Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Нямцоў: Найгоршая сытуацыя ў славянскіх краінах – у Беларусі


У 20-ю гадавіну правалу путчу, які паскорыў развал СССР, Радыё Свабода запыталася расейскага палітыка Барыса Нямцова, падзеі ў якой з 15 краінаў былога СССР цягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў яго зьдзівілі найбольш.

Нямцоў: Самае вялікае зьдзіўленьне – Эстонія. Эстонія зьяўляецца часткай Эўрапейскага Зьвязу і першай былой савецкай рэспублікай з эўравалютай і велізарным рэйтынгам Standard & Poor's. Віншую. І краіны Балтыі выглядаюць вельмі добра з пункту погляду дэмакратыі і ў якасьці сяброў Эўразьвязу і НАТО. Але я лічу гэта выключэньнем, астатнія сутыкнуліся з мноствам цяжкасьцяў.

Украіна была сымбалем і ўзорам дэмакратыі, але цяпер, пасьля арышту Цімашэнкі, я лічу, што мы павінны чакаць пуцінізацыі альбо лукашэнізацыі Ўкраіны. Бо ўсе разумеюць, што гэта палітычна матываваныя арышты, што гэта не барацьба з карупцыяй, а спроба барацьбы з апазыцыяй. І, на жаль, вопыт Пуціна вельмі прывабны для ўраду Януковіча, менавіта таму я лічу, што дэмакратыя ва Ўкраіне знаходзіцца ў вялізнай бядзе.

Што да Беларусі, то тут усё вельмі проста. Гэта прыклад дыктатуры. Гэта прыклад велізарных рэпрэсіяў супраць палітычнай апазыцыі. І, на жаль, нават пасьля санкцыяў Эўропы і ЗША, Лукашэнка кантралюе сытуацыю. І ўрад Пуціна – так, яны ненавідзяць адзін аднаго – але ўрад Пуціна, што тычыцца эканомікі, рашуча падтрымлівае вельмі неэфэктыўную Лукашэнкаўскую мадэль плянавай карумпаванай эканомікі. Вось чаму найгоршая сытуацыя ў славянскіх краінах, натуральна, у Беларусі.

Барыс Нямцоў адыгрываў шмат роляў у постсавецкай Расеі. Ён быў дэпутатам-рэфармістам расейскага парлямэнту ў 1991, служыў губэрнатарам Ніжэгародзкай вобласьці і першым намесьнікам прэм'ер-міністра ў канцы 1990. Да нядаўняга часу ён быў адной з самых прыкметных постацяў расейскай апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG