Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для галадоўніка Сяргея Каваленкі ў СІЗА не прымаюць ваду


Адміністрацыя Віцебскага сьледчага ізалятара адмаўляецца прымаць перадачы для актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі, які працягвае галадоўку ў супраць свайго затрыманьня. Не прымаюць нават ваду.

Пра гэта на паседжаньні віцебскага камітэта дапамогі Каваленку заявіла Тацьцяна Севярынец. Спадарыня Севярынец настойвае, каб Каваленку прызналі палітвязьням і вязьнем сумленьня.

Як паведамляе БелаПАН, ініцыяваў стварэньне камітэта дапамогі Сяргею Каваленку адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец, які сам адбывае пакараньне на хіміі.

Вечарам 5 студзеня камітэт дапамогі Каваленку сабраўся ў другі раз.

«Мы абмеркавалі, якім чынам можам дапамагчы Сяргею. Па-першае, мы будзем дамагацца прызнаньня яго міжнароднымі арганізацыямі вязьнем сумленьня. Па-другое, мы будзем ініцыяваць кампанію салідарнасьці. 16 студзеня ў яго дзень нараджэньня, і мы будзем заклікаць усіх дасылаць яму віншаваньні, каб ён ведаў, што пра яго не забыліся і яго справа набыла грамадзкі рэзананс. І па-трэцяе, мы сабралі пэўную суму грошай для пераводу на яго рахунак, каб ён змог купіць сабе ваду ў ларку ў сьледчым ізалятары », — паведаміла Тацьцяна Севярынец.

Сяргей Каваленка арыштаваны ў рамках заведзенай на яго справы па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Падставай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэньні, якія Каваленка зьдзейсьніў, адбываючы пакараньне — тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай ёлцы Віцебска.
XS
SM
MD
LG