Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі “Інфабанк”, які ЗША вінаваціць у адмываньні грошай, зьмяніў назву


Ігар Карней, Менск Ад 24 лютага ў Беларусі пачаў працаваць банк пад назвай “Трастбанк” – у перакладзе з ангельскай гэта “банк даверу”, ці “банк, якому давяраюць”. Праўда, у гэтым выпадку пераклад зь нейкай нацяжкай – пад новай шыльдай на фінансавым рынку выступае “Інфабанк”, які міністэрства фінансаў ЗША абвінаваціла ў адмываньні грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Чаму “Інфабанку” запатрабавалася мяняць назву і ці зьвязана гэта з сэрыяй скандалаў вакол банку?

Паводле свайго капіталу “Інфабанк” у маштабах Беларусі – сярэдні банк, аднак цягам апошніх гадоў ён лічыцца набліжаным да ўладаў, што дазваляе яму існаваць на фінансавым рынку досыць аўтаномна. Уся справа ў тым, што менавіта праз “Інфабанк” ажыцьцяўляліся небясспрэчныя апэрацыі, найперш – з арабскім сьветам. Менавіта гэтая акалічнасьць сталася падставай да таго, што ў жніўні мінулага году Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла пра магчымасьць санкцый супраць “Інфабанку” у зьвязку з махінацыямі вакол праграмы ААН па Іраку “Нафта ў абмен на харчаваньне”.

Неўзабаве “Інфабанк” трапіў у даклады Дзярждэпартамэнту ЗША і ЦРУ за незаконны гандаль зброяй з тым жа Іракам і некаторымі іншымі арабскімі краінамі. Натуральна, усё гэта шырока камэнтавалася міжнароднай прэсай, што стварыла беларускаму банку пэўны імідж, які запатрабавалася тэрмінова мяняць. Дарэчы, усіх кліентаў у абноўленай банкавай установе супакойваюць: нічога надзвычайнага не адбылося, усё ідзе паводле пляну.

(Супрацоўніца банку: ) “Зусім ня трэба хвалявацца, мы неўзабаве накіруем вам ліст, там усё будзе напісана, так што ўсё ў парадку і палохацца няма чаго. Усё добра, рэквізыты засталіся ранейшыя, зьмянілася толькі назва”.

Ці ўзгодненыя ўжо ўсе фармальнасьці аб зьмене назвы з нацыянальным банкам Беларусі? На гэты конт маецца спэцыяльны дакумэнт, датаваны яшчэ днём 21 лютага. У ім указана, што Нацыянальны банк зарэгістраваў зьмены ў Статут акцыянэрнага таварыства “Інфабанк”, прынятыя сходам яго акцыянэраў ад 21.01.2005, уключна са зьменай назвы банку, і ад учорашняга дня “Трастбанк” на законных падставах стаў правапераемнікам “Інфабанку”. Адначасна яму выдадзеныя новыя ліцэнзіі з захаваньнем рэгістрацыйных нумароў.

Прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў пры гэтым кажа, што яму цалкам зразумела, чаму былы ўжо “Інфабанк” патрапіў у эпіцэнтар міжнароднай крытыкі.

(Драздоў: ) “Я разумею, чаму яны чапляюцца за “Інфабанк”. Гэты банк сапраўды абслугоўваў рахункі кампаній, якія пастаўлялі ў Ірак нашы машыны ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Хтосьці ж павінен быў гэтыя рахункі абслугоўваць? Ну, і яшчэ там быў рахунак ірацкай амбасады. Але пасьля таго, як здарылася ў Іраку акупацыя, рахунак зачынілі”.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч гаворыць, што калі “Інфабанк” сапраўды займаўся сумнеўнымі фінансавымі апэрацыямі, дык гэта адбывалася зь ведама Нацбанку і цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.

(Багданкевіч: ) “Нацбанк цалкам падпарадкаваны ўладзе, таму тут ня можа быць двух меркаваньняў. Існуе распараджэньне прэзыдэнта, што старшыня Нацбанку зьяўляецца членам ураду. Таму ён ужо паводле сваёй пасады выконвае ўсе рашэньні ўладаў”.

Цікаўнасьць да “Інфабанку” апошнім часам узьнікла яшчэ і ў зьвязку з забойствам журналісткі тыднёвіка “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай. Некалькі гадоў таму Чаркасава езьдзіла ў Ірак на запрашэньне банку, які меў сталыя чартэрныя авіярэйсы з Багдадам. Аднак пасьля падзеньня рэжыму Хусэйна амэрыканцы абвінавацілі банк у гандлі зброяй і блякавалі ўсе яго замежныя рахункі.

Гісторыя нарабіла шмат шуму, а Вераніка Чаркасава вырашыла правесьці ўласнае расьсьледаваньне. Як лічаць сваякі і калегі Чаркасавай, кагосьці магчымая ўцечка інфармацыі напалохала. Праўда, сьледчыя лічыць інакш і гавораць пра бытавыя матывы забойства.
XS
SM
MD
LG