Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч з-за кратаў даслаў прапановы апазыцыі і Эўразьвязу


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Былы палітвязень Саргей Скрабец атрымаў ліст ад зьняволеннага кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча. Ліст трапіў да Скрабца не па пошце, а праз трэція рукі. У ім Статкевіч перадае свае прапановы «для апазыцыі і для саюзьнікаў на Захадзе».

Прапанова для дэмакратычных сілаў: «Выканаць рашэньне ўдзельнікаў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19.12.2010 пра стварэньне народнага руху „За свабодныя выбары“ і абраньне Рады. Лічыць, што са складу Рады выйшлі Раманчук і Рымашэўскі ў сувязі зь іх асуджэньнем акцыі 19.12.2010 году па БТ або ў ходзе сьледзтва. Уключыць у склад Рады Паўла Севярынца і Анатоля Лябедзьку. Дазволіць сябрам Рады, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, накіраваць у яе склад сваіх прадстаўнікоў».

Прапановы Эўразьвязу: «Узмацьніць ціск на рэжым. Пачаць уводзіць санкцыі супраць прадпрыемстваў „нафтагазавага афшору“ (па прыкладзе амэрыканцаў). Уключыць у сьпіс неўязных некаторых начальнікаў калёній, дзе чыніцца незаконны ціск на палітвязьняў (напрыклад — у Горках і Шклове). Не разглядаць вызваленьне часткі палітвязьняў, якія напісалі пад ціскам заяву „пра памілаваньне“, як падставу для паслабленьня ціску...

Перамовы з рэжымам — толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Тэма такіх перамоваў — умовы прыпыненьня санкцый узамен на дэмакратызацыю заканадаўства і доступ апазыцыі да тэлебачаньня.

Крэдыты — толькі пры наяўнасьці дэмакратычна абранага парлямэнту, яукі кантралюе іх расходаваньне».
У мяне ўсё нармалёва, але спрабуюць „падламаць“ маральна і фізычна.

«У мяне ўсё нармалёва, але спрабуюць „падламаць“ маральна і фізычна, — піша Статкевіч. — Працую на пілараме, цягаю бярвёны да пілы. Званкі і лісты адпраўляць забаронена. Прычым забарона не афіцыйна, а практычна. Напісаў ліст, начальнік аператыўнага аддзела зьбірае „актыў“, цытуе і камэнтуе гэты ліст перад імі, складае пратакол аб канфіскацыі ліста (даволі нявіннага зьместу) і абвяшчае пакараньне ўсяму атраду — сьпілаваць турнік і брусы ў лякальнай зоне. Пісаць таму не магу».

«Цяпер пачалася новая хваля ціску на „дзекабрыстаў“ — спрабуюць прымусіць напісаць заявы пра памілаваньне і выступіць перад тэлекамэрай. Больш за ўсё дастаецца Гнедчыку... — ён ужо пабываў у ШЫЗА. Я хлопцам сказаў: „Можаце пісаць. Вам можна. Гэта мне нельга“. Але яны ня хочуць прызнаваць віну», — піша Статкевіч.

«Дзякуй за лісты — яны даходзяць. Атрымаў каля 100 віншавальных тэлеграм і яшчэ некалькі сотняў не аддалі, бо бяз подпісаў. Перадавай усім — мяне не зламаюць», — цытуе ліст былога кандыдыта на прэзыдэнта Міколы Статкевіча «Народная воля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG