палітвязьняў», — кажа Асіпенка.

Як склаўся турэмны лёс Мікалая Аўтуховіча? У Івацэвіцкай калёніі, якую яму спачатку прызначылі для адбыцьця пакараньня, справы нібыта ішлі нядрэнна: вязьню падлячылі зубы, з-за якіх ён ня мог нармальна харчавацца, ён актыўна ліставаўся зь сябрамі і знаёмымі. Трывожныя зьвесткі пра падзеі вакол Аўтуховіча пачалі прыходзіць з калёніі ў канцы 2011 году, а сёлета ў студзені стала вядома, што ён рэзаў вены, каб абараніць свой гонар, трапіў у карцэр і ўрэшце быў асуджаны на больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня. У студзені Мікалая Аўтуховіча перавялі ў Гарадзенскую турму, якую паміж сабой вязьні называюць «гарадзенскім цэнтралам». Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка распавядае пра ўмовы ў турме:
У любым выпадку ў турме ўсё ж лепш, чым у карцэры.

«У любым выпадку ў турме ўсё ж лепш, чым у карцэры. Адміністрацыя цісьне на вязьня празь зьмяшчэньне ў карцэр ці ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), і таму вязьням нават лепш трапіць у „крытую турму“. Гарадзенскі цэнтрал вядомы яшчэ з савецкіх часоў, там з 30-х гадоў „зьбіраюць“ найбольш небясьпечных вязьняў. Умовы там, як у Магілёўскай турме, прыкладна як на „Валадарцы“ — сядзяць у камэрах з рознай колькасьцю вязьняў, без доўгатэрміновых спатканьняў са сваякамі. Але больш непасрэдна пра Аўтуховіча ў мяне інфармацыі няма».

Жонка Аўтуховіча атрымала ад яго ўжо з Гарадзенскай турмы ліст, у якім ён на ўмовы ня скардзіўся, а толькі прасіў даслаць чыстых канвэртаў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, які сядзіць у «крытай» Магілёўскай турме, пакуль безь перашкод лістуецца з жонкай і бацькам.

Марына Адамовіч: «Пакуль што асаблівых прэтэнзіяў, уласна, у мяне няма. Адзінае, што доўга ідуць лісты ад яго. Нават сябрам прыходзяць хутчэй».

Марына Адамовіч перакананая, што яе муж не пісаў і не зьбіраецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Гэтаксама мяркуе пра свайго жаніха Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка з «Маладога фронту». Зьмітра трэці месяц трымаюць у адзіночнай камэры Глыбоцкай турмы: «Лісты ад яго даходзяць, а больш нічога, бо ён там ні з кім не камунікуе — няма магчымасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG