Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік турмы адпісаў праваабаронцы пра стан здароўя Саньнікава


Праваабаронца Крысьціна Шацікава з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» дамаглася ад начальніка магілёўскай папраўчай установы «Турма № 4» Аляксандра Ламазы пісьмовых адказаў на свае пытаньні адносна стану здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнцтва Андрэя Саньнікава, які ўтрымліваўся ў гэтай турме падчас этапаваньня з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую. Прабыў палітык у магілёўскай турме пяць дзён — ад 25 да 29 верасьня.

30 верасьня ад Аляксандра Ламазы Шацікава атрымала адказ: «Грамадзянін Андрэй Саньнікаў у турме № 4 не знаходзіцца». Актывістку допіс турэмшчыка не задаволіў, і яна зьвярнулася са скаргай у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Пасьля гэтага атрымала ад Ламазы адказы па сутнасьці. У лісьце гаворыцца, што за час знаходжаньня Саньнікава ў турме скаргаў ад яго не паступала, штодзень яго аглядалі мэдыкі, зьняважлівага абыходжаньня ён не зазнаваў.

Крысьціна Шацікава
Шацікава: «Гэты адказ можна падшыць да справы. Гэта тое, чаго я дамагалася. Ламаза і іншыя чыноўнікі павінны адказваць за свае словы, а каб адказваць, трэба мець іх у пісьмовым выглядзе. Ці можна лічыць адказ Ламазы праўдзівым? Пра гэта мы даведаемся, калі будуць суды над тымі, хто парушаў закон і хто зьневажаў у няволі палітзьняволеных».

28 верасьня поштай у адміністрацыю турмы № 4 даслалі свае звароты 19 чалавек. Напярэдадні падчас сустрэчы з праваабаронцамі й журналістамі Аляксандар Ламаза запэўніў, што стан здароўя Андрэя Саньнікава здавальняючы. Пры гэтым ён адмовіўся прыняць з рэгістрацыяй звароты грамадзян — таму іх даслалі поштай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG