Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лекаваліся лібійскія паўстанцы ў Беларусі?


У амбасадзе Лібіі ў Менску паведамілі, што Беларусь аказвае цяпер добрую падтрымку Лібіі і што ў Беларусі лекуюцца параненыя паўстанцы. Як камэнтуюць гэтую інфармацыю ў беларускіх афіцыйных структурах?

Падчас размовы праз тэлефон прадстаўнік амбасады Лібіі сказаў карэспандэнту "Свабоды", што ў Беларусі лекуюцца лібійскія паўстанцы, аднак не паведаміў канкрэтных дэталяў.

"Беларусь аказвае цяпер добрую падтрымку людзям Лібіі. Вельмі добрую падтрымку аказвае. Напэўна, вы чулі, тут лечацца раненыя. Паўстанцы лечацца ў Рэспубліцы Беларусь".

У беларускім міністэрстве замежных спраў спаслаліся на тое, што не кантралююць такую інфармацыю і трэба зьвяртацца ў Міністэрства аховы здароўя. Ня выключана, можа выявіцца, што яны прыехалі як турысты, адзначыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён так патлумачыў афіцыйную пазыцыю Менску адносна падзеяў у Лібіі і сьмерці палкоўніка Кадафі:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
"Пазыцыя Беларусі адносна сытуацыі ў Лібіі добра вядомая. Мы разьлічваем, што часовыя ўлады і народ Лібіі знойдуць магчымасьць зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб нармалізаваць становішча ў краіне і забясьпечыць вяршэнства закону".

Кіраўнік прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка не пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што на тэрыторыі Беларусі могуць знаходзіцца параненыя лібійскія паўстанцы:
ніякіх паўстанцаў тут не было ...


"Нехта хоча выдаць жаданае за сапраўднае. Ва ўсякім разе, раненых паўстанцаў альбо не паўстанцаў — я тут ужо, шчыра кажучы, заблытаўся, хто там цяпер паўстанец, — ніякіх паўстанцаў тут не было".

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч так адказаў на пытаньне пра магчымасьць лекаваньня лібійцаў на тэрыторыі Беларусі:

мы не адсочваем сытуацыю — непасрэдна адтуль ці адтуль ...

"У нас пралечваецца больш за сто тысяч замежных грамадзян у краіне, і кожны мае сваё права лячыцца ў любой нашай лякарні. Падпісваецца дамова, даецца кошт — і ўсё. Той, хто мае права ўезду, хто мае візу — ніякіх праблемаў я тут ня бачу. І мы не адсочваем сытуацыю — непасрэдна адтуль ці адтуль. У нас маюць магчымасьць лячыцца толькі тыя, хто мае візу на ўезд, ці з СНД, якія прыяжджаюць і якім не патрэбныя візы".

Прадстаўніца прэс-службы міністэрства аховы здароўя Вольга Стружынская прапанавала зьвярнуцца ў ваеннае бюро Лібіі пры лібійскай амбасадзе:

"Уся інфармацыя ёсьць у ваенным бюро Лібіі пры амбасадзе. Я размаўляла з нашымі зьнешнімі сувязямі, яны сказалі, што ў іх ёсьць уся інфармацыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG