Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Астравеччыны падаў у суд на А.Лукашэнку


У скарзе, накіраванай у Вярхоўны суд, Мікалай Уласевіч, адзін з каардынатараў рэгіянальнай грамадзкай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, сьцьвярджае, што ўказ прэзыдэнта №418 “Аб разьмяшчэньні і праектаваньні атамнай станцыі ў Беларусі” не адпавядае Канстытуцыі, у артыкуле 18 якой запісана, што тэрыторыя Беларусі зьяўляецца бязьядзернай зонай, а дзяржава нэўтральнай. Адказчыкам у судзе павінен выступіць Аляксандар Лукашэнка.

Зьвярнуцца ў Вярхоўны суд, са слоў Уласевіча, яго і ягоных калегаў прымусіла тое, што чыноўнікі на ўсіх узроўнях ігнаруюць звароты і патрабаваньні жыхароў Астравецкага раёну, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС.

Паводле Уласевіча, разам з сваімі калегамі ён неаднойчы зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства энэргетыкі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, але безвынікова. Ім паўсюль адказвалі, што бязьядзерная зона – гэта зона безь ядзернай зброі, а маўляў, АЭС будуецца ў мірных мэтах.

Нічога не дамогшыся, Мікалай Уласевіч вырашыў зьвярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі. Дарэчы, у скарзе ён падрабязна апісвае наступствы, якія Беларусь пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама аб аварыі на АЭС у Японіі.

Мікалай Уласевіч просіць Вярхоўны суд прызнаць указ №418 неадпаведным Канстытуцыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG