Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 12 лістапада ў Менску ды іншых гарадах краіны прызначаны чарговы Народны сход. На ім арганізатары зьбіраюцца абвясьціць адказ улады на рэзалюцыю, якая была прынятая адкрытым галасаваньнем 8 кастрычніка на папярэднім сходзе. Тады ўдзельнікі патрабавалі спыніць рост цэнаў, індэксаваць заробкі і пэнсіі; скасаваць сыстэму кароткатэрміновых абавязковых кантрактаў; вызваліць палітвязьняў, правесьці новыя свабодныя выбары прэзыдэнта і парлямэнта.

У гэтыя дні мясцовая ўлада, міліцыя і КДБ зноў распачалі ціск на арганізатараў Народнага сходу. Наша радыё атрымлівае паведамленьні пра суды, арышты й штрафы. Падрабязнасьці — у рэгіянальным дзёньніку.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Суд над Віктарам Бузінаевым


У чацьвер, 3 лістапада, Бабруйскі суд пакараў дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту старшыню мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева.

Судзьдзя Натальля Шэгеда прызнала актывіста вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. У міліцэйскім пратаколе гэтак названы Народны сход, на якім актывіста затрымалі, калі ён спрабаваў зачытаць рэзалюцыю. Сьведкамі абвінавачаньня сёньня ў судзе выступалі міліцыянты, якія няволілі Бузінаева — Малахаў і Малішэўскі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

«Перад імі стаіць задача як мага мацней запалохаць беларускі народ. Каб ён баяўся ня толькі адкрываць рот, але й нават думаць пра нейкія дзеяньні. 12 лістапада мы ў любым выпадку зьбяромся на тым жа самым месцы. І зачытаем людзям адказы з ураду на іх патрабаваньні. Да нас яшчэ зьвярнуліся грамадзяне зь іншых мікрараёнаў з просьбай правесьці аналягічныя Народныя сходы. Падрыхтоўка да гэтага ідзе поўным ходам», — заяўляў перад судом Віктар Бузінаеў.


Судзіцьмуць Галіну Сьмірнову і Канстанціна Локцева


У Бабруйску чакаюць судоў яшчэ двое арганізатараў Народнага сходу. Сябру АГП Галіне Сьмірновай прызначылі суд на 9 лістапада. Дата суду над беспартыйным Канстанцінам Локцевым пакуль яшчэ невядомая. І Локцева, і Сьмірнову вінавацяць у тым жа, што і Віктара Бузінаева. Ці адбудзецца 12 лістапада Народны сход у Бабруйску — пытаньне абмяркоўваецца, заяўляюць у аргкамітэце.



Уладзімер Шанцаў: Нам ёсьць што сказаць людзям


У Магілёве арганізатара мясцовага сходу Ўладзімера Шанцава таксама вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства. Паводле міліцэйскага пратаколу, актывіст арганізаваў Народны сход без дазволу гарвыканкаму. Шанцаў заяўляе, што Народны сход 12 лістапада ў Магілёве адбудзецца:

«Людзі інфармуюцца і пра адказы, і пра рэпрэсіі. Мы ж усе ведаем, пра што цяпер людзі гавораць — пра цэны. Мы зьвярталіся да ўраду наконт зьніжэньня цэнаў, нам адказалі з Нацбанку. З адказу вынікае, што ў прынцыпе яны нічога мяняць не зьбіраюцца. Нам жа ёсьць што сказаць людзям, таму працяг павінен быць. А вось з чым выходзіць да народу ўладзе — гэта другое пытаньне».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сход адкрыты, запрашаюцца ўсе


У Гомелі грамадзкія актывісты рыхтуюцца да другой сэсіі Народнага сходу, якая мае адбыцца 12 лістапада ля ДК «Віпра» на вуліцы Юбілейнай.

Апавядае старшыня гарадзкога аргкамітэту, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«12 лістапада будзе другая сэсія Народнага сходу. Гэта мясцовы сход жыхароў вуліц Юбілейнай, 50 год БССР, Цімафеенкі. Але гэты сход адкрыты, таму запрашаюцца ўсе жыхары гораду Гомелю».

Спадар Палякоў кажа, што аргкамітэт дзейнічае ў межах закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» і ўсякія супрацьдзеяньні проста недапушчальныя:
Ёсьць неабходнасьць правесьці другую сэсію сходу, каб давесьці да ведама, якія меры прынятыя, як адрэагавала ўлада.

«Мы гэта праходзілі мінулым разам. Перашкоды тады ствараліся й цяпер ствараюцца. Але, я лічу, калі глядзець толькі на перашкоды, то немажліва нічога правесьці. Мы прынялі 8 кастрычніка адпаведную рэзалюцыю з патрабаваньнямі. Гэтыя патрабаваньні перададзеныя ў Савет міністраў. Зараз ідуць адказы на гэтыя патрабаваньні. Таму й ёсьць неабходнасьць правесьці другую сэсію сходу, каб давесьці да ведама, якія меры прынятыя, як адрэагавала ўлада на патрабаваньні ўдзельнікаў сходу 8 кастрычніка».

Валер Сьляпухін, грамадзкі актывіст і жыхар вуліцы Юбілейнай, які на мінулым сходзе прапанаваў прыняць рэзалюцыю, лічыць, што людзі захочуць пачуць адказы на свае пытаньні:

«На дадзены момант ёсьць адказы ад ураду, ад Нацыянальнага банку — афіцыйныя лісты, якія можна зачытаць і расказаць пра рэакцыю ўладаў на ўзьнятыя пытаньні. Спадзяемся, што людзі захочуць гэта пачуць».


Папярэджаньні, штрафы, арышты актывістаў


Перад папярэднім сходам і пасьля яго мясцовыя ўлады пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі й штрафамі сямёх актывістаў. У прыватнасьці, Валер Сьляпухін аштрафаваны на 1 мільён 400 тысяч рублёў. За распаўсюд улётак пра Народны сход 12 лістапада на 15 сутак арыштаваны Ільля Міронаў. Двойчы аштрафаваны Ўладзімер Няпомняшчых.

31 кастрычніка Жлобінскі раённы суд прысудзіў 14 сутак арышту мясцоваму арганізатару Народнага сходу Валеру Рыбчанку. На волю ён выйдзе толькі 13 лістапада.

Учора, 2 лістапада, гомельскі сябра аргкамітэту Ўладзімер Кацора атрымаў папярэджаньне пракуратуры Савецкага раёну:

«Улады баяцца, калі людзі зьбіраюцца, і ўсё зараз падганяюць пад закон пра масавыя мерапрыемствы. Ня хочуць прызнаваць, што ёсьць закон пра мясцовыя сходы і што склікаць такія сходы цалкам законна. Гэта мы рабілі, робім і будзем рабіць».


ВІЦЕБШЧЫНА


Міліцыя папярэджвае Тацяну Севярынец і Ірыну Яскевіч


Ірыну Яскевіч, якая праводзіла Народны сход 8 кастрычніка, і Тацяну Севярынец, якая была на сходзе сакратаром, выклікаюць у міліцыю, каб яны падпісалі афіцыйнае папярэджаньне наконт наступнага сходу 12 лістапада. Абедзьве спадарыні адмовіліся падпісваць такі дакумэнт.

Сёньня Ірына Яскевіч заявіла «Свабодзе», што ня мае намеру ісьці ў міліцыю:
Паколькі ў іх няма ніякіх паўнамоцтваў, каб уручаць мне нейкія папярэджаньні, то ня бачу сэнсу ісьці ў міліцыю.

«Паколькі ў іх няма ніякіх паўнамоцтваў, каб уручаць мне нейкія папярэджаньні, то ня бачу сэнсу ісьці ў міліцыю. Я не стаю ў іх на ўліку, я не правапарушальнік. Дый увогуле супрацоўнікі міліцыі былі на нашым сходзе. Чаму ж яны нас не папярэдзілі і не спынілі, калі гэта парушэньне? Наадварот, народная міліцыя ўпершыню была „народнай“ — яны не галасавалі супраць, знаходзячыся ў нашых шэрагах!»

За сход 8 кастрычніка на Ірыну Яскевіч і Тацяну Севярынец склалі адміністрацыйныя пратаколы — нібыта яны парушылі заканадаўства пра вулічныя акцыі. Дата суду пакуль не вядомая, але спадарыня Яскевіч ужо гатовая адстойваць свае правы:

«Ніякага парушэньня не было. Пацьвярджэньнем таго можна лічыць адказы, якія прыходзяць з розных установаў, куды Саўмін адаслаў нашы пытаньні. І ў гэтых зваротах і тлумачэньні напісана: „пазнаёміць астатніх заяўнікаў“. Так што сустрэча 12 лістапада адбудзецца, так!»

Сустрэча адбудзецца тамсама, дзе і мінулым разам — у дварах дамоў № 2 і № 4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага.


У Воршы сходы пройдуць у дварах


Правесьці сустрэчы ў дварах, дзе жывуць тыя, хто падпісаўся за правядзеньне Народнага сходу 8 кастрычніка, вырашылі і ў Воршы. Пра гэта распавёў адзін з арганізатараў, сябар партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў:

«Возьмем 3–4 двары, дзе жывуць тыя, хто ставіў подпісы, і дамо пачытаць адказы. Адказы ўжо ёсьць, дзе мы пыталіся пра якасьць вады, пра цэны, пра кантракты, іншыя пытаньні ставілі. Але — міністэрства нам адказвае, а нашы мясцовыя ўлады, наш выканкам усё адно пішуць толькі, што мы правялі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

Перад сходам 8 кастрычніка аршанскіх арганізатараў Мікалая Дзямідава і Міная Карніенку затрымала міліцыя — нібыта нехта пачуў, што яны паміж сабой размаўляюць пра зброю, і гэта «пільным мінакам» падалося небясьпечным. У іх адсутнасьць сход правёў сябар аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўген Анішчанка. Яго таксама хацелі выклікаць у міліцыю — патэлефанавалі ды запрасілі «паразмаўляць пра Народны сход». Аднак без афіцыйнай позвы актывіст ісьці адмовіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG