Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У інтэрнэце зьявіўся відэаролік у падрымку Сяргея Каваленкі


Сяргей Каваленка ў судзе, 28 сьнежня 2010.

Сяргей Каваленка ў судзе, 28 сьнежня 2010.

У сеціве зьявіўся відэаролік з патрабаваньнем вызваліць віцебскага сябра КХП БНФ, які 22-гі дзень трымае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары.

Відэаролік, прысьвечаны Сяргею Каваленку — гэта кліп на песьню Belarus Freedom групы «Ляпіс Трубяцкой», дзе скампанаваныя фота- і відэаздымкі віцебскіх акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і фрагмэнты відэазапісаў, зробленых падчас судовых працэсаў над актывістам.

Наступны раз Сяргея Каваленку будуць судзіць 12 студзеня. Гэта будзе працяг разгляду адміністрацыйнай справы паводле скаргі супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў. Яны заяўляюць, што актывіст, які адбывае ўмоўнае пакараньне — тры гады «хатняй хіміі» за вывешаны на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг — нецэнзурна лаяўся, калі чарговы раз прыйшоў на праверку.

Актывіст ужо на працягу чатырох пасяджэньняў спрабуе аспрэчыць заяву інспэктараў. Калі Каваленку прызнаюць вінаватым у дробным хуліганстве, гэта можа стаць падставай для зьмяненьня «хатняй хіміі» на турэмнае зьняволеньне.

Сяргей Каваленка не прызнае ні адміністрацыйнага, ні крымінальнага абвінавачаньняў, і таму распачаў галадоўку пратэсту. Жонка актывіста, Алена Каваленка, напісала заяву, каб ёй дазволілі спатканьне з мужам, але яе проcьбу не задаволілі.

Алена Каваленка: «Відавочна, што такія ролікі раздражняюць віцебскую міліцыю. У мінулым месяцы мужа нават спрабавалі судзіць на падставе відэаматэрыялаў з падобнага фільму, дзе паказана, як нехта вывешвае бел-чырвона-белы сьцяг на даху крамы „Пяты элемэнт“. Але давесьці, што гэта менавіта Сяргей, супрацоўнікам Кастрычніцкага РАУС не ўдалося. Цяпер невядомыя стваральнікі відэаролікаў вырашылі падтрымаць Сяргея, запатрабаваўшы ягонага вызваленьня, і я ім вельмі ўдзячная».
XS
SM
MD
LG