Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абвяргае датычнасьць да паставак зброі пакістанскім тэрарыстам


Незалежныя інтэрнэт-рэсурсы апублікавалі копіі дакумэнтаў, зь якіх вынікае, што беларускія дзяржаўныя кампаніі праз Сырыю і Курдыстан, магчыма, прадавалі зброю дзьвюм тэрарыстычным групоўкам у Пакістане. Афіцыйны Менск выступіў з абвяржэньнем і пратэстам.

Копіі дакумэнтаў апублікаваныя са спасылкай на хакерскую групу "Anonymous", якая ўзламала сэрвэры італьянскай кібэрпаліцыі і атрымала доступ да перапіскі, датычнай паставак зброі, якую нібыта вялі кампанія "Белтэхэкспарт", "Франсабанк", Мінабароны Сырыі, МЗС Беларусі. Публікуецца таксама выснова індыйскай вайсковай выведкі, што ёй удалося выявіць дзьве пакістанскія тэрарыстычныя групоўкі, якім Беларусь нібыта прадае зброю, выкарыстоўваючы адмысловыя схемы. Паведамляецца, што падрабязнасьці гэтай справы ведае міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў — адрасат некаторых з апублікаваных лістоў.

Беларускі МЗС першым выступіў з абвяржэньнем гэтай інфармацыі. Прэсавы сакратар ведамства Андрэй Савіных назваў апублікаваныя копіі дакумэнтаў фальсыфікацыяй і ня першай правакацыяй, скіраванай супраць Беларусі.

"Рэспубліка Беларусь выконвае ўсе абавязаньні ў поўнай адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам. Калі б існавала найменшая падстава, то нам ужо даўно былі б прад'яўленыя прэтэнзіі на афіцыйным узроўні. Гэта не адбываецца, таму што Беларусь строга кіруецца ўсімі нормамі міжнароднага права", — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

У беларускім "Франсабанку" таксама абверглі згаданыя публікацыі:

"МЗС Беларусі ўжо пракамэнтаваў распаўсюджаныя ў інтэрнэце публікацыі, а мы, у сваю чаргу, далучаемся да іх заявы. Хочам падкрэсьліць, што ліст спадара Адэля Касара быў падроблены і зьяўляецца абсалютнай дэзынфармацыяй. "Франсабанк" вядомы сваёй законапаслухмянасьцю і датрыманьнем асноўных банкаўскіх традыцыяў".

У кампаніі "Белтэхэкспарт" адмовіліся камэнтаваць скандальныя публікацыі.

Менскі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін не знайшоў у апублікаваных дакумэнтах рэальных пацьвярджэньняў нелегальных паставак зброі зь беларускага боку:

"У ніводным з дакумэнтаў увогуле не гаворыцца ні аб прадмеце зьдзелкі, ні аб тым, што яна была, ні аб пастаўках чаго, ні аб пастаўках куды, — такім чынам, доказная база зусім ніякая".

З другога боку, на думку спадара Алесіна, Беларусі няма ніякага рэзону гандляваць з тэрарыстычнымі групоўкамі ў Пакістане, бо гэта паставіла б пад пагрозу сапраўдныя беларускія кантракты на мільярды даляраў на легальным рынку зброі, у тым ліку з урадам Пакістану:

"Беларусь мае афіцыйныя кантакты з Пакістанам, у тым ліку ў галіне ўзбраеньняў. Пакістан — блізкі саюзьнік Кітаю, які пастаўляе Ісламабаду ўзбраеньні, у тым ліку і зь беларускімі кампанэнтамі. Неаднаразова фіксаваліся супрацьракетныя сыстэмы Пакістану, якія базуюцца на машынах Менскага заводу колавых цягачоў. Беларусь наўрад ці будзе рызыкаваць такімі кантактамі дзеля невядома чаго".

Спадар Алесін назваў апошнія публікацыі часткай інфармацыйнай вайны, якую ініцыююць сілы, якім нявыгаднае вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Ўсходу, — напрыклад, Ізраіль. З другога боку, у канцы 90-х гадоў у Беларусі склалася рэпутацыя краіны, якая без асаблівага разбору распрадавала старую савецкую зброю. Цяпер сытуацыя зьмянілася, але гэта па-ранейшаму выкарыстоўваюць тыя, хто ажыцьцяўляе такія інфармацыйныя ўцечкі.

Былы супрацоўнік спэцслужбаў Валер Костка асноўнай праблемай беларускага гандлю зброяй лічыць ягоную непразрыстасьць, адсутнасьць кантролю грамадзтва. Ён згадвае, што раней нават міністар фінансаў казаў, што ня ведае, куды ідуць грошы ад продажу зброі:

"Гэта тэма закрытая, і, прынамсі пры гэтым рэжыме яна ніколі ня будзе празрыстай. І я думаю, што ня толькі нашая зброя можа праварочвацца праз нашыя зьдзелкі. Пра гэта ведаюць толькі адзінкі, і тое, што праточваецца ў прэсу, — гэта проста праколы ў гэтай таемнай інфармацыі".

Зброя патрэбная перш за ўсё забойцам, да якіх адносяцца і тэрарысты, таму нельга выключаць, што беларускія пастаўкі могуць трапляць і ў іхнія рукі. Каб давесьці адваротнае — патрэбны парлямэнцкі і грамадзкі кантроль за гэтай сфэрай, якога ў Беларусі няма, — перакананы Валер Костка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG