Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выратуе АДКБ Аляксандра Лукашэнку ад рэвалюцый?


Расея плянуе рэфармаваць Мытны саюз і АДКБ. Ці на карысьць Беларусі больш цесная эканамічная інтэграцыя з Расеяй? Чаму Аляксандар Лукашэнка імкнецца пашырыць функцыі АДКБ? Да чаго можа прывесьці адмова ад прынцыпу кансэнсусу ў АДКБ?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.
Кірыл Коктыш
Андрэй Фёдараў
Валер Карбалевіч

Ці на карысьць Беларусі цесная эканамічная інтэграцыя з Расеяй?


Валер Карбалевіч: «Ужо больш за год функцыянуе Мытны саюз. Для Беларусі больш плюсаў ці мінусаў ад далучэньня да гэтага саюзу? З аднаго боку, нафта і газ паступае ў Беларусь бяз мыта. А зь іншага боку, уступленьне ў Мытны саюз прывяло да шэрагу праблем. Вось высокае мыта на іншамаркі прывяло да ажыятажнага попыту на аўтамабілі ў першай палове году і спрычынілася да валютнага крызісу. Дэфіцыт мяса таксама выкліканы зьнікненьнем мяжы з Расеяй. Цяпер РФ прапануе рэформы, ініцыюе стварэньне наднацыянальных органаў Мытнага саюзу. З наступнага году пачынае дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора. Ці на карысьць Беларусі больш цесная эканамічная інтэграцыя з Расеяй?».

Андрэй Фёдараў: «У сучасным эканамічным стане сяброўства ў Мытным саюзе можа быць выгадна Беларусі. Пакуль Беларусь не мадэрнізуе сваю эканоміку, то асноўны рынак збыту яе прамысловасьці знаходзіцца ў Расеі. На Захад яна прадае ў асноўным сыравіну, нафтапрадукты.
Беларуская эканоміка няшмат можа прапанаваць.

Але ёсьць і падводныя камяні. Гэта праблемы і з іншамаркамі, і зь мясам. Нафта ідзе бяз мыта, але расейскія кампаніі ўвялі нейкую прэмію. Праз 3–4 гады Расея павінна ўзьняць унутраныя цэны на энэрганосьбіты, і перавагі для Беларусі ад сяброўства ў Мытным саюзе зьнікнуць. І калі разважаць абстрактна, то вышэйшая якасьць, тэхналёгіі існуюць на Захадзе».

Кірыл Коктыш: «Любая інтэграцыя на карысьць, калі ёсьць што прапанаваць. Бо расейскі рынак вялікі. Але праблема ў тым, што беларуская эканоміка няшмат можа прапанаваць, бо канкурэнцыя на расейскім рынку ўзмацняецца».

Чаму Лукашэнка імкнецца пашырыць функцыі АДКБ?


Карбалевіч: «Лукашэнка неаднаразова выступаў за пашырэньне функцыяў АДКБ. Каб яна бараніла ня толькі ад вонкавых пагроз, але і ад унутраных крызісаў, рэвалюцый. Летась ён папракаў, чаму АДКБ не ўмяшалася ўва ўнутраныя справы Кіргізстану, калі рэжым Бакіева быў зрынуты шляхам перавароту. На сустрэчы Лукашэнкі з генэральным сакратаром АДКБ Бардзюжам кіраўнік Беларусі патрабаваў, каб гэтая арганізацыя абараняла сваіх сябраў ад рэвалюцый і дзяржаўных пераваротаў. Як гэта можна пракамэнтаваць?».
Лукашэнка ня ўпэўнены ў ляяльнасьці ня толькі сваіх грамадзян, але і сілавых структураў.

Фёдараў: «Калі ведаць тую колькасьць сілавых структураў, якая існуе ў Беларусі, гэта выглядае дзіўна. Гэта азначае, што Лукашэнка ня ўпэўнены ў ляяльнасьці ня толькі сваіх грамадзян, але і сілавых структураў. Рэальнае ажыцьцяўленьне сцэнару абароны АДКБ ад рэвалюцый падаецца малаверагодным. Сумнеўна, што і Расея пойдзе на гэты крок».

Коктыш: «Гэтая ідэя нерэалістычная. Бо на яе не пагодзіцца Расея. Бо яна ў такім выпадку атрымала б усе мінусы, бяз плюсаў. Але галоўнае, гэта маркер няўпэўненасьці таго палітыка, які робіць такія прапановы».

Прынцып кансэнсусу ў АДКБ


Карбалевіч: «Расея прапануе адмяніць прынцып кансэнсусу ў АДКБ. Адразу прыходзяць на розум аналёгіі з часамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы, калі СССР умешваўся ўва ўнутраныя справы сацыялістычных краін. Ці не скарыстае гэта Расея, каб умешвацца ўва ўнутраныя справы суседзяў?».

Фёдараў: «Гэта пакуль толькі праект. У ім ёсьць прапановы частку рашэньняў прымаць большасьцю, а іншыя — не. Асноўная пагроза, зразумела, паходзіць ад Расеі. Думаю, тут гаворка ідзе больш пра маральны аспэкт, а не пра рэальныя дзеяньні».

Коктыш: «Хачу нагадаць, што іншыя міжнародныя арганізацыі разглядаюць пытаньне аб адмове ад прынцыпу кансэнсусу ў прыняцьці рашэньняў: ЭЗ, НАТО і іншыя. І ў АДКБ функцыянальнасьць павысіцца, калі адбудуцца такая рэформы. Хачу нагадаць, што Рэч Паспалітую загубіў прынцып «liberum veto».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG