Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Афіцыйныя структуры не пацьвярджаюць і не абвяргаюць агучаную напярэдадні інфармацыю пра затрыманьне набліжанага да ўладаў банкіра Віктара Шаўцова. У менскім офісе «Трастбанку» таксама адмаўляюцца нешта казаць пра месцазнаходжаньне аднаго са сваіх заснавальнікаў. Між тым экспэрты не выключаюць, што да магчымай нэўтралізацыі фінансіста мог прывесьці канфлікт інтарэсаў з уплывовымі асобамі ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Факт арышту кіраўніка «Трастбанку» не пацьвердзілі ні ў структурах МУС, ні ў КДБ. Адказ аднолькавы — «Без камэнтароў». Няма ніякага тлумачэньня і з боку адміністрацыі «Трастбанку»:

«Справа ня ў тым, што няма чаго сказаць канкрэтна вам ці камусьці яшчэ. Няма падставы нешта гаварыць. Асабіста я нават ня бачу нейкага прадмета для камэнтароў».

Кулюарна некаторыя супрацоўнікі ўсё ж пацьвярджаюць, што на працоўным месцы Шаўцова няма ўжо некалькі тыдняў. На сайце «Трастбанку» Віктар Шаўцоў па-ранейшаму значыцца кіраўніком назіральнай рады банку.

Апошнія паўтара дзясятка гадоў Віктар Шаўцоў небеспадстаўна лічыцца адным з самых аўтарытэтных бізнэсоўцаў Беларусі. У першай палове 1990-х ён заснаваў адзін зь першых прыватных банкаў — «Інфабанк» — і зь цягам часу ўвайшоў у шэраг камэрцыйных структураў, якім улады найбольш давяралі і з дапамогай якіх ажыцьцяўлялі не заўсёды афішаваныя камэрцыйныя зьдзелкі.

«Інфабанк» стаў перадатачным зьвяном у супрацоўніцтве Беларусі з шмат якімі праблемнымі рэжымамі. Так, у 2001 годзе акцыянэрам «Інфабанку» стаў Лібійскі арабскі банк, што спрашчала кантакты афіцыйнага Менску з палітычным ізгоем Муамарам Кадафі. Шчыльныя кантакты захоўваюцца з іранскім рэжымам Махмуда Ахмадзінэджада. Праз «Інфабанк» ішлі зьдзелкі з ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам, і нават за некалькі дзён да пачатку натаўскага бамбаваньня «Інфабанк» зьбіраў для журналістаў чартэр у Багдад. Але амэрыканская адміністрацыя абвінаваціла «Інфабанк» у адмываньні грошай, і банку, далучанаму да праграмы ААН па Іраку «Нафта ў абмен на харчаваньне», забаранілі любыя апэрацыі на тэрыторыі ЗША. Пры гэтым, словамі прадстаўніка Нацыянальнага банку Беларусі Анатоля Драздова, у беларускага рэгулятара да «Інфабанку» ніякіх прэтэнзій не было:

«Чаго яны ад нас хочуць? Калі амэрыканцы ўвайшлі ў Ірак, то крычалі, што дзесьці там знайшлі ледзьве ня пачак плацёжак „Інфабанку“, абвінавачвалі амаль што ў сувязях з „Аль-Каідай“. Але чамусьці ніхто ніводнай плацёжкі так і не паказаў. Таму вялікі сумнеў выклікае тая заява Міністэрства фінансаў. Тым больш, неяк дзіўна прагучала — справа расьсьледуецца. Дык вы спачатку расьсьледуйце, а потым вякайце. Няма ў Нацыянальнага банку ў гэтым пытаньні ніякіх прэтэнзій, таму што ўсё гэта — вялікая гульня. У Іраку прыйшоў да ўлады нацыянальны ўрад, натуральна, што ён будзе краіну падымаць, закупляць абсталяваньне, натуральна, ён абвесьціць тэндэр, натуральна, што на гэтым тэндэры перамогуць беларускія грузавікі. Таму што, па-першае, яны таньнейшыя, па-другое, іракцы іх ведаюць, яны зь імі даўно працуюць. Загадзя адсякаюцца канкурэнты. Таму што, вядома, амэрыканцы хочуць, каб іх грузавікі туды пайшлі. Ці іншае абсталяваньне».

Тым ня меней вынікам міжнароднага скандалу стаў тэрміновы рэбрэндынг: замест «Інфабанку» на фінансавым рынку Беларусі зьявіўся «Трастбанк». Схаваная пад новай шыльдай старая структура ня толькі не спыніла сваёй экспансіі на міжнародным рынку, але шматкроць яе пашырыла. Экспарт паслугаў шматразова вырас са зьяўленьнем закрытага акцыянэрнага таварыства «Белзамежбуд» з доляй іранскага капіталу, у якім месца старшыні рады дырэктараў заняў усё той жа Віктар Шаўцоў.

Кампанія працуе ў Амане, Іране, Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Сырыі і г.д. Але найбольшыя маштабы дзейнасьці «Белзамежбуда» прыпадаюць на Вэнэсуэлу, дзе структура Шаўцова будуе заводы па зборцы аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларус», узводзіць жылыя раёны і аграгарадкі. Менавіта адтуль, як сьцьвярджаюць крыніцы, прыйшлі зьвесткі, што беларускія рабочыя па савецкай звычцы спрабавалі скрасьці тое, што, як ім падалося, дрэнна ляжыць.
Зразумела, што прычына яго затрыманьня ня ў дзьвюх тонах арматуры, а ў якіхсьці ўнутраных узаемаадносінах у асяродку людзей, якія распараджаюцца грашыма цяперашняга рэжыму

Эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн лічыць сьмеху вартай спробу навесіць на банкіра крадзеж будаўнічых матэрыялаў. Па некаторых зьвестках, у Шаўцова склаліся няпростыя адносіны зь беларускім куратарам вэнэсуэльскага рынку Віктарам Шэйманам, які мае значны ўплыў на Аляксандра Лукашэнку:

«Зразумела, што прычына яго затрыманьня ня ў дзьвюх тонах арматуры, а ў якіхсьці ўнутраных узаемаадносінах у асяродку людзей, якія распараджаюцца грашыма цяперашняга рэжыму. Банк абсалютна кішэнны, для абслугоўваньня будаўнічых фірмаў, якія ўзводзілі кучу розных аб’ектаў як у Беларусі, так і за мяжой. Прынамсі з дадзеных гэтага банку па заснавальніках гэта яскрава бачна. Шчыра кажучы, яго дзейнасьць у стандартную банкаўскую дзейнасьць ня вельмі добра ўпісваецца, хоць калі проста ўзяць яго балянс, то бачна, што расьце прыбытак і г.д. Зрэшты, ён абсалютна можа расьці, можа падаць, але гэта ніяк не ўплывае на дзейнасьць гэтага банку, паколькі ён ня дзеля таго створаны, каб зарабляць вялікія грошы, а проста гэткі кішэнны банчык. А калі гаворка вядзецца пра кішэнны банк, які абслугоўвае інтарэсы людзей, якія яго, уласна кажучы, і арганізавалі, то якая розьніца, якія ў яго актывы, які ў яго прыбытак і колькі ў яго капіталу? Ён ня дзеля гэтага створаны».

Віктар Шаўцоў атрымлівае дывідэнды ня толькі ад банкаўскай дзейнасьці і ўзьвядзеньня нерухомасьці ў Беларусі і за мяжой. Ад 1998 году ў склад холдынгу «Трастбанк» уваходзіць папулярны сярод беларусаў і замежнікаў музэйны комплекс «Дудуткі». Але сёлета ў верасьні музэй істотна пацярпеў ад пажару, агнём былі зьнішчаныя многія аўтэнтычныя рэчы і абсталяваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG