Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ў Магілёўскай калёніі разглядзела характарыстыку на Зьмітра Бандарэнку. Мікалая Статкевіча падчас ягоных прагулак у турме суправаджаюць ахоўнікі з двума сабакамі. Андрэя Саньнікава наведаў адвакат. У Жодзінскім сьледчым ізалятары адмовіліся паведаміць, ці адпраўлены ў калёнію праваабаронца Алесь Бяляцкі.

8 лютага ў Магілёўскай калёніі № 15 засядала ўнутраная камісія па ўмоўна- датэрміновым вызваленьні вязьняў, якая разглядала характарыстыку палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі. 1 лютага Бандарэнка напісаў прашэньне аб памілаваньні, і высновы камісіі могуць паўплываць на ягоны лёс. Паседжаньне камісіі адбылося, але яе вынікі стануць вядомыя 9 лютага, паведамілі ў калёніі ў сярэдзіне дня:

«Званіце заўтра ў першай палове дня. Камісія будзе сёньня, але позна скончыцца».

Жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга дакладна ня ведае, якое значэньне гэтая камісія мае для вырашэньня пытаньня аб памілаваньні. Яна не выключае і такога варыянту, што яе мужа атэстуюць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, у чым ужо двойчы адмаўлялі:

«Яго ж могуць і не праз памілаваньне правесьці, а калі ім дадуць зьверху, то зараз могуць атэставаць. Не выключаю і такой верагоднасьці».

У першай палове дня 8 лютага сябра камісіі па памілаваньні пры прэзыдэнце, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка абверг зьвесткі пра тое, што 8 лютага пройдзе паседжаньне камісіі, на якім разгледзяць прашэньні Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкi. «Гэта памылковая інфармацыя. Мне як сябру камісіі дакумэнты на Саньнікава і Бандарэнку не перадавалі». Пра лёс гэтых дакумэнтаў сябра камісіі па памілаваньні нічога ня ведае:

«Прыйшлі ці не прыйшлі дакумэнты, я ня ведаю. Звычайна праз 2–3 дні засядае камісія пасьля таго, як дакумэнты да нас прыходзяць».

8 лютага адвакат Марына Кавалеўская сустрэлася ў віцебскай калёніі «Віцьба-3» з Андрэем Саньнікавым. Стала вядома, што экс-кандыдат на прэзыдэнта адмовіўся ў калёніі сустракацца з пракурорам Віцебскай вобласьці Чадком і кіраўніком аддзелу Генпракуратуры Гарошкам, якія праводзяць праверку заяваў адносна таго, што на Саньнікава аказваўся ціск падчас напісаньня прашэньня аб памілаваньні.

8 лютага жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч атрымала ад яго ліст. «Напісаў пра ўмовы ў крытай турме і пра тое, як яго выводзяць на прагулкі. Вось паслухайце, прачытаю», — сказала Марына Адамовіч:

«Рэжым тут нагадвае сьледчы ізалятар, але больш абмежаваньняў. Днём нельга ляжаць на ложках, няма перадачаў і больш пільны канвой. Сёньня, прыкладам, на прагулку хадзіў адзін, бо сусед з-за марозу не пайшоў. Сьпераду канваір з ратвэйлерам, ззаду — з аўчаркай».

Ліст быў напісаны Статкевічам 2 лютага, у самыя вялікія маразы. На здароўе экс-кандыдат на прэзыдэнта ў сваім лісьце ня скардзіўся.

Ці трымаюць яшчэ Алеся Бяляцкага ў Жодзінскім сьледчым ізалятары? Калега Алеся праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў «Свабодзе», што зьвестак пра перавод у іншую калёнію няма, аднак у апошнім лісьце Алесь напісаў, каб на гэты адрас ужо не пісалі. Сваякі зьвестак пра перавод Бяляцкага ў іншую калёнію таксама ня маюць — ім павінны паведаміць пра гэта пісьмова. Мае спробы высьветліць у дзяжурнага Жодзінскага ізалятара, ці там яшчэ Бяляцкі, аказаліся марнымі:

«Такой інфармацыі праз тэлефон не даем. Прыяжджайце на даведку з дакумэнтамі і высьвятляйце, або чакайце пісьмовага паведамленьня. Інакш інфармацыі пра этапаваньне мы не даем».

Паводле праваабаронцаў «Вясны», Алеся Бяляцкага, якога асудзілі на 4,5 года зьняволеньня, да 10 лютага павінны перавесьці ў адну з калёній.

Маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына не змагла атрымаць зь ім спатканьне, калі прыехала ў калёнію № 22 пад Івацэвічамі на сустрэчу з сынам. Таксама адміністрацыя паведаміла маці палітвязьня, што з гэтага часу ад яе ня будуць прымаць для сына рэчавыя перадачы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG