Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаў: дзень пасьля страйку


Многія жыхары Барысава выказваюць падтрымку ўдзельнікам стыхійнага страйку камунальнікаў, які адбыўся 24–25 кастрычніка і скончыўся перамогай страйкоўцаў. Адміністрацыя прадпрыемства тэрмінова падвысіла заробкі й выплаціла іх без спазьненьня.

Раніцай 26-га кастрычніка у адміністрацыі ўнітарнага прадпрыемства «Жыльлё», дзе адбыўся страйк, адказная супрацоўніца паведаміла, што чарговы працоўны дзень пачаўся без канфліктаў: персанал аўтагаспадаркі, «Зелянбуду» і «Гарсьвятла» — на сваіх месцах:

Спадарыня: «Нармальна ў нас усё. Усе працуюць».

Карэспандэнт: «Можа, вы падкажаце нумар тэлефона Аляксандра Клімянкова — намесьніка дырэктара па ідэалягічнай працы?»

Спадарыня: «Яго няма сёньня на працы, бо хварэе».

З прычыны раптоўнай хваробы не было сёньня на працы і старшыні прафсаюзнага камітэту УП «Жыльлё» Ўладзімера Лазука.

Вадзіцель Аляксандар, які на аўтасамазвале МАЗ вывозіць на звалку сьмецьце з Барысава, задаволены вынікамі страйку:

«Добры вынік. Мне, напрыклад, павялічылі заробак на 40 працэнтаў. Учора ўсю суму й выплацілі».

Многія жыхары Барысава, якія на працягу двух дзён страйку камунальнікаў мелі пэўныя нязручнасьці, страйкоўцаў падтрымліваюць.

Спадарыня: «Усё правільна яны зрабілі. Адпаведна ўзроўню нашага жыцьця. Іншы раз назіраю, як цяжка яны працуюць. Сьмецьце ў горадзе — мяхі поўныя. Іх рукамі грузяць у агромістыя аўтамашыны. Гэтыя людзі ў брудзе. А што яны атрымліваюць?!»

На страйку ў Барысаве быў затрыманы мясцовы журналіст Аляксандар Зянькоў. Міліцыянты даставілі яго ў Цэнтральны РАУС, дзе спрабавалі запалохаць:

Зянькоў: «Яны мяне затрымалі, як было запісана ў пратаколе, «для высьвятленьня асобы». Пратрымалі больш за тры гадзіны. Пасьля адвялі да намесьніка начальніка міліцыі ў Барысаве Паўлаўца на так званую прафіляктычную гутарку. Пэўна, спадзяваліся, што калі яны мне раскажуць, як у Беларусі ўсё добра й прыгожа, то мне ня трэба будзе паведамляць у СМІ пра прычыны страйку. Я адмовіўся й заявіў, што салідарны з працаўнікамі.

На свае вочы бачыў, што калі дырэктар паабяцаў ім: маўляў, разыходзьцеся, бо заробак будзе выплачаны, то страйкоўцы заявілі: «Сёньня — 25-га кастрычніка, і вы паводле калектыўнай дамовы мусіце да гэтага дня сплаціць нам заробак. Калі плаціце сёньня, то мы заўтра выйдзем на працу, калі ня выплаціце — то і заўтра ня выйдзем».

Грамадзкі актывіст з Барысава Міхаіл Васільеў лічыць, што мясцовы страйк наўрад ці меў бы вынік без падтрымкі ў незалежных сродках масавай інфармацыі, бо мясцовыя чыноўнікі імкнуліся не дапусьціць розгаласу.
Яны меркавалі, што канфлікт лякальны, ніхто пра яго не даведаецца. Аднак чыноўнікі пралічыліся.

Васільеў: «Розгалас у Барысаве пайшоў, спыніць яго мясцовым чыноўнікам не ўдалося. Яны меркавалі, што канфлікт лякальны, ніхто пра яго не даведаецца. Аднак чыноўнікі пралічыліся. А калі пра страйк пачулі ўсе, то ўладзе давялося выконваць патрабаваньні тых, хто страйкаваў».

Карэспандэнт: «Міхаіл, у працоўным калектыве УП „Жыльлё“ няма арганізацыі недзяржаўнага прафсаюзу, не чуваць было пра яркіх лідэраў пратэсту, а страйк усё-ткі адбыўся менавіта тут. Чаму?»

Васільеў: «Сапраўды, не было свабоднага ці незалежнага прафсаюзу, і ніхто з тамтэйшых працаўнікоў асабліва не вызначаўся. Людзі, як кажуць, у курылцы між сабой пагаварылі: колькі ж можна цярпець?! І гэтыя людзі вырашылі: страйкуем! Яны выйшлі на тэрыторыю свайго прадпрыемства і проста адмовіліся працаваць».

Яшчэ ўчора адміністрацыя УП «Жыльлё» выплаціла сваім працаўнікам падвышаны на 20 альбо 30 працэнтаў заробак. Акрамя таго, чакаецца, што працаўнікі камунальнай гаспадаркі, якая адносіцца да ліку бюджэтнікаў, атрымаюць абяцаныя 500 тысяч рублёў на закуп гародніны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG