Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адамкус: Літва, Беларусь і Польшча дамовіліся пра таемны абмен агентамі


Валдас Адамкус
Валдас Адамкус
Тры гады таму вышэйшыя чыноўнікі Літвы, Беларусі і Польшчы таемна дамовіліся аб абмене затрыманымі супрацоўнікамі спэцслужбаў. Аб гэтым у сваёй апошняй кнізе "Апошні тэрмін паўнамоцтваў. Дзёньнікі прэзыдэнта" напісаў экс-кіраўнік Літвы Валдас Адамкус.

Паводле агенцтва навінаў DELFI, Адамкус піша, што ў чэрвені 2008 году тагачасны гендырэктар Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Повілас Малакаўскас распавёў аб сакрэтных перамовах з кіраўніком службы бясьпекі Беларусі аб затрыманым ў Літве генэрале КДБ і затрыманым ў Менску службоўца Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы.

Літва затрыманага беларуса перадала Польшчы, але тагачасныя прэзыдэнты Адамкус і Лех Качынскі дамовіліся, што беларуса вернуць у Літву, а яна абмяняе яго на свайго супрацоўніка ДДБ.

"Сустрэўся з гендырэктарам ДДБ Павіласам Малакаўскасам, які толькі што вярнуўся зь Менску. Ён там неафіцыйна вёў перамовы з кіраўніком спэцслужбаў Беларусі. Такія перамовы спатрэбіліся, каб мы маглі абменьвацца затрыманымі асобамі", – сказана ў кнізе.

"Нядаўна Літва на сваёй тэрыторыі затрымала генэрала КДБ Беларусі. Па просьбе палякаў мы перадалі яго Польшчы. У адплату беларусы затрымалі былога супрацоўніка нашага ДДБ і пасадзілі яго ў турму. З Менску мы атрымалі прапанову абмяняцца затрыманымі", – пісаў Адамкус.

Палякі будуць судзіць беларуса, але ў турме трымаць ня будуць – перададуць нам, а мы памяняем яго на нашага

"Мяне папрасілі пагаварыць аб гэтым з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім. Я так і зрабіў. Палякі будуць судзіць беларуса, але ў турме трымаць ня будуць – перададуць нам, а мы памяняем яго на нашага", – так у кнізе апісваецца сустрэча 8 чэрвеня 2008 году.

Паводле кнігі, Малакаўскас і кіраўнік беларускіх спэцслужбаў неафіцыйна сустракаліся ў Менску ў траўні 2008 году.

"Сам-насам яны абмеркавалі магчымасьць абмену інфармацыяй, намецілі "чырвоную лінію": да якога часу магчыма супрацоўніцтва. Малакаўскас сказаў, што яго калега беларус – давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі".

Гэтая сустрэча адбылася 27 траўня.

Таксама ў кнізе сьцьвярджаецца, што 6 гадоў таму прэзыдэнт Валдас Адамкус прымусіў суд зьмяніць рашэньне аб забароне праслухоўваць тэлефонныя размовы беларускіх шпіёнаў з-за таго, што яны мелі статус дыпляматаў.

Адамкус піша, што ён быў інфармаваны аб тым, што "старшыня Віленскага акруговага суду Артурас Шумскас, на падставе Венскай канвэнцыі, якая гарантуе дыпляматычны імунітэт, адмовіўся санкцыянаваць віжаваньне за агентамі, якія прыкрываюцца дыпляматычным статусам, і забараніў праслухоўваць іх размовы ".

У кнізе гаворыцца, што дарадцы Адамкуса лічылі памылковай такую інтэрпрэтацыю Венскай канвэнцыі.

"Я выклікаў старшыні Вярхоўнага суду Вітаўтаса Грэйчуса і старшыню Віленскага акруговага суду Артураса Шумскаса. Апошняга я папрасіў растлумачыць матывы рашэньня не санкцыянаваць праслухоўваньне. Я наўпрост сказаў, што гэта пагражае Літоўскай дзяржаве. Пасьля паўгадзіннага тлумачэньня я пачуў, што суд дазволіць праслухоўваць размовы шпіёнаў» , – гаворыцца ў кнізе.

Гэтая сустрэча адбылася 7 красавіка 2005 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG