Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Арганізатараў Народнага сходу працягнуць судзіць 11 лістапада


Суд Бабруйску абвясьціў перапынак у разглядзе адміністрацыйных спраў супраць арганізатараў Народнага сходу Галіны Сьмірновай і Канстанціна Локцева. Як сьцьвярджаюць актывісты, судзьдзя Натальля Шэгеда нечакана прыняла такое рашэньне, знаёмячы ўдзельнікаў працэсу з матэрыяламі спраў, якія былі аб’яднаныя ў адну вытворчасьць. Адновіцца судовае пасяджэньне 11 лістапада.

Як заяўляюць актывісты, судзьдзя мусіла абвясьціць перапынак, бо яны пераканаўча даводзілі, што ў Бабруйску 8 кастрычніка адбыўся Народны сход, а не несанкцыянаванае мерапрыемства, ва ўдзеле ў якім іх вінавацяць.

Галіна Сьмірнова: «Я пратэставала супраць таго, што мяне вінавацяць у парушэньні закону „Аб масавых мерапрыемствах“. У той жа час усё сьведчыла пра тое, што ў нашым выпадку мы не парушалі гэтага закону. Наша мерапрыемства праходзіла ў адпаведнасьці з законам „Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах“. Усе пытаньні тычыліся правядзеньня Народнага сходу, а не несанкцыянаванага мерапрыемства. Атрымалася, што судзьдзя, відаць, сама заблыталася, і, каб выбавіцца з такой сытуацыі, абвясьціла перапынак».

Сёньня суд заслухаў паказаньні сьведак. Супраць актывістаў сьведчылі двое міліцыянтаў — Малахаў й Малішэўскі. Зь мясцовага ізалятара часовага ўтрыманьня для дачы паказаньняў даставілі асуджанага 3 лістапада на дзесяць сутак арышту яшчэ аднаго сябра аргкамітэту сходу — Віктара Бузінаева. Судзіла яго таксама Натальля Шэгеда.
Судзьдзя вымушаная была абвясьціць перапынак. Яна ж ня можа вынесьці апраўдальны вырак, калі ўжо аднаго актывіста за тое ж пакарала 10 суткамі арышту

Назіральнік на працэсе, магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель: «Не запрасілі на паседжаньне як сьведку начальніка ідэалягічнага аддзелу Бабруйскага гарвыканкаму Маркачова. У міліцэйскім апытаньні ён прызнаў, што актывісты праводзілі Народны сход, і гэтыя прызнаньні ёсьць у матэрыялах справы. Наагул працэс меў выключна абвінаваўчы ўхіл. Не было да канца даведзена азнаямленьне з матэрыяламі справы, бо ўсе яны сьведчылі на карысьць Народнага сходу. Каб неяк выйсьці зь неадназначнага для сябе становішча, судзьдзя вымушаная была абвясьціць перапынак. Яна ж ня можа вынесьці апраўдальны вырак, калі ўжо аднаго актывіста за тое ж пакарала 10 суткамі арышту».

Суду былі прад’яўленыя пратаколы па арганізацыі сходу й сьпісы тых, хто падпісаўся за яго правядзеньне ў Бабруйску. З гэтымі сьпісамі судзьдзя толькі азнаёмілася, бо, паводле Галіны Сьмірновай, аргкамітэт даваў падпісантам слова, што іх імёны ня будуць даступныя ўладзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG