Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя-камунальнікі Барысава правялі двухдзённы страйк. Яны адмовіліся вывозіць сьмецьце са 100-тысячнага гораду, патрабуючы падвышэньня заробкаў. Сёньня адміністрацыя барысаўскага ўнітарнага прадпрыемства «Жыльлё» і гарадзкія ўлады пайшлі насустрач іх патрабаваньням.

Каля тысячы працаўнікоў Барысаўскага УП «Жыльлё» ў панядзелак і аўторак адмовіліся ад працы. У горадзе пачало зьбірацца нявывезенае сьмецьце. Страйк рабочых спэцаўтагаспадаркі падтрымалі працаўнікі Зелянбуду і Гарсьвятла. На дзьвярах канторы камунальнай аўтагаспадаркі па вуліцы Ватуціна страйкаўцы прымацавалі аркуш з патрабаваньнямі працоўнага калектыву да адміністрацыі: узьняць заробак на 30 адсоткаў, штомесячна індэксаваць заработную плату.

Як сьведчылі страйкоўцы, заробак у іх не падвышаўся каля году, нягледзячы на высокую інфляцыю. Цяпер вадзіцелі сьмецьцявозаў атрымліваюць крыху больш за мільён рублёў:

«Мала таго, што заробак урэзалі: тым людзям, якія на звалку езьдзяць, не аплачваюць шкоднасьць працы. Калісьці малако выдавалі, а цяпер ужо і гэта спынілі, не даюць талёнаў на малако. Спэцвопратку ўжо забылі людзі, калі атрымлівалі. Я ўжо тры гады не атрымліваў, няма на складзе».

«Мы зусім мала атрымліваем. Па 600 тысяч, задушылі нас зусім. Такі заробак у тых, хто мётламі падмятае… А калі што, дык пагроза: звольню, звольню».

Рабочыя заяўляюць, што заробак трэба падвышаць нават не на 30 працэнтаў, а разы ў тры:

«У мяне мільён 200 тысяч, а калі бяз працы ў выходныя, то будзе 700 тысяч. А крэдыт у каго ёсьць, зараз жа даляр падняўся, працэнты трэба выплачваць. 3–4 мільёны трэба, каб плацілі…»

«Лукашэнка сказаў, што заробак будзе 500 даляраў, а пазьней будуць людзі па 700 атрымліваць. А цяпер ніхто не атрымлівае ні 700, ні 500».

Мікалай Кацуба
У панядзелак і аўторак адміністрацыя прадпрыемства спрабавала пераканаць рабочых вярнуцца да працы. Галоўным яе аргумэнтам быў загад аб падвышэньні заробку на 20 працэнтаў, падпісаны заднім чыслом. Пры гэтым пратэст рабочых адміністрацыя ня хоча прызнаваць страйкам, прафсаюз гэтую акцыю не падтрымаў. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі Мікалай Кацуба:

«Гэта ня страйк, у працоўнай абстаноўцы вырашалася пытаньне ўзьняцьця заробку. Вось і ўсё. Я, шчыра кажучы, проста стаміўся. Я сам атрымліваю 1 мільён 447 тысяч. А людзі атрымліваюць ад 900 тысяч да мільёна трыста. За што ўзьняць, у нас пакуль няма».

Паводле адміністрацыі камунальнага прадпрыемства, гарадзкія ўлады своечасова пералічваюць ім усе належныя плацяжы, але дагнаць інфляцыю ня могуць. Тым ня меней рабочыя паверылі ўладам і прыступілі да працы. Гаворыць адзін з вадзіцеляў Казімір Зіноўевіч:

«Сёньняшнім пакуль часткова задаволеныя, пакуль паабяцалі, што ўсё, відаць, будзе добра. А як будзе далей — ня ведаю. Зарабляю я 1 мільён 200 тысяч, абяцалі дабавіць 20 працэнтаў. У нас зь лістапада мінулага году заробак не падвышаўся. Ніякай індэксацыі не было. Наадварот, заробак паніжаецца. Вось паспрабавалі паўстаць, можа што і будзе, адрэагуюць неяк. Але гэта пакуль толькі абяцанкі».

Міхаіл Васільеў
Апазыцыйны актывіст з Барысава Міхаіл Васільеў быў сьведкам страйку і перамоваў рабочых з адміністрацыяй і гарадзкімі ўладамі:

«Людзі самаарганізаваліся і вырашылі дамагацца выкананьня сваіх правоў. Не было ў іх ніякіх яўных завадатараў. Маса людзей незадаволеная, з гэтым цяжка змагацца. Можна з асобнымі апазыцыянэрамі ці завадатарамі, але з масай народу змагацца немагчыма. Вось яна і пераліваецца цераз край — незадаволенасьць людзей. Канечне, гэта толькі пачатак — народ падыходзіць да жабраацтва».

На размову з рабочымі прыйшлі чыноўнікі з гарвыканкаму і міліцыя. Апошняя затрымала барысаўскага журналіста Аляксандра Зянькова, які здымаў падзеі на відэа, у пастарунку яму сьцерлі частку запісу. Прычыны затрыманьня тлумачыць сам Аляксандар:

«Улады ня хочуць, каб іншыя пабачылі, што тут адбыўся страйк і людзям падвысілі заробкі, бо страйкі пойдуць па ўсёй краіне. Яны гэтага баяцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG