Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі беларускіх сілавых структур — КДБ і МУС — адмаўляюць, што іх супрацоўнікі выкралі і вывезьлі ў лес трох актывістак украінскага руху «Femen». У прыватнасьці, старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзім Зайцаў назваў найгрубейшай правакацыяй інцыдэнт са зьнікненьнем і зьбіцьцём грамадзянак Украіны. Як праваабаронцы, прадстаўнікі жаночых арганізацый і рухаў ацэньваюць інцыдэнт і ягоныя наступствы?

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна, што да выканаўцаў, выказала такое меркаваньне:

«Я думаю, што гэта праца спэцслужбаў. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра слабасьць, баязьлівасьць, мярзотнасьць рэжыму. Яны ўсё трымаюць на кантролі, рэакцыя з боку ўладаў як заўсёды неадэкватная ў дачыненьні да ўсіх мірных пратэставых акцый. Рэжым баіцца, зараз у яго адзіная мэта — татальнае запалохваньне. Але, думаю, гэта ўжо не дапаможа. Гэта падобна на агонію».

Праваабаронца Тацяна Равяка адзначае два аспэкты: праваабарончы і чыста чалавечы, жаночы погляд на тое, што здарылася:

«Гэта проста жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне зь людзьмі. Няхай гэтыя дзяўчаты згодна з нашым нацыянальным заканадаўствам парушылі закон „Аб масавых мерапрыемствах“. Але ёсьць працэдура, ёсьць закон: затрымайце іх, дайце ім штраф, можа, дайце ім адміністрацыйны арышт. Гэта прадугледжана законам. Але ніякім законам не прадугледжана хапаць людзей на вуліцы, вазіць у машыне, зьдзекавацца».

Па-рознаму можна ацэньваць саму акцыю дзяўчат з «Femen». Ня ўсе ухваляюць і нават прымаюць такія формы пратэсту, кажа Людміла Пеціна. Але…

«Можна толькі выказаць свае спачуваньні нашым украінскім сяброўкам і выказаць сваю ўдзячнасьць, што прыехалі сюды і выказалі пратэст. Хоць я і не прыхільніца такіх радыкальных формаў, але гэта дастаткова дзёрзка, гэта вельмі рызыкоўна. І тут можна паапладзіраваць украінскім фэміністкам».

Прадстаўніца «Саюзу маладых хрысціянскіх жанчын» Ірына Альхоўка: «Ёсьць розныя спосабы выказваць пратэст, і ўсе яны маюць права на жыцьцё, таму што сьвет ня чорна-белы. „Femen“ вельмі многія крытыкуюць за тое, як яны падаюць гэтую тэму. Маўляў, занадта шмат адкрытасьці, занадта шмат сэксу. Увагу яны прыцягваюць, але ці даходзіць гэта пасланьне, гэты мэсэдж да тых, каму ён скіраваны? У сьвеце лічыцца, што такія акцыі праз голае жаночае цела не прыносяць чаканага выніку. Яны больш распаўсюджаны на тэрыторыі былога Саюзу. Але я не хачу іх крытыкаваць у сьвятле апошніх падзеяў. А гвалт — гэта заўсёды дрэнна».

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

Праваабаронца Тацяна Равяка зьвяртае ўвагу на маральны, дакладней — на амаральны аспэкт:

«Тут ужо ўступае ў дзеяньне абсалютна іншая, скажоная псыхалёгія тых людзей, якія гэта рабілі. Мяне проста ўражвае як жанчыну і як чалавека: у кожнага, хто гэта рабіў, ёсьць маці, у іх ёсьць сёстры, у большасьці, я ўпэўнена, ёсьць дочкі. Такое рабіць з жанчынамі — гэта дзікунства, гэта неверагодна, гэта за межамі майго чалавечага ўспрыманьня. Як жанчына, я магу сказаць, што гэта проста зьдзек з жаночай, з мацярынскай прыроды».

Ці ёсьць у Беларусі фэмінісцкі рух, ці здольныя беларускія жанчыны на нейкія формы пратэсту?

Ірына Альхоўка: «Я чытала артыкул, што ў нас фэміністкі ёсьць, але фэмінісцкага руху няма. Вось з гэтым я згодная. Пэўныя асобы ёсьць, якія адбыліся, і якія вядомыя, і якіх цытуюць, Але руху ў нас няма, таму што няма кансалідацыі».

З жаночых акцыяў Ірына ўзгадала толькі «Марш парожніх каструль», які правялі беларускія жанчыны гадоў 15 таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG