Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка і «арабская вясна»


Рэвалюцыі ў арабскіх краінах выклікалі нэрвовую рэакцыю ў кіраўніцтве Беларусі. Як адрэагаваў афіцыйны Менск на сьмерць Кадафі? Чаму Аляксандар Лукашэнка пужае прыходам да ўлады ісламскіх экстрэмістаў? Якія высновы зрабіла беларускае кіраўніцтва з арабскіх рэвалюцый?


Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч

Як адрэагаваў афіцыйны Менск на сьмерць Кадафі?


Валер Карбалевіч: «Як вядома, тэма рэвалюцый — вельмі балючая для кіроўнай беларускай эліты. Можна ўзгадаць, як хваравіта кіраўніцтва краіны рэагавала на „каляровыя рэвалюцыі“, на „памаранчавую рэвалюцыю“ ва Ўкраіне. Ці скандал са зрынутым кіргіскім прэзыдэнтам Бакіевым. І падзеі 19 сьнежня ў значнай ступені — адлюстраваньне гэтага ірацыянальнага страху.

Народныя паўстаньні на арабскім Усходзе афіцыйны Менск успрыняў вельмі насьцярожана. Дзяржаўныя мэдыі па інэрцыі сьцьвярджалі, што за імі стаіць Захад. Лукашэнка некалькі разоў крытыкаваў заходнія краіны за ўмяшаньне ў лібійскія падзеі. І вось іх фінал, сьмерць аднаго з самых вядомых у сьвеце сучасных дыктатараў — Кадафі. Якую рэакцыю гэта выклікала ў кіраўніцтва Беларусі?»

Аляксандар Класкоўскі: «На вышэйшым узроўні Беларусі прарываліся ноткі спагады, спачуваньня Кадафі. І жахлівы фінал лібійскага дыктатара вельмі ўразіў на асабістым узроўні. Але публічная рэакцыя была стрыманая. Гэта моцна адрозьнівае цяперашнія паводзіны беларускага кіраўніцтва ад ягонай рэакцыі на крах Мілошавіча і Хусэйна. Да Мілошавіча Лукашэнка лятаў у Бялград у момант, калі адбывалася бамбаваньне сэрбскай сталіцы. А падчас лібійскіх падзеяў Лукашэнка доўга маўчаў. І толькі потым казаў, што ў яго была тэлефонная размова з Кадафі.
Пахіснуўся „Інтэрнацыянал дыктатараў“. Таму і такія ціхія паводзіны.

Розьніца ў рэакцыі тлумачыцца тым, што цяпер кіраўніцтва Беларусі пачуваецца ня так упэўнена, як 10 гадоў таму. Бо зьмяніўся міжнародны кантэкст. Пахіснуўся „Інтэрнацыянал дыктатараў“. Адных ужо няма. З прэзыдэнтам Ірану Ахмадзінэджадам пагоршыліся стасункі. Уга Чавэс сур’ёзна хворы. І шчыт Масквы не такі надзейны. Таму і такія ціхія паводзіны».

Андрэй Фёдараў: «Лукашэнка на сьмерць Кадафі ніяк публічна не адрэагаваў. Газэта „Советская Белоруссия“ выказалася наконт гэтай падзеі даволі стрымана. Яна пісала, што ягоны лёс быў прадвызначаны тады, калі ягоныя войскі пачалі страляць у народ і ў бойку ўступіла НАТО, ад яго адвярнулася ўсясьветная супольнасьць. Зьмянілася вонкавая і ўнутраная сытуацыя ў Беларусі. Таму і рэакцыя афіцыйнага Менску іншая».

Каго Лукашэнка пужае ісламскімі экстрэмістамі?


Карбалевіч: «Падчас сустрэчы з дэлегацыяй парлямэнцкай асамблеі АДКБ Лукашэнка казаў, што вось на выбарах у Тунісе перамаглі ісламскія экстрэмісты. Маўляў, вось які вынік рэвалюцыі ў гэтай краіне. Усьлед за ім тэму падхапілі дзяржаўныя мэдыі. Насамрэч у Тунісе перамаглі даволі памяркоўныя ісламісты, кшталту тых, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Турэччыне. Каго і навошта пужае Лукашэнка? Беларусаў ці Захад?»

Класкоўскі: «Думаю, гэта разьлічана на беларускую аўдыторыю. Стаіць задача напалохаць беларусаў рэвалюцыяй, бо, маўляў, пасьля рэвалюцыі вам будзе горай. Беларускае кіраўніцтва вельмі пужае тое, як падалі непахісныя, здавалася б, дыктатуры.

Фёдараў: «Ня думаю, што Лукашэнка пужае ісламскімі экстрэмістамі Захад. Згодзен, што гэта арыентавана на беларускі электарат. Вось падчас сустрэчы з дэлегацыяй парлямэнцкай асамблеі АДКБ Лукашэнка казаў, што пасьля рэвалюцыяў сытуацыя ў тых краінах не палепшылася. Вось гэта галоўнае, а ня тое, што там прышлі да ўлады ісламісты. Бо ісламісты ня вельмі чапляюць беларусаў».

Якая роля Захаду ў арабскіх рэвалюцыях?


Карбалевіч: «Яшчэ адна тэза, якая часта гучыць у беларускіх дзяржаўных мэдыях: за арабскімі рэвалюцыямі стаіць Захад. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?»

Класкоўскі: «Беларуская прапаганда аўтаматычна вінаваціць Захад ва ўсім. Насамрэч усё больш складана. ЗША рабілі стаўку на аўтарытарныя арабскія рэжымы. Напрыклад, рэжым Мубарака ў Эгіпце атрымліваў амэрыканскую дапамогу. Таму што ў апазыцыі гэтым рэжымам значны ўплыў маюць ісламісты. Але калі пачаліся народныя паўстаньні, то ЗША прыйшлі да высновы, што ня варта стаяць на шляху паравозу. Калі перамены пачаліся, то лепш узяць у іх удзел».
Захад умяшаўся ў грамадзянскую вайну ў Лібіі тады, калі Кадафі пачаў страляць у народ.

Фёдараў: «Калі казаць пра Лібію, то цяжка адмаўляць актыўны ўдзел у працэсах НАТО. Але вядома, што Кадафі, калі адмовіўся ад падтрымкі тэрарызму, ад стварэньня ядзернай зброі, то меў добрыя стасункі і з Францыяй, і з Італіяй. Захад умяшаўся ў грамадзянскую вайну ў Лібіі тады, калі Кадафі пачаў страляць у народ і колькасьць ахвяраў пачала вымярацца тысячамі. А ў Тунісе і Эгіпце народ перамог без падтрымкі Захаду».

Якія высновы зрабілі беларускія ўлады з арабскіх рэвалюцыяў?


Карбалевіч: «Сапраўды, страляць у народ — гэта тая мяжа, той рубікон, пасьля якога лёс дыктатара робіцца прадвызначаным. Якія крокі зрабілі беларускія ўлады, каб нэўтралізаваць рэвалюцыю?»

Класкоўскі: «Беларускае кіраўніцтва ў такіх выпадках мысьліць проста і груба: трэба закручваць гайкі і мацней душыць рэвалюцыйную заразу. Яно перабольшвае пагрозу з інтэрнэту. Таму ўлады мабілізавалі адмыслоўцаў дзеля нэўтралізацыі пагрозы зь сеціва. Гэта паказала кампанія „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“. Тады ўлады ня толькі груба блякавалі пэўныя сайты, але выкарыстоўвалі і тролінг, і дыскрэдытацыю арганізатараў. Але ўсё ж галоўная стаўка — на стары выпрабаваны дручок.

Гэта недальнабачная тактыка. Бо калі праводзіць паралелі з арабскімі краінамі, то там таксама адключалі сацыяльныя сеткі, фізычна вынішчалі апазыцыю. Але ў выніку гэта скончылася выбухамі. Таму больш дальнабачна было б адчыняць кляпаны і выпускаць пару. Каб не было позна. Бо вось цяпер прэзыдэнт Сырыі Асад абяцае і рэформы, і новую канстытуцыю. Але позна. Бо пачалася грамадзянская вайна. І лёс сырыйскага дыктатара прадвызначаны».

Фёдараў: «Змаганьне з інтэрнэтам — гэта барацьба не з прычынамі, а з наступствамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG