Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі трэба правесьці сваю праверку ірацкіх кантрактаў


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі беларускай апазыцыі настойваюць, каб у Беларусі было праведзенае незалежнае дасьледаваньне беларускіх кантрактаў у рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Гэтыя патрабаваньні зьвязаныя з карупцыйным скандалам у ААН вакол гэтай праграмы, што дазваляла прадаваць тавары Іраку часоў Садама Хусэйна.

Беларусь мела прыязныя дачыненьні з урадам Садама Хусэйна і брала актыўны ўдзел у праграме ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Прадстаўнікі ўраду Беларусі ў той час, прымаючы ў Менску ірацкіх калег, скардзіліся, што беларускія кантракты нібыта беспадстаўна замарожваліся ў камітэце па санкцыях ААН. У сувязі з вайной у Іраку гэтыя кантакты спыніліся, пазьней гучалі пэўныя абвінавачаньні ў парушэньнях на адрас Беларусі. У прыватнасьці, урад ЗША абвінаваціў беларускі “Інфабанк” у адмываньні грошай Садама Хусэйна. А “Народная Воля” выказвала падазрэньні пра датычнасьць да праграмы лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Апошні ў судовым парадку абверг публікацыю “Народнай Волі”. Спадар Гайдукевіч заяўляе, што ня меў ніякіх бізнэсовых інтарэсаў у Іраку, толькі палітычныя кантакты. “Інфабанк” у адмысловай заяве таксама абверг абвінавачаньні на свой адрас. Пазьней ён памяняў сваю назву на “Трастбанк”.

Не адмаўляецца ад свайго ўдзелу ў праграме “Нафта ў абмен на харчаваньне” вядомы беларускі бізнэсовец Аляксей Ваганаў. Ён перакананы, што карупцыя і хабар у рамках гэтай праграмы былі магчымыя хіба што “на самым версе, а шараговыя апэратары пра гэта ня ведалі”, і што парушэньні трэба шукаць сярод канчатковых спажыўцоў нафты, фірмаў, якія пастаўлялі ірацкую нафту на перапрацоўку. Пры гэтым спадар Ваганаў зазначае, што кантракты ягонай кампаніі былі пад кантролем МЗС Беларусі і структураў ААН:

(Ваганаў: ) “У любым выпадку, гэта рабілася праз нацыянальныя МЗС — і не іначай. Так, адносна празрыста… Але асноўным пакупніком нафты былі Злучаныя Штаты. Да 70 адсоткаў”.

Кампанія Аляксея Ваганава спыніла сваю працу ў Іраку задоўга да ваенных дзеяньняў.

(Ваганаў: ) “Мы за два гады спынілі сваю працу, таму што там пачалі зьяўляцца такія пытаньні, пра якія вы кажаце… Мы ў іх удзелу не бярэм”.

Фірма Аляксея Ваганава мела інвэстыцыйны праект у Рамадзе, дзе яна арганізоўвала вытворчасьць шкла. Цяпер гэты завод разбураны.

Беларускі эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук мяркуе, што падазрэньні наконт карупцыі беларускіх уладаў і фірмаў падчас рэалізацыі кантрактаў у рамках праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” застаюцца, паколькі сама гэтая схема была недастаткова празрыстай. Цяпер, калі праграма завершаная, калі зробленая праверка ў ААН, патрэбна было б правесьці і незалежнае дасьледаваньне ўсіх беларускіх кантрактаў у рамках гэтай праграмы, мяркуе Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Трэба было б скласьці буйную незалежную камісію, у склад якой увайшлі б прадстаўнікі ня толькі адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду, але і дэпутаты Палаты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Толькі тады Беларусь магла б адэкватна адрэагаваць на гэтыя абвінавачаньні”.

Спадар Раманчук мяркуе, што гэтая камісія мела б высьветліць усе падрабязнасьці ірацкіх кантрактаў, і асабліва пільна, ці плацілі зь іх падаткі. Прыклад гэтага — дасьледаваньні карупцыі ў межах гэтай праграмы, якія былі зробленыя ў ААН, Францыі, Вялікабрытаніі.
XS
SM
MD
LG