Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь стаць новай Югаславіяй на глябальных рынках узбраеньняў?


Штурмавік Су-25

Штурмавік Су-25

Экспэрт Агенцтва палітычнай інфармацыі Сяргей Богдан на сайце “Наше мнение” аналізуе ролю Беларусі на міжнародных рынках зброі. Прапануем вам тэкст публікацыі зь невялікімі скарачэньнямі.

Апазыцыя і некаторыя СМІ рэгулярна вінавацяць беларускі ўрад у сумнеўных угодах, зьвязаных з продажам зброі. Больш ці менш пэўнай крыніцаю інфармацыі пра іх зьяўляецца толькі Рэестар ААН па гандлі звычайнымі ўзбраеньнямі. Паводле яго, Беларусь прадала ў 2010 г. зброю Емэну, Судану, Нігерыі, Угандзе і Азэрбайджану.

Асноўныя купляньнікі – Азэрбайджан і Судан

Несумненна, да інфармацыі ААН варта падыходзіць асьцярожна, але пэўныя назіраньні зрабіць можна. Самым рэгулярным пакупніком беларускай зброі ў апошнія гады быў Азэрбайджан. У 2010 г. гэтая краіна набыла ў Беларусі адзін штурмавік Су-25 і трыццаць 122-мм буксаваных гаўбіц Д-30, у 2009 г. – 5 штурмавікоў Су-25 і 9 самаходных гаўбіц 2С7 “Піён” 203 мм, у 2008 г. – 3 самаходныя гаўбіцы 2С7 “Піён” 203 мм, у 2006 г. – 41 танк Т-72, у 2005 г. – 19 танкаў Т-72. Гэтыя факты – дадатковы штрых да шырокамаштабнага беларуска-азэрбайджанскага супрацоўніцтва, якое разгарнулася пасьля прыходу да ўлады маладога прэзыдэнта Ільхама Аліева і зьвязанае з мадэрнізацыяй азэрбайджанскай арміі. Да 2005 г. Беларусь ніякіх узбраеньняў Азэрбайджану не пастаўляла.

Іншым надзейным кліентам беларускіх гандляроў зброяй быў таксама Судан, які набыў у 2010 г. адзін Су-25; у 2009 г. – тры Су-25; у 2008 г. – 11 Су-25; у 2007 г. – два бронетранспартэры БРТ-70, мадэрнізаваныя да ўзроўню “Кобра К2К” і “Кобра К2”. Наагул у Судан зброя ў значных аб'ёмах прадавалася з 1996 г., калі ўпершыню было пастаўлена 9 Т-55 і 6 Мі-24В; у 2001 г. – 20 Т-55м, у 2002 г. – 8 гаўбіц Д-30 (122 мм) і 6 рэактыўных сыстэм залпавага агню 9P138, у 2003 г. – 9 БМП-2, 39 БРДМ-2, 16 гаўбіц Д-30 (122 мм), 10 самаходных гаўбіц 2С1 (122 мм), 4 рэактыўныя сыстэмы залпавага агню (122 мм) 9Р138, 2 рэактыўныя сыстэмы залпавага агню (122 мм) БМ-21, у 2004 г. – 21 БРДМ-2, 7 БТР-80, 10 БТР-70, 1 БМП-1. Гэтая краіна зьяўляецца самым доўгатэрміновым гандлёвым партнэрам Беларусі ў вайсковай сфэры.

Апрача таго, паводле зьвестак ААН, зброю ў Беларусі ў апошнія гады больш чым аднойчы купляла толькі яшчэ адна краіна – Уганда (2010 г. – адзін Мі-24; 2009 г. – 23 танкі Т-55). Раней, у 2000 г., яна закупіла ў Менску 10 Т-55м, а ў 1998 г. – 4 Мі-24В.

Усе астатнія зарэгістраваныя факты продажу зброі ў 2005 – 2010 гадох датычаць угодаў для аднаразовага набыцьця аднаго віду зброі або вайсковай тэхнікі (хоць некаторыя зь іх – з Сырыяй і Емэнам – і былі буйнымі):

Емэн: 2010 г. – 66 танкаў T-80;

Нігерыя: 2010 г. – два баявыя верталёты Мі-24;

Сырыя: 2008 г. – 33 шматцэлевыя зьнішчальнікі МіГ-23;

Расея: 2008 г. – 15 ракет “паветра-паветра” Р27-Р для Су-27 і МіГ-29;

Армэнія: 2007 г. – дзесяць 122-мм буксаваных гаўбіц Д-30;

Эрытрэя: 2007 г. – дзевяць рэактыўных артылерыйскіх сыстэм залпавага агню “Ўраган”;

Джыбуці: 2005 г. – два верталёты Мі-24.

Характэрна, што ў 1996 – 2004 гадох геаграфія беларускіх паставак узбраеньняў выглядала зусім інакш. Асноўнымі кліентамі былі:

Пэру: 1997 г. – 2 МіГ-29УБ, 8 МіГ-29, 10 Су-25, 8 Су-25УБ; 1996 г. – 8 МіГ-29;

Альжыр: 2001 г. – 2 МіГ-29; 2002 г. – 2 МіГ-29; 1999 г. – 16 МіГ-29; 2000 г. – 6 МіГ-29УБ, 5 МіГ-29; 1997 г. – 2 Су-24МПК;

Кот-д’Івуар: 2004 г. – 2 Су-25; 2003 г. – 2 Су-25 УБ, 6 РСЗА БМ-21, 6 БТР-80, 13 БРДМ-2, 1 БМП-1; 2002 г. – 2 Мі-24В, 10 мінамётаў 2С12 (122 мм), 12 БМП-1;

Ангола: 2000 г. – 1 Су-24 МК; 1999 г. – 62 Т-55м, 22 Т-72М, 62 БМП-2, 24 РСЗА БМ-21, 12 буйнакалібэрных гарматных сыстэм 2С7 “Піён” (203 мм), 12 гаўбіц Д-30 (122 мм), 14 МіГ-23 млд, МіГ-23 УБ, Су-22M, Су-22УК; 1998 г. – 28 БМП-2.

Іншымі прыкметнымі пакупнікамі былі:

Этыёпія: 2000 г. – 2 Мі-24п; 1998 г. – 40 Т-55, 2 Мі-24п, 2 Мі-24В;

Марока: 2000 г. – 58 Т-72Б (З), 12 Т-72 БК (СК); 1999 г. – 30 Т-72Б;

Іран: 2002 г. – 15 Т-72М1; 2001 г. – 14 Т-72М1; 2000 г. – 12 Т-72М1.

Пастаўкі ў іншыя краіны мелі практычна разавы характар: Папуа-Новая Гвінэя – 2 Мі-24п (1997), С’ера-Леонэ – 2 Мі-24Б (1997), Емэн – 27 Т-72Б (С) (2000), Конга – 6 РСЗА БМ-21 (1997), Заір – 2 РСЗА БМ-21 (1998), ААЭ – 1 БТР-80 (2001). Зьвесткі стакгольмскага інстытуту SIPRI http://www.sipri.org/ крыху адрозьніваюцца ад зьвестак ААН у абодва бакі, але не мяняюць агульнай карціны. У прыватнасьці, апрача паставак у вышэйпералічаныя краіны, у гэтых зьвестках фігуруюць толькі меркаваныя пастаўкі невялікіх партыяў узбраеньняў у Пакістан, Руанду і Нэпал.

Беспэрспэктыўны гандаль?

Высновы відавочныя. Па-першае, на падставе наяўных зьвестак у большасьці выпадкаў няма падставаў гаварыць аб устойлівасьці беларускага гандлю зброяй. Геаграфія зьмяняецца анамальна часта, больш ці менш устойлівых кліентаў – адзінкі.

Па-другое, фактычна ўся зброя, прададзеная Беларусьсю, вырабленая ў Савецкім Саюзе ці Расеі. Беларуская абаронная прамысловасьць не характарызуецца самадастатковасьцю ў аспэкце вытворчасьці прадукцыі, а таму краіна практычна ня можа стаць тым, чым некалі былі ГДР ці Югаславія на глябальных рынках зброі – дастаўцам таннай, але адносна якаснай абароннай прадукцыі, прыдатнай да выкарыстаньня без прывязкі да пэўных тыпаў іншага ўзбраеньня.
Аўтарытарная мадэрнізацыя” Лукашэнкі не прывяла да стварэньня значных новых прадпрыемстваў і новых вытворчасьцяў.

Беларусь тэхналягічна несамастойная і ў асноўным вырабляе толькі тое, што ўстанаўляюць на іншых абаронных вырабах (пост)савецкай вытворчасьці або выкарыстоўваюць у спалучэньні з (пост)савецкім узбраеньнем. У дадатак Беларусь можа рамантаваць або мадэрнізаваць савецкае і постсавецкае ўзбраеньне і тэхніку. Гэта значыць, беларуская абаронная прамысловасьць прывязаная да прамысловасьці іншых краін нават з пункту гледжаньня выкарыстаньня яе прадукцыі (выняткі становяць, відаць, толькі оптыка і шасі).

Пакуль у краіне былі склады савецкага ўзбраеньня і яно заставалася дастаткова новым, Беларусь займала больш прыкметнае месца на рынках зброі ў 1990-х – на пачатку 2000-х гг., на кароткі час увайшоўшы нават у сусьветную дзясятку экспартэраў зброі. Аднак “аўтарытарная мадэрнізацыя” Лукашэнкі не прывяла да стварэньня значных новых прадпрыемстваў і новых вытворчасьцяў і ў эканоміцы ў цэлым, і ў абароннай галіне ў прыватнасьці. Лёс дэманстраваных на выставах узораў распрацаванай у Беларусі бранятэхнікі незразумелы, але фактаў яе масавага продажу не адзначана.

Мадэрнізацыя расейскай тэхнікі носіць абмежаваны характар і не зьяўляецца базаю для разьвіцьця абароннай прамысловасьці. Краіна не выкарыстоўвае сваёй блізкасьці да Расеі для разгортваньня сумесных вытворчасьцяў абароннай галіны або атрыманьня тэхналёгіяў для стварэньня новых такіх вытворчасьцяў. А менавіта ж набліжанасьць да ЗША свайго часу дазволіла Ізраілю і Паўднёвай Карэі стварыць уласную першаклясную абаронную прамысловасьць і – нягледзячы на пэўны супраціў Вашынгтону – затым дзеяць на рынках абароннай прадукцыі, не зьвяртаючы ўвагі на палітыку ЗША. У гэтых адносінах Беларусь становіць сабою супрацьлеглы прыклад пасіўнасьці ў разьвіцьці нацыянальнай абароннай індустрыі. Зрэшты, гэта, праўдападобна, зьвязана з слабымі пазыцыямі арміі і ВПК у беларускай дзяржаве ў выніку аб'ектыўнага фактару адсутнасьці канфрантацыі.
Краіна не выкарыстоўвае сваёй блізкасьці да Расеі для разгортваньня сумесных вытворчасьцяў абароннай галіны.

Варта адзначыць і абмежаванасьць геаграфіі беларускіх замежных зносінаў у вайсковай галіне наагул (то бо кантактаў, а не кантрактаў на продаж). У 2000-х гадох сапраўды ўстойлівыя адносіны ў вайсковай галіне існавалі толькі з камуністычным Кітаем і Віетнамам, прычым у выпадку КНР да 1/4 усіх вядомых афіцыйных кантактаў паміж Беларусьсю і Кітаем датычылі вайсковых пытаньняў. Дастаткова стабільныя кантакты ў вайсковай галіне, хоць і менш разнастайныя і інтэнсіўныя, існавалі таксама з Суданам.

Спробы выйсьці на рынкі вайсковай прадукцыі і паслуг у краінах Пэрсыдзкай затокі, якія мелі месца апошнім часам – зь сярэдзіны 2000-х – не прынесьлі асаблівага посьпеху: няпроста прадаць прадукты, угрунтаваныя на (пост)савецкіх тэхнічных стандартах, у арабскія краіны затокі, асабліва тыя, што маюць доступ да заходніх тэхналёгіяў. Але яны могуць аплаціць пастаўку беларускіх вайсковых тавараў і паслуг бяднейшым дзяржавам і рухам, якія ня маюць магчымасьці заплаціць за іх самастойна. Пра жаданьне Беларусі ўдзельнічаць у якасьці дастаўцы тавараў і паслуг у праграмах дапамогі афрыканскім дзяржавам, якія рэалізуюцца арабскімі краінамі Пэрсыдзкай затокі, летась заяўляў міністар замежных справаў Мартынаў, зрэшты, маючы на ўвазе хутчэй цывільныя тавары і паслугі. У любым выпадку кантакты з арабскімі краінамі рэгіёну, што ўключаюць вайсковы або палітычны кампанэнт, актывізаваліся. Напрыклад, такога роду кантакты складаюць пераважную большасьць усіх афіцыйных кантактаў паміж беларускімі і катарскімі афіцыйнымі асобамі з 2007 г.
Не зусім ясным застаецца мэханізм гандлю, падобна, што ён вядзецца досыць аўтаномна ад замежнапалітычнай дзейнасьці Менску.

Трэцяя выснова: не зусім ясным застаецца мэханізм гандлю, падобна, што ён вядзецца досыць аўтаномна ад замежнапалітычнай дзейнасьці Менску. Хоць у цэлым эканамічная актыўнасьць у Беларусі знаходзіцца пад жорсткім кантролем ураду, аднак вышэйпералічаныя кантракты не заўсёды відавочна вылучаюцца ў таваразвароце за адпаведныя гады з адпаведнымі краінамі (прыкладам можа быць Азэрбайджан).

Апрача таго, цэлы шэраг кантрактаў меў месца ў краінах, у дачыненьні да якіх няма вядомых фактаў актыўнасьці беларускага МЗС. Напрыклад, ужо да 2007 г. фактычна спыніліся прыкметныя афіцыйныя кантакты з Суданам, але гандаль працягваўся. Адносна буйная ўгода зь Емэнам мела месца на фоне практычнай адсутнасьці дыпляматычных адносінаў з гэтай краінаю. Тое самае датычыць і менш буйной угоды з Эрытрэяй.

Раней вялікія пастаўкі ўзбраеньняў мелі месца ў кірунку Анголы, Кот-д`Івуару і Альжыру, хоць сур'ёзныя афіцыйныя кантакты падтрымліваліся толькі з Альжырам, але і яны праходзілі ў першую чаргу не па лініі МЗС. Значыць, можна сьцьвярджаць, што Міністэрства замежных справаў і яго структуры маюць вельмі ўскоснае дачыненьне да паставак вайсковых тавараў і паслуг.

У сувязі з гэтым заканамерным будзе пытаньне аб тым, наколькі гандаль узбраеньнямі зьяўляецца дзяржаўнай справаю, ці ўсё ж гэта справа прыватных асобаў і фірмаў, набліжаных да дзяржавы.
Сыстэма дзяржаўнага кіраваньня ў краіне не забясьпечвае надзейнага кантролю зброевага бізнэсу.

Сыстэма дзяржаўнага кіраваньня ў краіне не забясьпечвае надзейнага кантролю зброевага бізнэсу, а прыбыткі ад яго могуць быць выведзеныя з-пад кантролю ўраду арганізацыямі і асобамі, блізкімі да кіраўніцтва рэжыму. У той жа час гэтыя даходы ніколі не былі дастаткова вялікія або стабільныя для таго, каб забясьпечваць значны ўнёсак у функцыянаваньне нацыянальнай эканомікі. Але, хоць яны і ня могуць сур'ёзна дапамагчы краіне ў эканамічных адносінах, гэтыя грошы досыць важныя для забесьпячэньня ляяльнасьці шэрагу інсайдэраў рэжыму і атрыманьня некантраляваных фінансавых сродкаў. Менавіта ў гэтым рэчышчы – узьдзеяньня на эліту рэжыму – варта разглядаць і санкцыі, уведзеныя ў траўні ЗША ў дачыненьні да кампаніяў “Белтэхэкспарт” і БелОМА за іх меркаванае супрацоўніцтва ў абароннай сфэры з Іранам, Паўночнай Карэяй і Сырыяй.

Няма доказаў парушэньня Беларусьсю міжнародных абавязаньняў

Няма ніякіх фактаў, якія б сьведчылі аб парушэньні Беларусьсю якіх-небудзь міжнародных абавязаньняў або санкцыяў у дачыненьні да гандлю зброяй. У той жа час ёсьць ці мала спэкуляцыяў наконт гэтага.

У 2007 г. Беларусь вінавацілі ў пастаўках зброі калюмбійскім паўстанцам, газэта Jerusalem Post практычна штогод абвінавачвае Беларусь у продажы С-300 Ірану, але кожны раз гэтая навіна аказвалася “качкай”. Асабліва характэрна, што Беларусь не пастаўляла С-300, хоць у прынцыпе гэта не было б парушэньнем, паколькі гэтая сыстэма ўзбраеньня ня ўключаная ў ААНаўскі пералік відаў зброі, забароненых да пастаўкі ў названую краіну.
Няма ніякіх фактаў, якія б сьведчылі аб парушэньні Беларусьсю якіх-небудзь міжнародных абавязаньняў.

У лютым сёлета ААН выступіла з заяваю аб незаконных пастаўках беларускай зброі ў Кот-д’Івуар, хоць праз пару дзён пасьля таго адклікала сваё абвінавачаньне, зрэшты, даволі адметным спосабам. Пазьней зьявілася інфармацыя пра беларускую дапамогу рэжыму Кадафі. У пачатку жніўня Агенцтва фінансавай інфармацыі апублікавала шэраг сканаў нібыта афіцыйных дакумэнтаў, якія даказваюць пастаўку беларускай зброі пакістанскім тэрарыстычным групоўкам. Аднак шэраг супярэчнасьцяў і сумнеўных дэталяў прымушае ўсумніцца ў сутнасьці вінавачаньняў, нягледзячы на магчымую наяўнасьць сярод апублікаваных дакумэнтаў некаторых сапраўдных, але малаважных папер.

Такім чынам, доказаў для такога роду абвінавачаньняў прадстаўлена не было, і дагэтуль Беларусь была вельмі асьцярожная ў сваіх міжнародных вайсковых сувязях. У прыватнасьці, беларускія афіцыйныя асобы вельмі рэдка сустракаліся з іранскімі вайскоўцамі, відаць, беручы пад увагу чуйнасьць ЗША да такога роду кантактам.
XS
SM
MD
LG