Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бандарэнка і Ірына Халіп выказваюцца за павелічэньне сьпісу неўязных чыноўнікаў і ўвядзеньне эканамічных санкцыяў. Мікалая Статкевіча ў калёніі наведаў адвакат. У Менску вывесілі банэр у падтрымку Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Праваабаронцу Алеся Бяляцкага яшчэ трымаюць у Жодзінскім СІЗА.

Недарэчнай лічаць Вольга Бандарэнка і Ірына Халіп дыскусію пра тое, ці трэба Эўропе скараціць сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. На думку жонак палітвязьняў, санкцыі супроць рэжыму Лукашэнкі трэба абавязкова ўзмацніць, бо зараз гаворка ідзе ўжо ня проста пра зьняволеньне, а пра катаваньне людзей. Вольга Бандарэнка праводзіць паралелі з фашыстоўскім рэжымам:

«Разумею, што людзі выконваюць загады, у тых жа калёніях, у судах. Але, зь іншага боку, калі на Нюрнбэрскім працэсе судзілі фашыстаў, яны таксама казалі, што выконвалі загады».

1 лютага кіраўніца брусэльскага «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская заявіла, што яе офіс і некаторыя беларускія палітыкі выступаюць за перагляд сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якія апынуліся пад візавай забаронай, у бок яго скарачэньня. Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп гэтую ініцыятыву рэзка крытыкуе і выказваецца ня толькі за пашырэньне сьпісу неўязных чыноўнікаў:

«Візавыя санкцыі павінны пашырацца і далей, але бяз санкцыяў эканамічных яны наўрад ці будуць сапраўды эфэктыўнымі».

2 лютага Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу адвакатаў на судовы вырак мужу Ірыны Халіп, былому кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву, якога пакаралі на 5 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году. Цяпер Андрэй Саньнікаў адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам.


Экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, якога трымаюць у камэры Магілёўскай турмы, наведаў адвакат. Але па-ранейшаму зьвесткі пра Мікалая Статкевіча самыя абмежаваныя: яго трымаюць у камэры яшчэ з адным вязьнем, на ўмовы ён ня скардзіцца. Марына Адамовіч распавяла са спасылкай на апошні ліст ад мужа:

«Напісаў, што мае права на прагулку цягам гадзіны раз на дзень і 25-га ўжо выводзілі першы раз. Напісаў, што гуляе ў атачэньні службовых сабак».
Напісаў, што гуляе ў атачэньні службовых сабак.

Мікалаю Статкевічу адміністрацыя былой ягонай калёніі ў Шклове запісала ў асабістай характарыстыцы, што ён нібыта схільны да агрэсіі і здольны на ўцёкі і таму яго трэба ахоўваць звышпільна, нават з сабакамі, мяркуе Марына Адамовіч. А што наконт санкцый? Магчыма, каб дамагчыся вызваленьня яе мужа, варта скараціць сьпіс неўязных у Эўропу? Марына Адамовіч супраць:

«Нашы ўлады не зрабілі яшчэ нічога, ніводнага кроку, які б сьведчыў пра іх добрыя намеры і даў мажлівасьць для нейкіх крокаў у адказ. Наадварот, на дадзены момант зьменшыць сьпіс — значыць, умацаваць гэтую ўладу».


У Менску на вуліцы Няміга чарговым разам зьявіліся расьцяжкі «Свабоду Лобаву» й «Свабоду Дашкевічу!» «Мы заклікаем неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў», — напісалі маладафронтаўцы на сваім сайце. Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады і адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, Зьміцер Дашкевіч пакараны на 2 гады і сядзіць у Глыбоцкай турме.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч паведаміў, што зьвестак пра этапаваньне кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага з Жодзінскага ізалятара няма. Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG