Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты палохаюць адміністрацыйнай адказнасьцю за флэшмоб


11 кастрычніка віцебская моладзь зьбіралася зладзіць флэшмоб, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з пабудовай АЭС у Беларусі. Да адной з патэнцыйных удзельніц увечары 10 кастрычніка зьявіліся міліцыянты ды пачалі запалохваць дзяўчыну ды яе маці.

22-гадовая Ксенія апавяла, што двое супрацоўнікаў міліцыі нават не назвалі сябе, адно што адзін зь іх заявіў, што ён участковы. Бэйджаў з прозьвішчамі на іх таксама не было, кажа дзяўчына:

«Яны прыйшлі і заявілі, што ім вядома пра падрыхтоўку флэшмобу. Сказалі, што цяпер гэта лічыцца несанкцыянаванай акцыяй, за удзел у якой можна трапіць пад адміністрацыйнае пакараньне. Маёй маці яны так і сказалі: „Калі ваша дачка заўтра ня вернецца дахаты, то шукайце яе ў ізалятары часовага ўтрыманьня“».
Калі ваша дачка заўтра ня вернецца дахаты, то шукайце яе ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Яшчэ, згадала Ксенія, міліцыянты казалі, што бачылі яе на Народным сходзе. І раілі дзяўчыне «зьнізіць грамадзкую актыўнасьць», бо гэта можа «кепска скончыцца».

Дзяўчына гаворыць, што ідэя правесьці флэшмоб зьявілася яшчэ два тыдні таму, з гэтай нагоды створана адмысловая старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» . Паводле прапановы арганізатараў, усе ахвотныя зьбіраюцца на вуліцы Леніна каля Ратушы, і ў пэўны час зь іхных мабільных тэлефонаў мусіць прагучаць запіс аб’явы Прыпяцкага гарадзкога радыё пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС.

«Мы не зьбіраліся ўтвараць нейкія масавыя непарадкі, заклікаць да нейкіх дзеяньняў. Міліцыя нават і не заўважыла б, што нешта адбываецца, бо назіральнікамі флэшмобу роўна на тры хвіліны сталі б некалькі дзясяткаў мінакоў. Але, верагодна, міліцыя ўстурбаваная тым, што ў Віцебску пасьпяхова прайшоў Народны сход, што грамадзяне выявілі сваю актыўнасьць, і цяпер яны хочуць узмацніць ціск, запалохваючы каго толькі можна», — кажа дзяўчына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG