Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вярхоўны суд адхіліў скаргу на прысуд палітвязьню Эдуарду Лобаву


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу адваката на прысуд актывісту «Маладога фронту» Эдуарду Лобаву, які адбывае пакараньне 4 гадамі калёніі.

Адвакат спрабаваў аспрэчыць прысуд, але судзьдзі палічылі яго справядлівым. «Паведамілі, што наглядная скарга адхіленая ў сувязі з тым, што лічаць паказаньні пацярпелых праўдзівымі», — паведаміла «Свабодзе» маці палітвязьня Марына Лобава.

Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч былі асуджаныя паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве — паводле сьледзтва, за дзень да прэзыдэнціх выбараў актывісты нібыта зьбілі мінакоў на вуліцы Янкі Брыля ў Менску. У судзе пацярпелыя давалі паказаньні за зачыненымі дзьвярыма, нават іх прозьвішчы не былі названыя. Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч заявілі, што інцыдэнт стаў вынікам правакацыі спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх у дзень выбараў, 19 сьнежня 2010 году.

Эдуард Лобаў адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. У адзіночцы ў Глыбоцкай турме сядзіць ягоны аднадумец Зьміцер Дашкевіч, якога пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі.

«Мы ўвесь шлях абскарджваньня прысуду тут у Беларусі ўжо прайшлі, таксама без станоўчага выніку, і цяпер рыхтуем скаргу ў міжнародныя судовыя інстанцыі», — паведаміла пра справы Зьмітра Дашкевіча ягоная нявеста Наста Палажанка.
XS
SM
MD
LG