Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
2 сьнежня ў судзе Партызанскага раёна Менску разглядалася справа пра спагнаньне падаткаў з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. Апрача таго, у тым жа судзе разглядалася скарга Стэфановіча на штраф падатковай інспэкцыі.





15.00 Абвешчаны перапынак да 16 сьнежня.

14.52 Пасьля гэтага Стэфановіч хадайнічае, каб да матэрыялаў справы далучылі зьвесткі «Міжнароднай амністыі», што грошы не прызначаліся асабіста Стэфановічу, што праверка праводзілася і высьветліла, што грошы пайшлі на тыя мэты, які прадназначаліся. Такі ж дакумэнты ён мае і ад Дацкага інстытуту правоў чалавека.

Стэфановіч просіць далучыць і ўзоры друкаванай прадукцыі на кампанію за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, на якую ішлі грошы ад «Міжнароднай амністыі».

Таксама просіць далучыць дакумэнт ад Міністэрства юстыцыі Літвы пра тое, што ранейшая інфармацыя пра рахункі Бяляцкага і Стэфановіча несапраўдная. Гэтыя дакумэнты завераныя афіцыйна.

Суд задаволіў хадайніцтва і далучыў усе дакумэнты да справы.

Стэфановіч заявіў, што і раней выказваў такія тлумачэньні. Яшчэ дадаў, што ня мог прадставіць дакумэнты ў жніўні-верасьні, бо ня быў у Беларусі з-за крымінальнага перасьледу «Вясны» ў той пэрыяд. Потым ён вярнуўся і зараз можа прадставіць гэтыя дакумэнты.

Стэфановіч цытуе закон, паводле якога не абкладаюцца падаткамі грошы, атрыманыя для перадачы трэцім асобаў. Таму ён і не прызнае выстаўленыя прэтэнзіі.

У прадстаўнікоў падатковай пытаньняў да Стэфановіча няма. Але яны папрасілі час — 7 дзён — каб азнаёміцца з дакумэнтамі.


14.44 Пачынае даваць тлумачэньні Стэфановіч.

Ён кажа, што акт яму сапраўды ўручалі але нічога не тлумачылі, што ён можа даць тлумачэньні і не прапаноўвалі гэтага.

Пералічвае некаторых фундатараў:
Дацкі інстутут правоў чалавека — 16 тысячаў эўра
Галандзкая філія «Міжнароднай амністыі» — 1 400 эўра. У тым ліку грошы на кампанію супроць сьмяротнага пакараньня.

Што да іншых сродкаў, не можа пацьвердзіць, што атрымліваў і ад каго, бо дакумэнт, які прадставіла інспэкцыя ў суд, ня мае рэквізітаў.

Прызнае, што ён як намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» сапраўды заключаў дамовы з шэрагам прадстаўнікоў, каб атрымліваць сродкі для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў. У адпаведнасьці з дамовамі ён атрымліваў і перадаваў гэтыя сродкі.


14.13 Паседжаньне па справе пра спагнаньне падаткаў з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча аднавілася.

Прадстаўніца Партызанскай падатковай службы пералічыла палажэньні падатковага Кодэксу, паводле якіх Стэфановіч нібыта не сплаціў падаткі за 2009 год і 2010. Падаткавікі праверылі дэклярацыі Стэфановіча і зьвесткі ад банку SEB і выявілі няплату.

Прадстаўніца інспэкцыі кажа, што Стэфановічу неаднаразова прапаноўвалася прадставіць дакумэнты, што ён, як кажа, атрымліваў грошы, каб перадаць трэцім асобам. Аднак Стэфановіч адмовіўся. Таму, маўляў, інспэкцыя пацьвярджае свой пазоў.

Стэфановіч пытаецца: «Дзе можна знайсьці спасылку на тое, што я, нібыта, адмовіўся даваць дакумэнты?» Прадстаўніца пазоўніка кажа, што яму неаднаразова прапаноўвалася. Другая прадстаўніца падаткавай пацьвердзіла, што калі складалі акт праверкі, Стэфановічу прапаноўвалі прадставіць дакумэнты, але форма акту не прадугледжвае фіксаваньня, што была такая прапанова.

Судзьдзя пытаецца ў супрацоўніц падатковай, ці растлумачылі яны Стэфановічу ягонае права даць тлумачэньні пазьней? Тая паўтарае, што яму прапаноўвалі даць тлумачэньні і азнаёмілі з ягоным правам пазьней прадставіць дакумэнты. Супрацоўніцы падатковай настойваюць, што формай акту не прадугледжана, што трэба зафіксаваць саму прапанову.

Стэфановіч зьвярнуў увагу на тое, што дакумэнт зь Літвы адносна ягонага рахунку ня мае патрэбных рэквізытаў. Падаткавікі патлумачылі, што гэта пераклад. Высьвятляецца, што невядома, зь якіх крыніцаў прыходзілі грошы на рахунак Стэфановіча, гэта прызналі і падлічылі, што такіх крыніц было 3. «Для нас не мае значэньня, гэта фізычныя асобы ці юрыдычныя», — патлумачылі падаткавікі.

Высьветлілася, што арыгіналу дакумэнту з Літвы ў падаткавікоў няма. Яны спасылаюцца толькі на пераклад, які ім выдалі ў Гандлёвай палаце.

Стэфановіч цікавіцца, чаму яны правялі праверку?

Адказ: Паводле інфармацыі ад Міністэрства падаткаў і збораў.

Стэфановіч высьвятляе, ці правяралі яго за пэрыяд 2008 году? Прызналі, што не правяралі, але потым сказалі, што гэта трэба дадаткова высьвятляць.

Тлумачэньні падаткавікоў скончаныя.


12.45 Скарга Валянціна Стэфановіча не задаволена. Праваабаронца паведаміў журналістам, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне суду.

12.02 Суд адхіліў хадайніцтва Стэфановіча пра адвод судзьдзі і пачаў вывучаць матэрыялы справы. За 2 хвіліны судзьдзя праглядзела матэрыялы і выйшла для вынясеньне рашэньня. яно будзе агалошана ў 12.45

Стэфановіч заўважыў журналістам, што судзьдзя мусіла агалошваць тое, што яна вывучае. Але гэтага не было зроблена.


11.45 Прыйшла судзьдзя абвясьціла, што не задавальняе хадайніцтва Стэфановіча. Стэфановіч абвясьціў адвод судзьдзі. Яна пайшла вырашаць.

11.40 Пачаўся разгляд скаргі Стэфановіча на Партызанскую падатковую інспэкцыю на прыцягненьне яго да адміністрацыйнай адказнасьці. Раней Стэфановіч скардзіўся на судзьдзю Марыянну Валчкову. Стэфановіч падаў хадайніцтва аб адкладзе гэтага разгляду, бо ён раней скардзіўся на судзьдзю Валчкову паводле яе парушэньняў пры першым паседжаньні разгляду гэтай скаргі. Студзьдзя пайшла вырашаць хадайніцтва Стэфановіча.

10.25 Судзьдзя абвясьціла перапынак да 14.15, бо скаргу будуць раглядаць у 11.30. Стэфановіч незадаволены тым, што ягонае хадайніцтва не задаволілі, хаця гэта азначае, што можна будзе разглядзець скаргу.



10.25 Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Стэфановіча.

10.13 У працэсе перапынак. Судзьдзя Абрамовіч пайшла ў дарадчы пакой, каб вырашыць лёс хадайніцтва. На працэс дапусьцілі ўсіх жадаючых — усяго болей за 10 чалавек , разам з журналістамі. Прысутнічаюць 2 прадстаўнікі падатковай службы, якіх дапусьцілі як прадстаўнікоў пазоўніка.

Стэфановіч хадайнічае, каб спынілі вытворчасьць па пазову, пакуль ня будзе разгледжаная ягоная скарга. Раней Стэфановіч паскардзіўся старшыні суду на судзьдзю Марыну Валчкову, што тая парушала закон, калі разглядала ягоную скаргу на пастанову аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці.


10.10 Працэс пачаўся. Прастаўнік інспэкцыі хадайнічае, каб павялічыць суму пазову з 41 мільёна да 43-х за кошт павялічэньня пені.

9.55 Справу будзе разглядаць судзьдзя Вераніка Абрaмовіч.

«Я мяркую, што суд вырашыў сабе спрасьціць жыцьцё. І калі першы працэс пастановіць спагнаць зь мяне гэтую суму, то, у прынцыпе, другі можа спаслацца на гэтае рашэньне», — заяўляў раней у інтэрвію «Свабодзе» Стэфановіч.

Інспэкцыя па падатках і зборах Партызанскага раёну Менску 19 кастрычніка аштрафавала Стэфановіча на 4 мільёны 750 тысяч рублёў. Яго прызналі вынаватым паводле адміністрацыйнага артыкулу «нявыплата ці няпоўная выплата падаткаў».

Банкаўскія дадзеныя праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановічам афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG