Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Якія басэйны? У нашай школе нават прыбіральня — у двары"


У Беларусі 3375 агульнаадукацыйных школ. Адну зь іх, што ў Астрашыцкім Гарадку ля Менску, Аляксандар Лукашэнка напярэдадні назваў «адным з тыповых узораў школы». «Добра, што выбралі аптымальны варыянт. Так трэба мадэрнізаваць і іншыя школы», — заявіў Лукашэнка, накіроўваючы сюды на вучобу свайго малодшага сына Колю.

Журналісты «Свабоды» параўноўвалі «школу для Колі» са школамі для дзясяткаў тысяч іншых беларускіх дзяцей. Вынікі досьледу — у рэгіянальным аглядзе.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«У параўнаньні з Астрашыцкай нават нашы гарадзкія школы побач не стаялі»

На Гомельшчыне далёка ня ўсім навучэнцам ня толькі вясковых школаў, але й гарадзкіх шанцуе вучыцца ў сучасных будынках — такіх, як у Астрашыцкім Гарадку.

Да прыкладу, у Калінкавічах у сярэдняй школе № 1, што побач з райвыканкамам, ужо шосты год ня могуць дабудаваць спартовую залю. Апавядае грамадзкі актывіст, настаўнік па адукацыі Дзяніс Рабянок:

Шосты год дабудоўваюць спартовую залю...
«У параўнаньні з Астрашыцкай нават нашы гарадзкія школы побач не стаялі. У нас у школе № 1, якая знаходзіцца ў цэнтры гораду, ня могуць шосты год пабудаваць спартовую залю, бо грошай няма. У 2006 годзе пачалі будаваць залю і ня могуць скончыць да гэтага часу. А паводле пашпарту павінны былі здаць яшчэ ў 2007 годзе».

З прычыны аварыйнасьці два гады таму была зачынена школа № 4. Дзеці вымушаны былі езьдзіць праз увесь горад у школу № 7 і толькі цяпер вярнуліся ў чацьвёртую.

Спадар Рабянок мае ўласны досьвед працы ў вясковых дзяржаўных установах адукацыі:

«Сельскія школы таксама вельмі розныя. Але такіх выгод, як у
Зімой у Агародніцкай школе дзецям трэба ў 20-градусны мароз хадзіць на вуліцу ў прыбіральню ...

Астрашыцкай школе, дзе вучыцца Коля Лукашэнка, там таксама няма. Я ў свой час, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, працаваў у Агародніцкай базавай школе. Там нават няма прыбіральні ўладкаванай. Трэба ў 20-градусны мароз дзецям хадзіць на вуліцу ў прыбіральню».

Паўтара года таму, у сьнежні 2009 году, здарыўся пажар у драўлянай Бабуніцкай школе Петрыкаўскага раёну. Сярэднюю агульнаадукацыйную школку ацяплялі дзедаўскім спосабам — палілі дровы ў грубках. У спартовай залі грубку неабачліва перагрэлі — усчаўся пажар. Пасьля пажару больш за сотню дзяцей мусілі разьмяркоўваць каго куды і хутчэй дабудоўваць двухпавярховы будынак новай школы.

Капараўская СШ месьціцца на тэрыторыі, дзе ў 1970-я пачалі прамысловую здабычу нафты.

Не адзначаюцца выгодамі й некаторыя вясковыя школы Рэчыцкага раёну. Капараўская сярэдняя школа месьціцца на тэрыторыі, дзе ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя пачалі прамысловую здабычу беларускай нафты. Але тыповай школкі тут так і не пабудавалі.

Аднапавярховы будынак прыстасоўвалі да сучасных умоваў намаганьнямі пэдкалектыву. Ніякіх басэйнаў і блізка няма. Спартовая заля — у прыстасаваным пад заняткі памяшканьні. Прыбіральня — у двары.

«Спартзаля ёсьць, басэйна — няма, прыбіральня — на вуліцы...»

Гаворыць мясцовая школьніца: «Яна ў нас аднапавярховая, з цэглы, усяго адзін паверх. Спартзаля ёсьць, басэйна — няма. Прыбіральня — на вуліцы. Нічога такога няма. Проста ўрокі — і ўсё».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Узімку звыклая „рабочая“ тэмпэратура — 13–15 градусаў. У рукавіцах яшчэ ня пішам, але ногі дужа мерзнуць...»

Настаўнік Георгі Станкевіч выкладае нямецкую мову ў Пяцігарскай сярэдняй школе. Гэта самая звычайная вясковая школа, а выглядае яна так:

«Во я стаю каля спартовай залі. Палова вокнаў зацягнуты цыратай, бо
Узімку звыклая, „рабочая“ тэмпэратура — 13–15 градусаў....

шкло ўставіць няма магчымасьцяў... Наша школа нядаўна адсьвяткавала 50-гадовы юбілей, і аконныя блёкі ніхто з той пары і не мяняў. Таму яны прагнілі капітальна, шкло вывальваецца, мы і ватай шчыліны заторкваем, і штапікамі падбіваем... У нас узімку звыклая, „рабочая“ тэмпэратура — 13–15 градусаў. У рукавіцах яшчэ ня пішам, але ногі дужа мерзнуць!».

У Пяцігарскай сярэдняй школе навучаюцца дзеткі з суседняга аграгарадка Дразды, бо там толькі пачатковая школа, працягвае спадар Станкевіч:

«У аграгарадку яшчэ ёсьць чатырохклясная школа, і вось нашая. Каб там школы не было і дзеці хадзілі да нас, то ў нас было б і 40, і 50 вучняў. Ну вось спартовая заля, як у нас цяпер вучыцца 29 чалавек, дык вялікая лічыцца. А каб было 60–70, дык была б маленькая! Што яшчэ ёсьць у нашай школе? Бібліятэчка ёсьць невялікая. Прыбіральні — мужчынская на вуліцы, а жаночая тут, у памяшканьні...».

Вясковых школаў у Бешанковіцкім раёне, дзе ўмовы былі б прыкметна лепшыя, дык, напэўна, і няма, кажа Георгі Станкевіч.

Амаль не адрозьніваюцца ўмовы і на Глыбоччыне, да прыкладу, у Дзеркаўшчынскай сярэдняй школе. Гаворыць бацька траіх дзяцей Зьміцер Лупач:

«Школа, можа, гадоў 1960-х пабудовы, досыць старая школа. Аднапавярховы будынак такі, але вучняў трохі ёсьць — ёсьць клясы, дзе і па 18–20 вучняў. Так што для вясковай школы яна вялікая. Пару гадоў таму зрабілі там рамонт — памянялі падлогу. Але астатнія выгоды такія, што дзеці ўзімку на вуліцу ходзяць па патрэбе!».

Праблемы ўтрыманьня будынку адміністрацыя, у якой бракуе сродкаў, спрабуе вырашыць за кошт бацькоў. Але гэта не заўсёды ўдаецца, кажа спадар Лупач:

«Такое ў нас практыкуецца. Зьбіралі на мячыкі грошы там... Ну, і я якраз быў на апошнім бацькоўскім сходзе перад выпускным у дачкі, дык дырэктар казаў: „У нас традыцыя, што бацькі выпускнікоў рамантуюць клясу. Інакш атэстатаў не аддамо!“ Ну, у нас усе па беларускай завядзёнцы прамаўчалі, а як дырэктар за дзьверы — дык пачалі абурацца. Але ж грошы так ніхто і не зьбіраў».

Аднапавярховая школа ў Дзеркаўшчыне.
Туалет для школьнікаў — на дварэ

Леанід Гаравы, былы дырэктар базавай Вархоўскай школы, што ў Гарадоцкім раёне, меў магчымасьць параўнаць яе з паказанай па тэлевізіі школай у Астрашыцкім гарадку, куды пайшоў вучыцца Мікалай Лукашэнка:

«Тыповая вясковая школа — гэта звычайна аднапавярховы будынак, які зімой дужа цяжка ацяпліць. Але дровы на ўсю зіму нарыхтоўваць трэба. І яшчэ нашы дзеці тыдні тры працуюць у калгасе — я ня думаю, што Коля будзе капаць бульбу ці ўздымаць лён, бо дарослыя дзядзькі, сьпіўшыся, ня могуць арганізаваць уборку ўраджаю! А што басэйны ёсьць у „звычайных вясковых школах“ — гэта ўвогуле фантастычна, бо нават у нашым райцэнтры басэйн ня могуць пабудаваць ужо 30 гадоў!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Няма грошай? Папросім у бацькоў

Пра гаротнае матэрыяльнае становішча школ ад берасьцейцаў пачуць можна часта. Бацькі вучняў тлумачаць, што менавіта з-за сьціпласьці матэрыяльна-тэхнічнай базы ў школах бяруць зь іх грошы.

Спадарыня: «Патрабуюць здаваць грошы на ўтрыманьне школы. У нас жа ўсё бясплатна, кажуць. А як прыйдзецца, то на рамонт здаюць бацькі, за ўтрыманьне гімназіі здаюць бацькі, на інвэнтар здаюць бацькі... Нават мячы тыя таксама бацькі мусяць купляць».

Многія школы, нават у абласным цэнтры, выглядаюць занядбанымі.

Гэтак, фасад састарэлай сярэдняй школы № 3, што ў цэнтры Берасьця, пакрыты бруднымі падцёкамі.
Шматлікія турнікі, арэлі ды іншыя фізкультурныя прыстасаваньні ў дварах школаў усталяваныя яшчэ ў савецкія часы. Сёньня заняткі на іх могуць стаць небясьпечнымі.

Сяргей, нядаўні вучань сярэдняй школы № 18 Берасьця, кажа, што траўматызм — праблема і ягонай навучальнай установы:
«Спартовыя пляцоўкі проста непрыдатныя для нейкіх спаборніцтваў і нават траўманебясьпечныя. З-за гэтага тут дзеці каленкі, локці зьбівалі, нават пераломы былі...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG